Партыя бнф
Пра партыю

Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» (Партыя БНФ) быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі. БНФ узьнік на хвалі нацыянальнага ўздыму, беспасярэднім штуршком да якой стала адкрыцьцё двума археолягамі, Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым, масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага рэжыму ў Курапатах пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» друкуецца сэнсацыйны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва аб масавых расстрэлах у Курапатах. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расьсьледаваньні масавых пахаваньняў. 19.10.1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінематаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва», і на гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», канцэптаванага як грамадзка-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаваньне грамадзтва і адраджэньне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадзкія аб’яднаньні. Аргкамітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсьліў скіраванасьць руху (дэмакратычныя рэформы, рэальны сувэрэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, правы чалавека). Устаноўчы зьезд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25.6.1989 у Вільні, бо правесьці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм ВС БССР.

На пачатку БНФ уяўляў сабой аб’яднаньне нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзянаў, якія выступалі найперш за адраджэньне беларускай мовы і культуры. Пытаньне выхаду Беларусі са складу СССР тады яшчэ ўголас не ўздымалася: зьезд ухваліў статут руху, у якім сьцьвярджалася, што дзейнасьць БНФ будзе адбывацца ў рамках Канстытуцыі БССР. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк.

БНФ як першая шырокая дэмакратычная арганізацыя адразу ж стаецца галоўным выказьнікам і арганізатарам дэмакратычных настрояў грамадзтва. Яшчэ аргкамітэтам БНФ 19.02.1989 быў арганізаваны першы апазыцыйны мітынг у Беларусі, дазволены ўладамі. Мітынг, які праходзіў пад гістарычнымі нацыянальнымі сьцягамі, сабраў каля 40 000 чалавек; прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіруючую ролю камуністычнай партыі. У тым жа годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР. У 1990 годзе БНФ бярэ ўдзел у выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады БССР. 25.02.1990 на арганізаваны БНФ мітынг пратэсту супраць недэмакратычнага правядзеньня выбараў прыйшло каля 100 000 чалавек. Пасьля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ – 37 чалавек з 345 дэпутатаў. Гэтыя суадносіны наўрад ці адлюстроўваюць рэальную папулярнасьць БНФ на той час з прычыны шматлікіх фальсыфікацыяў падчас выбараў.

Фракцыя БНФ у парлямэнце, дзе пераважная бальшыня дэпутатаў была камуністамі, утварыла ядро дэмакратычнай апазыцыі. Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парлямэнце, пасьля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве дэпутатам ад БНФ нават удалося дабіцца часовага прыпыненьня дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі. Адзначаючы посьпехі БНФ пачатку 1990-х, трэба сказаць, што яны сталі магчымымі ў першую чаргу дзякуючы разьвіцьцю падзеяў у іншых краінах былога СССР. Шлях Беларусі да незалежнасьці паўтараў шлях да незалежнасьці Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны – са спазьненьнем і зь меншай інтэнсіўнасьцю падзеяў.

На пачатку існаваньня БНФ былі розныя думкі што да таго, ці ёсьць БНФ палітычнай партыяй. Дэ-юрэ, БНФ партыяй ня быў. Аб гэтым казалі ягоныя кіраўнікі, нельга было назваць БНФ партыяй і паводле структуры, бо ягоны статут прадугледжваў калектыўнае сяброўства. Паводле статуту, БНФ зьяўляўся «грамадзка-палітычным рухам». Дэ-факта, БНФ ставіў палітычныя мэты і дзеля іх зьдзяйсьненьня браў удзел у выбарах – у мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, у Вярхоўны Савет Беларусі 12 скліканьня, таму былі падставы ўважаць БНФ за палітычную партыю. Супярэчлівасьць афіцыйнага статусу і фактычнай дзейнасьці БНФ была зьнятая ў 1993 годзе праз заснаваньне Партыі БНФ, якая мусіла актыўна дзейнічаць падчас выбарчых кампаніяў. Такім чынам, ад 1993 году палітычныя функцыі БНФ узяла на сябе Партыя БНФ, а культурніцкія функцыі засталіся за БНФ «Адраджэньне» як шырокім грамадзкім фронтам. Адылі рэальнага арганізацыйнага адмежаваньня партыі ад фронту ў 1993 годзе ўсё ж не адбылося.

У 1992 годзе БНФ зазнае першую паразу. БНФ ініцыяваў збор подпісаў за датэрміновыя выбары новага Вярхоўнага Савету, але нягледзячы на тое, што было сабрана больш за 450 000 подпісаў грамадзянаў, Вярхоўны Савет адмаўляецца прыняць адпаведную пастанову. Прыкладна ад гэтага часу ўплыў БНФ пачынае аслабляцца. Пасьля рэваншу намэнклятуры на чале з В. Кебічам – адстаўкі С. Шушкевіча з пасады старшыні парлямэнту – улады пачынаюць у падкантрольных ім сродках масавай інфармацыі маштабную кампанію па дыскрэдытацыі ня толькі БНФ і ягоных лідэраў, але і саміх мэтаў і гістарычных ідэалаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. З абраньнем А. Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта гэтая кампанія ўзмацняецца яшчэ больш. У 1995 годзе ў Вярхоўны Савет Беларусі 13 скліканьня ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ. Як і ў часе папярэдніх выбараў, і нават у большай ступені, кандыдаты ад БНФ сутыкаліся зь вялікімі перашкодамі з боку ўладаў; але гэтым разам няўдалыя для БНФ вынікі выбараў тлумачацца яшчэ і ўзмацненьнем настальгічных прасавецкіх настрояў у грамадзтве ў зьвязку з пагаршэньнем эканамічнага становішча. БНФ прапанаваў лібэральную эканамічную праграму, пэрспэктыўны балта-чарнаморскі вэктар вонкавай эканамічнай палітыкі – але ня здолеў прапанаваць нічога прывабнага для масавай сьвядомасьці постсавецкага беларускага грамадзтва, якому быў уласьцівы катастрафічна нізкі ўзровень гуманітарнай адукацыі і нацыянальнай самасьвядомасьці. (У цэлым па краіне БНФ атрымаў каля 10% галасоў выбарцаў, адылі стойкія прыхільнікі БНФ становяць у краіне так званую структурную меншыню, якая пры мажарытарнай выбарчай сыстэме ня мае шанцаў на рэпрэзэнтацыю сваіх інтарэсаў у прадстаўнічых органах улады.) Ад 1995 году БНФ перастае быць адзінаасобным лідэрам дэмакратычных сілаў Беларусі – у парлямэнце гэтыя сілы прадстаўленыя фракцыяй «Грамадзянскае дзеяньне», аснову якой складаюць чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

З прычыны нездавальняючых для БНФ вынікаў парлямэнцкіх выбараў 10 чэрвеня 1995 году на сойме БНФ падалі ў адстаўку В. Вячорка – старшыня палітычнай камісіі БНФ, У. Анцулевіч – старшыня выбарчай камісіі БНФ, і Л. Баршчэўскі – сябра палітычнай камісіі БНФ. На тым жа сойме Ю. Хадыка, намесьнік старшыні БНФ, прапанаваў разьдзяліць партыю і рух. На думку Хадыкі, партыя мусіла мець большую свабоду дзеяньняў, актыўна супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі партыямі. Ён прыпускаў, што партыя і рух могуць мець кожны свайго лідэра і што партыя нават можа зьмяніць імя. В. Вячорка яго падтрымаў, выказаўшы меркаваньне аб тым, што БНФ мусіць заставацца носьбітам нацыянальнай ідэі як грамадзкі рух, а партыя павінна стаць выяўна палітычнай сілай з кансэрватыўнай ідэалёгіяй. Гэтыя прапановы не былі падтрыманыя лідэрам фронту З. Пазьняком і не былі прынятыя. Рознасьць паглядаў у кіраўніцтве БНФ, якая яскрава выявілася на тым сойме, урэшце прывяла да расколу фронту.

У 1996 годзе роля БНФ у палітычным жыцьці краіны зноў павялічваецца. Рэжым Лукашэнкі ўстанаўлівае жорсткі кантроль над электроннымі СМІ і дзяржаўнай прэсай, дэмакратычныя сілы вымушаны зьвяртацца да грамадзкасьці праз улёткі, праз масавыя вулічныя акцыі пратэсту. БНФ – адзіная палітычная партыя, якая мае досьвед арганізацыі такіх акцыяў, досьвед супраціву таталітарнаму рэжыму. У гэтым жа годзе рэзка ўзрастае значнасьць і вядомасьць моладзевай фракцыі БНФ – «Маладога фронту», чальцы якога найбольш актыўна ўдзельнічаюць у вулічных акцыях.

У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, бо, на ягоную думку, існавала рэальная пагроза ягонаму жыцьцю, якая зыходзіла з боку ўладаў. Пры гэтым намінальна ён заставаўся кіраўніком БНФ, а на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ў Беларусі быў прызначаны Лявон Баршчэўскі. У наступныя некалькі гадоў рознасьць паглядаў кіраўнікоў БНФ перарастае ў сапраўдны канфлікт паміж «палітыкамі сумленьня», якія ўважаюць дапасаваньне рыторыкі БНФ да рэальных умоваў за здраду сваіх перакананьняў, і «палітыкамі адказнасьці», якія гатовыя да пэўных кампрамісаў зь іншымі апазыцыйнымі сіламі і з самімі сабой дзеля дасягненьня першачарговай мэты: усталяваньня дэмакратычнага ладу ў краіне. Гэты канфлікт сягае свайго апагею падчас і пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Кандыдатамі ў прэзыдэнты на гэтых выбарах былі З. Пазьняк і М. Чыгір, а разгалінаваная рэгіянальная структура БНФ выкарыстоўвалася для стварэньня выбарчых камісіяў на месцах. Арганізаваць паўнавартыя дэмакратычныя выбары ўва ўмовах дыктатуры было немагчыма. Фактычна, гэта была своеасаблівая мабілізацыйная акцыя, акцыя грамадзкага непадпарадкаваньня, якая мусіла паказаць, што вялікая колькасьць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу Лукашэнкі. Выбары конча губляюць сэнс пасьля таго, як З. Пазьняк здымае сваю кандыдатуру на падставе «шматлікіх парушэньняў» з боку кіраўніка Цэнтральнай Выбарчай камісіі Віктара Ганчара у цягу падрыхтоўкі і ходзе выбараў. Частка лідэраў БНФ рэзка крытыкуе гэтае рашэньне, іншая частка падтрымлівае яго і заклікае сяброў выбарчых камісіяў зь ліку БНФ выходзіць зь іх складу і сабатаваць іх працу. БНФ апынаецца на мяжы расколу.

31.7.1999-1.8. 1999 адбыўся VI зьезд БНФ «Адраджэньне», пасьля якога Сойм БНФ і Сойм партыі БНФ прынялі рэзалюцыю аб недапушчальнасьці расколу і прызначылі на 30-31 кастрычніка 2 сэсію зьезду (зьезд партыі тады так і не пачаўся). У сьнежні 1999 г. 4-ты зьезд Партыі БНФ выбірае старшынём Вінцука Вячорку. Частка дэлегатаў на чале зь Зянонам Пазьняком утвараюць сваю Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю – БНФ.

У 2001 годзе структуры Партыі БНФ працуюць на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша, пасьля – адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка.

У 2005 годзе Партыя БНФ прапануе на лідэра Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, які ў выніку абіраецца 2 кастрычніка Кангрэсам дэмакратычных сілаў як адзіны кандыдат на прэзыдэнцкія выбары. Сябры Партыі БНФ працуюць у выбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча.

Партыя БНФ актыўна прымала ўдзел у сакавіцкіх падзеях 2006 г, арганізоўвала Чарнобыльскі шлях 2006, акцыю 1 траўня.

У 2007 годзе старшынём Партыі БНФ быў абраны вэтэран руху Адраджэньня, адзін з заснавальнікаў БНФ “Адраджэньне” Лявон Баршчэўскі.

5 верасьня 2009 году на чарговым Зьездзе Партыі БНФ старшынём быў абраны 33-гадовы Аляксей Янукевіч, а яго намесьнікамі – Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў.

Пры Партыі БНФ дзейнічае моладзевая арганізацыя – Моладзь БНФ.

НА ЎПРАВЕ ПАРТЫІ БНФ
Сойм Партыі БНФ Пасяджэньне Сойму БНФ адбудзецца 16 верасня ў 11:00 (вул. Чарнышэўскага, 3).
Партыя ў сацыяльных сетках
Перайсьці да поўнай вэрсіі сайту