Партыя БНФ » Сябра выбарчай камісіі ад БНФ выкрыў маніпуляцыі з бюлетэнямі для галасавання
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра выбарчай камісіі ад БНФ выкрыў маніпуляцыі з бюлетэнямі для галасавання

Дададзена 09.10.2015 4:15:25 | 820 праглядаў

Сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі ад Партыі БНФ Дзмітрый Каспяровіч выкрыў маніпуляцыі з бюлетэнямі выбаршчыкаў, паведамляе кампанія назірання “Права выбару”.

каспяровіч 13.10.2015Каспяровіч вырашыў абысці ўчастковыя камісіі і зверыць колькасць выдадзеных бюлетэняў і рэальную колькасць подпісаў выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні і ўласнаручна распісаліся за іх у журнале.

Па стане на раніцу 8 кастрычніка на выбарчым участку № 25 Савецкага раёна Мінска было выдадзена 146 бюлетэняў, аднак распісаліся за бюлетэні ўсяго 109 чалавек. На выбарчым участку № 26 гэтага ж раёна Мінска быў выдадзены 351 бюлетэнь, аднак распісаліся за іх 162 выбаршчыкі.

Раніцай 9 кастрычніка на выбарчым участку № 49 Савецкага раёна Мінска за тры дні датэрміновага галасавання было выдадзена 308 бюлетэняў, аднак на раніцу ў журнале выдачы бюлетэняў было ўсяго 170 подпісаў выбаршчыкаў.

“Кожная ўчастковая камісія замацаваная за нейкім працоўным калектывам. Вось у нас у камісіі завуч — кіраўнік камісіі, усе настаўнікі маёй школы, у якую я хадзіў, якіх я ведаю, якія мяне вучылі, — яны ўсе члены гэтай камісіі. Нічога новага. Наадварот, тая схема, якая створаная яшчэ з 2006 года, яна адточваецца. Тыя ж самыя кіраўнікі камісій, тыя ж самыя члены камісій. Нічога не мяняецца, пішацца выніковы пратакол незалежна ад таго, што знайшлі ў скрынях для галасавання. Ніхто гэтыя галасы не лічыў тады. Паглядзім, як будзе цяпер. Але ўлічваючы тую накрутку з яўкай, якая ёсць на сёння, абсалютна не ясна, што яны там будуць лічыць. Я думаю, будзе як у папярэднія гады. Напішуць пратаколы і будуць галасаваць гэтымі пратаколамі” – паведаміў Дзмітрый Каспяровіч інфармацыйнай агенцыі БелаПАН.

Як лічыць адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі, выяўленыя парушэнні сведчаць аб тым, што членамі ўчастковых выбарчых камісій штучна завышаецца яўка выбаршчыкаў і адбываецца ўкідванне бюлетэняў. Паводле яго слоў, улада не ўключае ў склад камісій рознага ўзроўню прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, каб было цяжэй выкрыць падобныя факты маніпуляцыі з бюлетэнямі для галасавання.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару — 2015″ уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кампанія “Гавары праўду”, рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.