Вынікі травеньскага Сойму БНФ15 траўня 2021 году адбыўся Сойм Партыі БНФ і Сойм Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Кіруючым органам партыі і руху была абмеркаваная бягучая грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне, праца БНФ ва ўмовах узяцьця старшыні партыі і руху Рыгора Кастусёва пад варту, а таксама пытаньні партыйнай стратэгіі і тактыкі ў сьвятле будучых выбарчых кампаній.
З дакладам аб палітычнай сытуацыі на Сойме выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які назваў яе надзвычай складанай, магчыма, найбольш складанай за ўвесь час існаваньня Беларускага Народнага Фронту: за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца старшыня БНФ ды іншыя сябры партыі, таксама як сотні іншых грамадзкіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, удзельнікаў акцыяў пратэсту. Асаблівую увагу дакладчык зьвярнуў на пакет рэпрэсіўных законаў, якія былі прынятыя ў красавіку і траўні і якія могуць стаць новымі падставамі для рэпрэсіяў і выцісканьня палітычнай апазыцыі ў неправавое поле. Аляксей Янукевіч распавёў пра суды, у тым ліку закрытыя, якія адбываюцца па справах супраць актывістаў БНФ ды іншых грамадзкіх дзеячоў, выказаўшы абурэньне вялізарнымі тэрмінамі зьняволеньня, якія прызначаюцца судамі. Намесьнік старшыні спыніўся на становічшы ў інфармацыйным полі, дзе з боку дзяржаўных СМІ распальваецца нянавісьць да апазыцыі і нацыянальнай сымболікі, яе дыскрэдытацыя, варажнеча, а часам і падбухторваньне да гвалту: “У інфармацыйным полі пануе цемрашальства і самая антыбеларуская, антынацыянальная, прарасейская прапаганда” – сказаў Аляксей Янукевіч. Палітык выказаў занепакоенасьць ад’ездам з краіны не толькі грамадзка-палітычных актывістаў, якія адчуваюць небясьпеку за сваё жыцьцё і свабоду, але і эміграцыяй значнай часткі беларускай сярэдняй клясы, якая не бачыць перспектыў у краіне, дзе пануе рэпрэсіўная дыктатура: “На нашых вачах краіна губляе будучыню праз эміграцыю найбольш актыўнай і стваральнай часткі насельніцтва” – падкрэсліў дакладчык. Датычна міжнароднай палітыкі Аляксей Янукевіч адзначыў, што ўвага краін Эўропы і ЗША да Беларусі захавалася, але набор інструмэнтаў для ўплыву на сытуацыю ў іх абмежаваны, ці маецца ў іх нейкая ўцямная стратэгія – невядома. Дзейнасьць закардоннай часткі беларускай апазыцыі спрыяе падтрыманьню ўвагі да Беларусі (што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве нядрэнна), але пры гэтым яна таксама не мае апроч гэтай увагі нейкіх стваральных мэханізмаў уплыву, каб сытуацыя ў краіне зьмянілася да лепшага. Датычна перспектыў палітычнай рэформы Аляксей Янукевіч выказаў скепсіс і адзначыў, што рэфармаваньне канстытуцыі, нават калі яно і адбудзецца, пры цяперашніх умовах будзе скіравана не на дэмакратызацыю, а на ўмацаваньне дыктатуры, наданьню яе элементам канстытуцыйнага значэньня (у тым ліку праз узмацненьне ролі сілавікоў і гэтак званага “усебеларускага сходу”). “У цяперашніх умовах альбо зьменаў у Канстытуцыю не будзе, альбо яны будуць кепскія” – сказаў Аляксей Янукевіч і выказаў сумнеў, што ў цяперашніх умовах улады пойдуць на правядзеньне якога кольвек рэфэрэндума. Пры гэтых умовах, аскабліва з улікам зьняволеньня старшыні партыі, перад БНФ стаіць першачарговая задача захаваньня легальнага статуса як зарэгістраванай апазыцыйнай партыі, што дазволіць быць голасам нацыянальна-дэмакратычнай, нацыяналістычнай часткі грамадзтва, дазволіць быць выразьнікам нацыянальнай альтэрнатывы той палітыцы, якую вядзе Лукашэнка. Пры гэтым безумоўным прыярытэтам для палітычнай працы павіннае быць вызваленьне старшыні з-за кратаў, зьняцьцё з яго абвінавачаньняў, вызваленьне ўсіх іншых сябраў партыі і несправядліва асуджаных актывістаў. У дыскусіі пра палітыную сытуацыю ў краіне выступілі сябры Сойму Васіль Раманаў, Алена Талстая, Алесь Жучкоў, Юрый Чавусаў, Надзея Салаўёва, Аляксей Сюдак, Людзьміла Рамановіч, Ігар Казьмерчак, Паліна Касьпяровіч, намесьнікі старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў, Юрась Меляшкевіч. Сойм Партыі БНФ разгледзіў пытаньне падрыхтоўкі партыі да маючых адбыцца да студзеня наступнага года выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў 29-га скліканьня. Па выніках абмеркаваньня з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных партыйных структураў сойм прыняў пастанову “Мясцовыя выбары – шанец для спынення супрацьстаяння ў краіне“, у якой адзначаецца, што правядзеньне выбараў можа стаць сродкам спыненьня вострага грамадзка-палітычнага крызысу, у якім цяпер апынулася Беларусь. Сойм заслухаў інфармацыю пра становішча старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які быў затрыманы месяц таму і знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве па арт. 357 “Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. Сярод іншага, у межах гэтага пытаньня сябры Сойму абмеркавалі праблему кіраваньня арганізацыяй у сытуацыі, калі старшыня партыі знаходзіцца пад вартай і аб’ектыўна пазбаўлены магчымасьці ажыцьцяўляць свае кіраўнічыя паўнамоцтвы (падпісаньне дамоваў, адчыненьне рахункаў у банках, рашэньні па іншых пытаньнях аператыўнага кіраваньня бягучай працай Партыі БНФ ды іншае). З мэтай забесяпчэньня ўстойлівасьці працы партыйнай арганізацыі ва ўмовах, калі старшыня знаходзіцца пад вартай, Сойм, як кіруючы орган Партыі БНФ, які ўпаўнаважаны прымаць рашэньні па ўсіх пытаньнях дзейнасьці партыі ў перыяд паміж скліканьнямі Зьездаў партыі, прыняў рашэньне прызначыць часова выконваючага абавязкі старшыні Партыі БНФ з ліку намесьнікаў старшыні Партыі БНФ. Сойм Партыі БНФ пастанавіў: згодна з часткай трэцяй арт. 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” і на падставе пунктаў 5.4., 5.5. і 5.12. Статута Партыі БНФ часова надаць паўнамоцтвы старшыні Партыі БНФ намесніку старшыні Саранчукову Вадзіму Уладзіміравічу і прызначыць яго часова выконваючым абавязкі кіраўніка партыі. Аналагічнае рашэньне было прынятае і па пытаньні прызначэньня часова выконваючага абавязкі старшыні Грамадскага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” – гэтыя абавязкі былі таксама ўскладзеныя на намесьніка старшыні аб’яднаньня Вадзіма Саранчукова. Прымаючы абавязкі па часовым выкананьні функцыяў кіраўніка арганізацыі, намеснік старшыні Вадзім Саранчукоў сказаў: – Хачу падкрэсліць, што старшынём Партыі БНФ цяпер застаецца Рыгор Кастусёў, і мы спадзяемся, ён хутка будзе на волі і будзе мець магчымасьць вярнуцца да паўнавартаснага выкананьня абавязкаў кіраўніка арганізацыі. Новы старшыня партыі можа быць абраны толькі наступным зьездам партыі. Цяперашняе рашэньне мае выключа тэхнічны характар і скіраванае на забеспячэньне ўстойлівай працы партыі і грамадзкага аб’яднаньня як юрыдычных асобаў. Лічу, што нашай першачарговай задачай на цяперашнім этапе павінна быць захаваньне і ўмацаваньне юрыдычнай устойлівасьці партыі, забесьпячэньне яе працы ў цяперашніх надзвычай неспрыяльных умовах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб старшыня партыі Рыгор Кастусёў ды ўсе зьняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя. Мы будзем прысьпешваць гэты момант усімі сродкамі, якімі валодае палітычная партыя згодна з уласным статутам. Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ, доступ адваката Рыгора Кастусёва да сваяго падабароннага вельмі абмежаваны, ані паплечнікі па партыі, ані блізкія сваякі не атрымлівалі ад палітзьняволенага лістоў у адказ на лсіты і паштоўкі, якія дасылаліся. Але самі лісты і перадачы ўзятаму пад варту Рыгору Кастусёву даходзяць. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і абмежаваны доступ адваката да Рыгора Кастусёва ў СІЗА, сойм даручыў управе БНФ праінфармаваць старшыню партыі ў зьняволеньні пра працяг партыйнай працы і прынятыя на сёняшнім сойме рашэньні. Соймам Партыі БНФ і соймам Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” былі прынятыя шэраг тэхнічных рашэньняў, зьвязаных з арганізацыяй працы партыі і руху ва ўмовах зьняволеньня кіраўніка арганізацыі. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|