Пачатак > Аналітыка > Зьезд тактычнага прызначэньня

 

Зьезд тактычнага прызначэньня

05.06.2010

XIII Зьезд Партыі БНФ, які адбыўся 29 траўня, быў пазачарговым і не прадугледжваў перастановак у кіраўніцтве адной з найстарэйшых палітычных сілаў краіны. Скліканьне пазачарговага зьезду было абумоўленае папярэднімі рашэньнямі аб абавязковым вылучэньні кандыдата ад ПБНФ на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. З гэтай задачай найвышэйшы орган партыі пасьпяхова справіўся: кандыдатам быў вылучаны намесьнік кіраўніка Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, была зацверджаная партыйная перадвыбарчая плятформа і прынятае палажэньне, якое рэглямэнтуе ўдзел партыйных структур у выбарчай кампаніі.

Кіраўніком выбарчага штабу партыі стаў яе старшыня Аляксей Янукевіч.

Характэрна, што Партыя БНФ упершыню з 1994 г. вылучыла свайго прадстаўніка на найвышэйшы дзяржаўны пост. У 2001 і 2006 гг. партыя падтрымлівала непартыйных прэтэндэнтаў і нават на пачатковым этапе кампаніі ўстрымліваліся ад вылучэньня ўласнага кандыдата на карысьць падтрымкі больш-менш ідэалягічна блізкіх палітыкаў нацыянальна-дэмакратычнага флянгу.

Падчас фактычна ўжо пачатай выбарчай кампаніі кандыдат ад Партыі БНФ стаў першым апазыцыйным кандыдатам, фармальна вылучаным ад афіцыйна зарэгістраванай палітычнай структуры. Да Рыгора Кастусёва ў абойме апазыцыйных прэтэндэнтаў былі толькі беспартыйныя палітыкі: каардынатар незарэгістраванай ініцыятывы Хартыя-97 Андрэй Саньнікаў, выключаны два гады таму з БНФ Алесь Міхалевіч, лідэр Праваабарончага «Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і сустаршыня незарэгістраванай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Але ўжо літаральна праз два дні, 31 траўня, аб вылучэньні сваіх прэтэндэнтаў заявілі яшчэ дзьве апазыцыйныя партыі, хоць для такога рашэньня ім і не спатрэбілася склікаць зьезды. На прэс-канфэрэнцыі ў Менску Беларуская партыя «Зялёныя» вылучыла ў якасьці свайго прэтэндэнта - гомельскага намесьніка старшыні партыі Юрыя Глушакова. Партыя АГП таксама зрабіла стаўку на намесьніка старшыні - рашэньнем палітрады партыі ў прэзыдэнты быў вылучаны Яраслаў Раманчук.

Калі яшчэ нядаўна пра прэзыдэнцкія амбіцыі ўголас казалі збольшага палітыкі-самотнікі, а партыі акцэнтавалі ўвагу на выпрацоўцы працэдураў ўзгадненьня кандыдатураў у рамках блёкаў, то цяпер арганізаваныя палітычныя структуры закінулі блёкабудаўніцтва і разгарнулі сапраўднае «дывановае бамбаваньне» - кандыдат пайшоў на любы густ, самы разнастайны . Не аналізуючы суадносіны сілаў, якія склалася ў апазыцыйнай сыстэме пасьля гэтай сэрыі палітычных вылучэньняў, адзначым, што ў цэлым у выйгрышы апынуліся структуры Беларускага незалежніцкага блёку і палітыкі правага флянгу. Млявае вызначэньне адзінага кандыдата ад АДС памерла разам з разгромам кампаніі «Гавары праўду», які аказаў паралізуючае ўзьдзеяньне на некаторыя палітычныя сілы левага спэктру. Нават АГП цяпер заяўляе аб імкненьні ўзгадніць кампанію са структурамі БНБ. Няпэўная і нефармалізаваная працэдура Рады інтэлігенцыі зайшла ў тупік.

Рэзка павялічыўшы уласную палітычную вагу ў выніку вылучэньня свайго кандыдата, БНФ пачаў актыўна гэтым карыстацца для інтэнсыфікацыі дзейнасьці ў рамках кааліцыі. Літаральна на наступным паседжаньні Рады БНБ ужо 1 чэрвеня была прынятая працэдура вызначэньня адзінага кандыдата ад блёку. На бягучы момант трэба выбіраць паміж Мілінкевічам, Кастусёвым і Рымашэўскім. Кандыдат ад БНФ парушыў клінч паміж БХД і РЗС і дазволіў пачаць працэс вызначэньня адзінага кандыдата ад правых сілаў.

У цэлым рашэньні зьезду маюць для Партыі БНФ вялікае значэньне напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Яны дазваляюць партыі ўмацаваць свае пазыцыі ў рамках Беларускага незалежніцкага блёку, стаць у ім лідуючай сілай і вырашыць крызіс ўзаемаадносінаў на правым флянгу беларускай апазыцыі. Пасля зьезду праэўрапейскія сілы атрымалі імпульс да далейшай працы і ўзгадненьня роляў у будучай кампаніі. БНФ на гэтым атрымаў дадатковыя палітычныя балы ў рамках апазыцыйнай сыстэмы і авалодаў тактычнай ініцыятывай у плянаванай барацьбе «на два франты»: на зьездзе было заяўлена аб намеры супрацьстаяць як рэжыму Лукашэнкі, так і спробам Крамля разыграць у Беларусі ўласны сцэнар каляровай рэвалюцыі.

Важнае тактычнае значэньне рашэньні з'езду маюць і для ўнутрыпартыйнай сытуацыі ў Партыі БНФ, якая застаецца досыць няпростай. Ня спраўдзіліся надзеі на тое, што прадстаўнікі папярэдняй каманды пазбавяцца горычы расстаньня з кіруючымі крэсламі і змогуць вярнуцца да партыйнай працы. Практычна ўсе функцыянэры і супрацоўнікі апарату партыі папярэдняга старшыні адыйшлі ад партыйнай працы. Такія вядомыя дзеячы, як Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі, Алесь Марачкін, Лявон Баршчэўскі адмовіліся ад працы ў партыйных органах. Некаторыя зь іх занялі адкрыта канфрантацыйную пазыцыю: крыўды з часам перарасьлі ў пляны рэстаўрацыі і рэваншу ўнутры партыі. З гэтай мэтай была разыграная камбінацыя па вылучэньні ў прэзыдэнты прадстаўніка старой каманды Лявона Баршчэўскага, у абыход партыйных структураў, праз працэдуры АДС, альбо, калі не атрымаецца - у рамках канкурэнтнай працэдуры Рады інтэлігенцыі.

Пры гэтым тэза «чым горш для цяперашняга БНФ - тым лепш для нас» стаў негалосным прынцыпам дзейнасьці для групы рэваншыстаў. Такі падыход дазваляў засяродзіцца на беспадстаўнай крытыцы дзейнасьці новай каманды, якая адбывалася ва ўмовах практычна поўнай адсутнасьці кадравай пераемнасьці паміж старым і новым кабінэтам. Да таго ж гэта дазваляла працаваць на іншыя палітычныя праекты - ад АДС і Хартыі-97 да кампаніі "Гавары праўду".

Працэдура скліканьня зьезду выклікала крытыку з боку старой каманды. У тым ліку гэтая крытыка прагучала і ў заяве кантрольна-рэвізійнай камісіі партыі. Незадаволенасць было выкліканая тым, што норма прадстаўніцтва на зьездзе разам з квотай ад рэгіянальных структураў прадугледжвала квоту для сябраў сойму партыі і кандыдатаў, вылучаных партыяй у мясцовыя саветы на нядаўніх мясцовых выбарах. Пры гэтым камісія заплюшчыла вочы на той факт, што ў дадзеным выпадку працэдура была простым паўторам практыкі, існуючай пры скліканьні ўсіх папярэдніх чарговых і пазачарговых зьездаў. І за Баршчэўскім, і за Вячоркам, і нават за Пазьняком дэлегатамі зьезду разам з выбранымі прадстаўнікамі рэгіянальных структур станавіліся і сябры кіроўнага органа, і вылучэнцы партыі ў прадстаўнічых органах улады.

У свой час Кангрэс дэмакратычных сілаў 2007 г. дэзавуяваў статус Мілінкевіча як лідэра Аб'яднаных дэмакратычных сілаў - дэлегаты таго кангрэсу вылучаліся паводле вынікаў збору подпісаў у рамках выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Справядліва, што менавіта прадстаўнікі лякальнай палітыкі ў рамках Партыі БНФ былі вымушаныя зараз прыняць рашэньне аб тым, хто ж усё-такі будзе такім лідэрам ад БНФ у агульнанацыянальным маштабе падчас будучай кампаніі. Лягічна, што менавіта тыя людзі, якія займаюцца зборам подпісаў і іншай агітацыйнай працай на месцах, прымалі рашэньне аб пэрсоне партыйнага кандыдата.

Тым ня менш, рэвізійная камісія Партыі БНФ выказала сумневы ў легітымнасьці зьезду. У якасьці кроку ў кірунку кампрамісу Сойм зь ініцыятывы старшыні партыі Аляксея Янукевіча скараціў квоту для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і пашырыў квоту для дэлегатаў, абраных рэгіянальнымі сходамі. Не прымусіла сябе чакаць скарга сябра рэвізійнай камісіі ў міністэрства юстыцыі стала беспрэцэдэнтным крокам: дзеяньні старога кіраўніцтва могуць прывесьці да таго, што вырашаць пытаньне пра партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты будуць чыноўнікі міністэрства юстыцыі - органа, зь ініцыятывы якога ліквідуюцца апазыцыйныя палітычныя партыі і іх арганізацыйныя структуры. Затым на дзяржаўнай тэлевізіі прагучалі абвінавачаньні ў адрас новага кіраўніцтва партыі ў, скажам так, «рэпрэсіях супраць прыхільнікаў Баршчэўскага». Вяршыняй гэтай канструкцыі стала сьцьверджэньне, штокіраўніцтва Партыі БНФ працуе паводле ўказкі спэцслужбаў.

Аднак сам мінулы зьезд Партыі БНФ быў на зьдзіўленьне бесканфліктным - гэта быў сход аднадумцаў, бо групоўка рэваншыстаў байкатавала мерапрыемства, як зрэшты, і ўсе іншыя ініцыятывы кіраўніцтва. Але гэты спакой на самым мерапрыемстве кампэнсаваўся новай порцыяй вострых заўвагаў і прніжальных камэнтароў з боку часткі сябраў партыі, якія не прызнаюць зьезд легітымным.

Шум звонку і ў сярэдзіне - прыкмета таго, што ў БНФ па-ранейшаму ідзе барацьба за вядучую пазыцыю.

Толькі ў адрозьненьне ад папярэдніх этапаў, вядзецца яна больш брудна, разьвязна і груба. Верагодна, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў БНФ рызыкуе акунуцца ў новы шэраг скандалаў, інтрыг і ўзаемных абвінавачваньняў. Альтэрнатывай гэтаму можа быць толькі ўмацаваньне партыйнай дысцыпліны і вяртаньне да практыкі выключэньня з шэрагаў партыі парушальнікаў партыйнай этыкі.

Юры Чавусаў, крыніца: Архэ