Пачатак > Аналітыка > Прапановы БНФ да Праграмы разьвіцьця лясной гаспадаркі Беларусі на 2011-2015гг.

 

Прапановы БНФ да Праграмы разьвіцьця лясной гаспадаркі Беларусі на 2011-2015гг.

13.08.2010
Лес
Лес

ПРАПАНОВЫ ПАРТЫІ БНФ і ГРАМАДСКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ БНФ “АДРАДЖЭНЬНЕ” да Праграмы разьвіцьця лясной гаспадаркі Беларусі на 2011-2015гг.

І. Лясная гаспадарка Беларусі здольная разьвівацца і быць рэнтабельнай

Рэспубліка Беларусь дастаткова добра забясьпечаная ляснымі рэсурсамі. Запасы драўніны на 1 чалавека складаюць 147 м3, што у 2,2 разы вышэй сяреднеэўрапейскага паказчыка. З упэўненасьцю можна сьцьвярджаць, што Беларусь зьяўляецца лясной краінай. Пра гэта сьведчыць таксама комплексны паказчык лясных рэсурсаў, паводле якога Беларусь уваходзіць у шостую (самую вышэйшую) групу краінаў. Лясныя рэсурсы Беларусі павялічваюцца хутка. Зь 2004 году па 2010 год агульная плошча лясоў павялічылася на 6,9 % і склала 9,24 млн. га. У цяперашні час агульная плошча ляснога фонда дасягнула 9,35 млн. га, а лясістасьць – 37,7 %. Агульныя запасы драўніны ацэньваюцца ў 1,4 млрд. м3, у тым ліку сьпелых – 146,5 млн. м3. Узроставая структура лясоў пакуль не аптымальная. Сьпелых і перастойных лясоў усяго 8,5 %, маладнякоў – 22,5 %, сярэднеўзроставых – 50 %, дасьпяваючых – 19 %. Пародны склад лясоў таксама ня лепшы: цьвердалістыя складаюць каля 4,1 %, хваёвыя – 59,9 %, а малакаштоўныя мяккалістыя дасягаюць ажно 36 %. Агульны прырост дасягнуў 27,4 млн. м3 у год, прырост на 1 га пакрытай лесам плошчы – 3,58 м3.

Лясы Беларусі належаць дзяржаве і маюць розных фондаўтрымальнікаў: 1. Міністэрства лясной гаспадаркі – 87,6 % 2. Упраўленьне справамі Прэзыдэнта РБ – 7,6 % 3. Міністэрства абароны – 1,0 % 4. Міністэрства па надзвычайных сытуацыях – 2,3 % 5. Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі – 0,4 % 6. Мясцовыя органы выканаўчай улады – 0,8 % 7. Міністэрства адукацыі – 0,3 %

Згодна з артыкулам 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, лясы знаходзяцца ў выключнай ўласнасьці дзяржавы. Галоўным фондаўтрымальнікам зьяўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі, якому належыць 8.223.500 га зямель ляснога фонду. Пакрытыя лесам землі, паводле Мінлясгасу, складаюць 6.920.000 га. Увесь гэты лесафонд абслугоўвае Міністэства з агульнай колькасьцю працуючых каля 39 тыс. чал., у тым ліку: кіруючых работнікаў – 4,0 тыс. чал, спэцыялістаў – 5,8 тыс. чал., лесьнікоў – 11,6 тыс. чал., рабочых – 17,6 тыс. чал. Пад кіраўніцтвам Міністэрства лясной гаспадаркі створаныя і працуюць наступныя прадпрыемствы: 1. Лесабудаўнічае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белдзяржлес» 2. Праектна-дасьледчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгіпралес» 3. Гандлёва-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесгастэхніка» 4. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесэкспарт» 5. Паляўніча-гаспадарчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беллеспаляваньне» 6. Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі лясны селекцыйна-семенаводчы цэнтр» 7. Дзяржаўная ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бясьпекі «Беллесрад» 8. Дзяржаўная ўстанова па абароне і маніторынгу лесу «Беллесаабарона» 9. Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэспубліканскі вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэньні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі» 10. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Рэдакцыя «Беларуская лясная газета» 11. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Рэдакцыя часопісу «Лясная і паляўнічая гаспадарка» Шэсьць вытворчых лесагаспадарчых аб'яднаньняў ажыцьцяўляюць кіраўніцтва 95-цю лесагаспадарчымі ўстановамі – лясгасамі.

Усе службы, неабходныя для абслугоўваньня лясоў, сабраныя разам і, здаецца, няма нічога лішняга, структура аптымальная. Бюджэт Міністэрства лясной гаспадаркі на 30-40 % датацыйны (складаецца зь дзяржаўных датацыяў). У бліжэйшым будучым пры сучасных тэмпах разьвіцьця Міністэрства безь дзярждатацый функцыянаваць ня здольнае. Аптымісты ж даказваюць, што ў бліжэйшыя 10-15 гадоў Міністэрства пяройдзе на самаакупляльнасьць. Аднак, пры ўсіх аптымістычных прагнозах, у лясной гаспадарцы краіны назапасіўся цэлы комплекс невырашаных праблемаў, якія перашкаджаюць павышэньню яе эфэктыўнасьці і прыбытковасьці ад выкарыстаньня драўнінавых рэсурсаў: • Нізкая ўдзельная вага сьпелых дрэвастояў • Нерацыянальная пародная структура лясоў • Непоўнае асваеньне разьліковай лесасекі • Незапатрабаванасьць значных аб'ёмаў драўніны для атрыманьня цеплавой і электрычнай энэргіі • Недастаткова эфэктыўная структура кіраваньня лясной гаспадаркай, якая ўключае сумяшчэньне ў адзіным мэханізьме вытворчых і лесагаспадарчых функцыяў • Навысокі ўзровень даходнасьці лясной гаспадаркі з прычыны нізкіх коштаў на драўніну • Недастатковасьць сучаснай тэхнікі для ўзнаўленьня лясоў, нарыхтоўкі драўніны, правядзеньня даглядаў у лясах.

Апошнія некалькі дзесяткаў гадоў лесаводы спрацавалі вельмі дрэнна: • Пляцоўкі цьвердалістых парод маглі б быць у тры разы большымі • Пляцоўкі мяккалістых парод маглі б быць у тры разы меншымі • Лясістасьць па раёнах вельмі нераўнамерная • Запас сьпелых лясоў злачынна зьменшаны і складае усяго палову ад магчымага • Нізкая таварнасьць лясоў • Вялікі адсотак дробнатаварнай драўніны і вялікі – вялікай • Вялікія плошчы хворых лясоў

Усе гэтыя праблемя неабходна тэрмінова вырашаць, а для гэтага патрэбны рэформы лясной гаспадаркі.

ІІ. Рэформы ў лясной гаспадарцы: якімі яны павінны быць?

Папярэдні разьдзел адлюстроўвае бягучы стан лясной гаспадаркі Беларусі. Нельга сказаць, што айчынная лясная навука вельмі адстае ад сусьветных тэндэнцыяў, таксама нельга сказаць, што лясная галіна вытворчасьці ў нас не разьвіваецца. Ёсьць у нас і вельмі добрыя лесаводы, і таленавітыя кіраўнікі, але лясная гаспадарка заходзіць усё глыбей і глыбей у тупік. Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, а таксама і кіраўніцтва лясной гаспадаркі краіны ніяк ня могуць зразумець, што экстэнсіўны шлях разьвіцьця сябе вычарпаў. З кожным годам гэтая галіна прыходзіць у заняпад: горшымі становяцца кадры лесаводаў, добрых рабочых становіцца менш і менш, у пагоні за прыбыткам мы цалкам забываемся пра лесаводчую навуку, вытворчасьць лесу не павялічваецца, пагаршаецца якасьць драўніны. Многія, магчыма, скажуць, што гэта ня важна. Галоўнае сёньня – прыбытак, прыбытак і яшчэ раз прыбытак, галоўнае зрабіць лясную гаспадарку рэнтабельнай, а ўсё астатнее – потым. Магчыма мы і выйдзем такім шляхам на самаакупальнасьць, але якім коштам? Что мы пакінем нашчадкам? Навошта ламіцца ў замкнёныя дзьверы, калі ёсьць магчымасьць увайсьці ў сучаснасьць цывілізавана. Калі для ўраду краіны галоўная мэта – зрабіць лясную гаспадарку рэнтабельнай, то ў лесаводаў павінна быць і іншая задача – дасягнуць гэтай мэты без стратаў і з найменшымі затратамі. Калі экстэнсіўны шлях разьвіцьця сябе цалкам вычарпаў, то прыйшоў час пераходзіць на іншы шлях. Разумныя і адукаваныя спэцыялісты ў такой сытуацыі праводзяць новыя рэформы. Адныя раюць: старое разбурыць, новае – пабудаваць. Але разбураць мы навучыліся, а вось новае будаваць – ня вельмі. Навошта ж бурыць? На існуючым падмурку можна проста зрабіць рэканструкцыю, і пры гэтым зь мінімальнымі затратамі. Каб правесьці рэформы, трэба добра разглядзець сутнасьць праблемы. Мы павінны разглядзець усю працу Міністэрства лясной гаспадаркі з аднаго боку і вытворчыя магчымасьці нашых лясоў з іншага боку. Мінлясгас зь вялізным апаратам кіраваньня расходуюць матэрыяльныя сродкі зь дзяржбюджэту, а лясы ня могуць пакрыць гэтыя выдаткі. Нам трэба збалянсаваць гэтыя грашовыя плыні, выдаткі – зьменшыць, прыбытак – павялічыць. Простае скарачэньне штату супрацоўнікаў – не актуальнае і безвыніковае. Трэба глядзець глыбей. Многія гады чыноўнікі стараліся атрымаць вялікія прыбыткі. Лясгасы сталі абрастаць рознымі цэхамі і промысламі, самі сталі масава нарыхтоўваць драўніну, пілаваць яе і прадаваць лес. У лясгасах – бюджэтных установах – зьявіліся гасразьліковыя прамысловыя аддзелы. Павялічыліся прыбыткі, але павялічыліся і выдаткі. Па гэтым шляху мы ішлі да цяперашняга часу, а праблему так і ня вырашылі. А яе можна вырашыць даволі проста. Трэба разьдзяліць лясгас на дзьве часткі: лясгас-установа і лесанарыхтоўчае прадпрыемства. Лясгасы павінны вырошчваць лясы і кантраляваць усю лесагаспадарчую дзейнасьць. Лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы бяруць на сябе ўсе лесанарыхтоўкі, нават прачысткі і ачыстку лесу ад захламленасьці. Кожны павінны зарабляць свае грошы сам. Але гэтыя захады вырашаюць толькі частку праблемы. Каб вырашыць яе цалкам – патрэбныя больш радыкальныя дзеяньні. У штаце Міністэрства лясной гаспадаркі трэба правесьці скарачэньні апарату. Павінныя застацца толькі дыплямаваныя спэцыялісты і абсугоўваючыя службы. Радыкальным чынам трэба скараціць штат лесьнікоў, бухгалтараў лясьніцтваў, частку бухгалтараў і эканамістаў лясгасаў і аб'яднаньняў, а таксама іншых спэцыялістаў, патрэба ў якіх зьнікне. Гэтыя словы многіх прывядуць у шок. Усе будуць ўзрушаныя – як жа працаваць? Усё абрынецца, прыйдзе ў заняпад. Але ня трэба хвалявацца: насамрэч усё застанецца, толькі крыху зьменіцца. Усе лясы будуць перададзены ў арэнду тым жа лесьнікам і скарочаным работнікам лясгасаў. У другую чаргу змогуць стаць арандатарамі спэцыялісты лясной гаспадаркі, якія працавалі да гэтага ў іншых сфэрах, і ў трэцюю – усе жадаючыя вырошчваць лес. Арэнда лясоў пад кантролем Мінлясгасу, вось той новы шлях, які зробіць лясны комплекс высокарэнтабельным. Каб палепшыць вытворчыя магчымасьці лясоў, таксама ня трэба выдумляць ровар – узгадаем даўно забытае старое. Трэба проста стаць сапраўднымі лесаводамі-гаспадарамі. Каб землі не пуставалі, трэба тэрмінова адмовіцца ад суцэльных высечак лесу, за выключэньнем санітарных высечак высахшых лясоў і бураломаў. Нізкашчыльныя пасадкі неабходна палепшыць падпалогавымі пасадкамі. Па галоўным карыстаньні трэба перайсьці на паступовыя выбарачныя высечкі. Калі падрост аднаўляецца недастаткова, то трэба проста дапоўніць лес пасадачным матэрыялам з высокімі спадчыннымі якасьцямі. Чыстыя пасадкі вельмі няўстойлівыя ў прыродзе і часта падвяргаюцца хваробам і шкоднікам. Адсюль вынікае – з дапамогай падпалогавых культураў трэба пераводзіць лес у складаныя пасадкі. Пры ўсіх лесакультурных мерапрыемствах максымальная ўвага мусіць быць нададзеная лесапасадачнаму матэрыялу цьвёрдаліственных парод. Выкарыстоўваць таксама трэба інтрадуцэнты, ліпу, пладова-ягадныя і арэхаплодныя пароды. Усё гэта проста і даступна любому чалавеку, які любіць свой лес – сапраўднаму гаспадару.

ІІІ. Арэнда лясоў пад кантролем Мінлясгаса – пэрспэктыўны шлях

Арэнда лясоў – гэта новы прагрэсіўны крок наперад. У розных краінах арэнда праводзіцца па-рознаму, у залежнасьці ад склаўшыхся ўмоваў. Нашыя ўмовы паказваюць, што пераходзіць на свабодныя формы ўладаньня лесам рана. Гэта мы пабачылі на прыкладзе Расеі. Арандатар павінны быць адносна вольнай творчай фігурай, але разам з тым ён павінны выконваць нормы, інструкцыі, прадпісаньні. Работнікі лясной гаспадаркі павінныя ня толькі весьці дакумэнтацыю, але і вучыць, і кантраляваць арандатараў. Лесаўладкаваньне як цяпер вядзецца, так павінна і весьціся далей. Усе лесагаспадарчыя працы будуць выконвацца арандатарамі. Адвод лясоў і выпіска лесасечных білетаў застанецца прэрагатывай супрацоўнікаў Мінлясгасу. Лясныя пітомнікі пры лясгасах захаваюцца. Вялікая ўвага ў іх павінна надавацца лесапасадачнаму матэрыялу з высокімі генетычнымі паказчыкамі. Ня менш 50 % пасадачнага матэрыялу ад патрабуемага згодна праектам лесагаспадарчых культураў будзе прададзена арандатарам па сабекошце. Астатні лесапасадачны матэрыял арандатар ці сам вырошчвае, ці выкапвае на сваёй лясной плошчы. Паслугі трактару і іншай тэхнікі (якая належыць лясгасу) пры лесакультурных і лесаахоўных работах арандатар аплочвае сам па сабекошце. Па вынікам лесагаспадарчых работ работнікі лясной гаспадаркі вядуць улік і рух лесапрадукцыі. Па лесакультурнай дзейнасьці – перавод лесагаспадарчых культураў у лесапакрытую плошчу, гэта вынік усёй працы, і таксама кантралюецца лесаводамі. Асаблікую ўвагу работнікі лясгасу павінны будуць надаваць ахове лесу. Рэвізіі як існавалі, так і застануцца. Рэвізіі арандатараў, рэвізіі лесагаспадарчых участкаў, лясьніцтваў і г.д. – гэта проста неабходнасьць у барацьбе з крадзяжом і карупцыяй. Калі цяпер лесьнікі як наёмныя работнікі могуць працаваць дрэнна, то арандатарам прыйдзецца кантраляваць свае ўчасткі лепш. Калі вінаватыя ў парушэньнях ня будуць знойдзеныя, то страты павінны кампэнсаваць і недахопы ліквідаваць сам арандатар. Ён павінны клапаціцца аб сваім лесе і ахоўваць яго. Пажарная служба павінна быць захаваная і разьвівацца – на гэтым накірунку эканоміць нельга. Каб арандатар працаваў прадуктыўна, з творчым падыходам, думаў пра пэрспэктывы, арэндная дамова павінна быць заключаная на максымальны тэрмін і з магчымым варыянтам перадачы дамовы арэнды ў спадчыну. Арэндная плата будзе налічвацца толькі на лясныя землі. Яна павінна быць гнуткай. Каб арандатар быў здольны плаціць арэндную плату (каля 0,6 базавай велічыні за 1 га лясной плошчы), ён павінны высекчы ня менш 2 м3 з 1 га ліквіднай драўніны. Калі ж работнікі лясгаса не забясьпечаць яго ў поўным аб'ёме – не адвялі і ня выпісалі лесасечны білет, то арэндная плата выплачваецца прапарцыйна высечанай масе. Рэшткі арэнднай платы пераносяцца на наступныя гады. Каб выканаць раўнамернасьць затрат і плацяжоў, арандатары павінны плаціць з высечанай масы папенную плату, якая павінна складаць трэцюю частку ад цяперашняй. Каб арандатар працаваў спакойна ў сваім лесе – арэндную дамову можа разарваць альбо ён дабраахвотна, альбо суд па зыску лясгасу. Калі арандатар сам ня можа працаваць на лесанарыхтоўках, то ён наймае лесанарыхтоўшчыкаў. Але ў першую чаргу яму павінна аказваць такую паслугу, калі ён пажадае, лесанарыхтоўчае прадпрыемства па коштах, узгодненых у Мінлясгасе. Арэндны ўчастак лесу па плошчы (агульнай) павінны быць абмежаваны: ня менш 100 га і ня больш 300 га – для простых работнікаў, ня больш 1000 га – для дыплямаваных спэцыялістаў. Арэндная дамова дадаткова можа быць падпісаная ня толькі для вядзеньня лясной гаспадаркі, але і для вядзеньня паляўнічай ці рыбнай гаспадаркі, збору дзікіх пладоў, ягад, грыбоў, лекавых расьлінаў, соку. Дзякуючы арэндзе ў лесе зьявіцца гаспадар, але і мясцовыя жыхары ня будць абмежаваныя ў сваіх правах. Арэндная плата ня толькі пакрые расходы Мінлясгасу, але і будзе даваць добрыя паступленьні ў бюджэт.

ІV. Мэтазгоднасьць арэнды лясоў: эканамічны і сацыяльны складнік

Правядзеньне рэформы ў сувязі зь пераходам на арэнду дазволіць скараціць колькасьць працуючых у Мінлясгасе РБ да 9-10 тысяч чалавек. Усе лесанарыхтоўчыя арганізацыі будуць выведзеныя ў асобны канцэрн пад кантролем Мінлясгаса, з наступнай яго прыватызацыяй. Затраты па Мінлясгасу адпаведна зьменшацца. Лесагаспадарчая дзейнасьць будзе цалкам фінансавацца арандатарамі ўключаючы нават кошт блянкаў дакумэнтаў, і датацыі зь бюджэту наблізяцца да нуля. Лесакультурная дзейнасьць будзе абмежананая вырошчваньнем пасадачнага матэрыялу і вядзеньнем дакумэнтацыі. Пітомнікі павінныя быць самаакупляльнымі. Затраты Міністэрства будуць мінімальнымі. Арандатар будзе аплачваць усю працу агрэгатаў і мэханізмаў. Лесаахоўныя працы будуць затратнымі, а асноўным артыкулам расходаў будзе – аплата працы лясной аховы і пажарнай службы. Каб утрымліваць апарат усіх установаў Мінлясгаса дастаткова чацьвёртай часткі цяперашняга бюджэту. Ці здольныя будуць арандатары аплачваць усе гэтыя выдаткі за кошт уласнай працы? У 2008 годзе па Мінлясгасу РБ было нарыхтавана 13 млн. м3 па ўсіх відах высечкі. У бліжэйшым часе колькасьць нарыхтоўваемай драўніны павялічыцца. У 2010 годзе плянуецца высекчы да 19 млн. м3. Расьце разьліковая лесасека па галоўным лесакарыстаньні. Павялічваюцца аб'ёмы і па прамежкавым карыстаньні. Гэтых аб'ёмаў больш чым дастаткова, каб напоўніць бюджэт Мінлясгасу. Але налічваць арэндную плату трэба толькі зь 1 га прадуктыўнай плошчы г.з. – лясных земляў. Кожны арандатар будзе намагацца падвысіць прадуктыўнасьць зямлі, а за адно і павялічыць вытворчыя магчымасьці лясоў, а значыць і свой асабісты прыбытак (як бягучы, так і пэрспэктыўны). На канец 2008 году па Мінлясгасу было каля 7,5 млн. га лясных зямель. Калі за 1 га узяць 20000 рублёў арэнднай платы, то атрымаецца сума 150 млрд. рублёў. Каб забясьпечыць факт справядлівасьці ў аплаце з арандатараў неабходна здымаць папенную плату з кожнага высечанага ліквіднага кубамэтра драўніны ў памеры 1/3 ад сапраўднай. Так як лясны фонд фарміруецца за год да сечкі, то дадзеныя патрапяць у Мінлясгас загадзьдзя, і магчыма будзе прагназаваць сумы будучых выплатаў. Пры гэтым патрэбна улічваць рынкавыя кошты на лесапрадукцыю і магчымыя патрэбы рынку. Пры кошце балянсавай драўніны ў 2009 годзе (елка – 28,5 даляраў ЗША, бяроза – 30,4 даляраў ЗША) можна прагназаваць, што праблемаў з арэнднай платай узьнікаць ня будзе. Калі адзінкавыя арандатары будуць няздольныя заплаціць арэнду, то на замену ім прыйдуць лепшыя гаспадары, для якіх гэта ня будзе праблемай. У лясным комплексе запрацуюць рынкавыя мэханізмы. Большасьць арандатараў паспрабуе павялічыць прадуктыўнасьць зямель і агульны прырост з 1 га лесапакрытай плошчы. Калі агульная маса драўніны ня здолее хутка павялічыцца, то штогадовы прырост можна хутка павялічыць. Прыродны магчымы прырост у Беларусі павінны быць ня менш 5 м3 на 1 га. А мы на сёньня маем усяго 3,58 м3 з 1 га. Гэта наша бяда, а таксама ганьба для нашых лесаводаў. Адначасова пойдзе паляпшэньне таварнасьці драўніны, палепшыцца і пародны склад. Неверагодна, але факт, што мяккалістныя пароды складаюць 36 % лесапакрытай плошчы, а гэта сотні мільёнаў кубамэтраў драўніны, палова зь якой – балянсавая. Гэтую праблему неабходна вырашаць тэрмінова – трэба скараціць на 70 % плошчы малакаштоўных парод. Гэта пад сілу толькі гаспадарам, арандатарам. Кансэрватыўна настроеныя чыноўнікі ніколі гэтай праблемай не займаліся, ды і ня будуць. Яны, відаць, ніколі не адкрывалі табліцы ходу росту пасадак па пародах, адкуль відавочна, што елка дае прырост у 1,5-2 разы больш бярозы. Больш бярозы дае прырост і сасна. Нават некаторыя цьвёрдалістыя пароды могуць паспаборнічаць па прыросту зь ёй. Дык дзе ж быў розум таго спэцыяліста, які перавёў бярозу ў разрад каштоўнай хуткарастучай пароды? Такіх абсурдных рэчаў у цяперашняй лесаводчай навуцы дастаткова і толькі арандатары як свабодныя творчыя людзі будуць здольныя працаваць прадуктыўна. Эканамічную мэтазгоднасьць працы мы разгледзім на канкрэтных прыкладах. Для гэтага возьмем сярэднестатыстычнае лясьніцтва з агульнай плошчай 8800 га. Плошча сярэдняга абходу пры гэтым ў сярэднім складзе 700 га. Пры пераходзе на арэнду неабходна скараціць 13 лясьнікоў і бухгалтара. Адначасова будзе створана 30 арэндных участкаў зь сярэдняй плошчай лясных зямель 260 га. Усе скарочаныя работнікі будуць працаўладкаваныя. Астатнія паўтары дзесяткі вакансіяў будць запаўняцца па меры магчымасьці, зыходзячы з наяўнасьці жадаючых. Будуць беспрацоўныя дыплямаваныя спэцыялісты лясной гаспадаркі, якія пажадаюць узяць лес у арэнду – а для іх участкі прыйдзецца выдзяляць большай плошчы. Разгледзім малы стандартны ўчастак у 260 га лясной плошчы. Арандатар аўтаматычна будзе выплачваць 5 200 000 рублёў арэнднай платы. Гэта складзе каля 1700 даляраў ЗША. Пры такой плошчы будзе высякацца як мінімум 600 м3 ліквіднай драўніны з розных высечак. Арандатар выплачвае яшчэ ў сярэднім 6 000 000 папеннай платы, а гэта блізу 2000 даляраў. Сума выплаты даволі значная. Якія даходы дазволяць гэтыя выдаткі пакрыць і яшчэ даць прыбытак? З 600 м3 ліквіднай драўніны ў сярэднім будзе 200 м3 драўніны на дровы, 200 м3 – балянсавай, 200 м3 – піловачнай. Калі арандатар наймае лесанарыхтоўшчыка, а прадае лес толькі з верхняга складу, то будзе мець 8-9 млн. рублёў за балянсавую драўніну і 11-12 млн. рублёў за піловачную. Дровы прыбытку амаль не дадуць. У выніку атрымаецца лічба у 20 000 000 рублёў – 6700 даляраў ЗША. З гэтай сумы выплачваецца 5 200 000 арэнднай платы, 6 000 000 – папеннай, 1 800 000 рублёў падаткаў. Застаецца гарантаваны мінімальны даход 7 000 000 рублёў – 2300 даляраў ЗША. Пры невялікіх нагрузках і слабой занятасьці гэта добры мінімальны заробак. Хто жадае зарабляць больш, павінны вучыцца на лесавода ці хоць на вальшчыка леса. Гэта дасьць прыбаўку да заробка ў 1,5-3 разы. А калі выкарыстоўваць усе лесаводныя веды, каб палепшыць прырост драўніны, пародны склад, таварнасьць, а за адно высечку і прадажу ліквіднай драўніны, то атрымаем даход ня меншы, чым у супрацоўнікаў Мінлясгасу – гэта складзе ня менш 1000-1500 даляраў ЗША у месяц. Каб ад драўніны мець максымальны даход, Беларусі трэба ствараць моцнасьці па пераапрацоўцы балянсавай драўніны, якія б змаглі пераапрацоўваць ня менш 2-3 млн. м3 дробнатаварнай драўніны. Мы не павінныя забывацца, што агульны аб’ём дробнатаварнай драўніны па РБ складае сотні мільёнаў кубамэтраў. І колькасьць іх ня хутка паменшыцца. Толькі разумнае умяшальніцтва лесавода-гаспадара вырашыць гэтую праблему і дасьць магчымасьць усю драўніну забраць і перапрацаваць. З вышэйсказанага мы назіраем наступную прагназаваную карціну: Мінлясгас пераходзіць на самафінансаваньне; Лесанарыхтоўшчыкі зарабляюць грошы самі і адбываецца прыватызацыя прадпрыемстваў; Звольненыя пры скарачэньні супрацоўнікі будуць занятыя ў лясным комплексе, а не папоўняць армію беспрацоўных; Мінлясгас будзе кантраляваць вырошчваньне лясоў, догляд за імі і высечку. Па разьліках арандатараў будзе ня так і шмат, у межах 18000-20000 чалавек. Але гэта армія свабодных творчых людзей надасьць імпульс усяму сельскаму жыцьцю. Будуць задзейнічаныя свабодныя працоўныя рэсурсы у сельскіх населеных пунктах і малых гарадах. Больш поўна будзе высякацца і выкарыстоўвацца паліўная драўніна. Нашыя лясы стануць чысьцейшыя, зьменшацца самавольныя высечкі. Арандатары будуць выконваць абавязкі лясной аховы, будуць задзейнічаныя іх сем’і. Большасьць арандатараў будзе падвышаць адукацыйны ўзровень, будуць асвойваць лесанарыхтоўчыя прафэсіі. Дзеці арандатараў вырастуць, назіраючы лес і працу ў лесе. Шматлікія зь іх выберуць прафэсію лесавода і кваліфікацыю работнікаў лесапрамысловага комплексу. Бо ім жа арандатары пажадаюць перадаць у спадчыну лясы (у выглядзе права арэнды на іх), перадаць ім увесь багаты досьвед і веды. Пачнецца адраджэньне лясной гаспадаркі. Арэнда лясоў – гэта кампрамісны шлях разьвіцьця, альтэрнатыўны імгненнай прыватызацыі лясоў і зямель. Перавод на арэнднае карыстаньне будзе адбывацца пад кантролем дзяржавы, і чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш.

Ключавыя словы: лес, Партыя БНФ, прапановы