Пачатак > Аналітыка > Кандыдаты вырашаюць усё

 

Кандыдаты вырашаюць усё

19.03.2010

Выбары ў Беларусі не зьяўляюцца мэханізмам зьмены ўлады. Фактычна выбараў у Беларусі няма. Гэта вядома ўжо даўно, і, нажаль, няма ніякіх падставаў спадзявацца, што ў бачнай будучыні сытуацыя можа выправіцца. Галасы не лічылі, ня лічаць і не зьбіраюцца лічыць. Рэжым можа яшчэ некалькі разоў зьмяніць Выбарчы кодэкс, яшчэ больш спрасьціць умовы рэгістрацыі кандыдатаў, нават можа крыху палепшыць умовы агітацыі – але гэта ня мае абсалютна ніякага значэньня, калі галасы ня лічаць. Ніякіх ілюзіяў няма.

Аднак на кожныя выбары з 2003 году мы вылучаем сваіх кандыдатаў. Перад пачаткам кампаніі мясцовых выбараў 2010 мы таксама – амаль адзінадушна – прынялі рашэньне выстаўляць сваіх кандыдатаў. І перадусім не таму, што адбудаваная сыстэма прызначэньня дэпутатаў часам усё ж можа даваць збой, і найбольш верагодна гэта менавіта падчас мясцовых выбараў. І не таму, што існуе варыянт разьвіцьця падзеяў, калі цяперашнім беларускім уладам дзеля здабыцьця новых эканамічных рэсурсаў на Захадзе неабходна будзе абазначыць нібыта “лібэралізацыю”, і яны прымуць рашэньне сумленна палічыць галасы на некаторых акругах.

Мы выстаўляем кандыдатаў на выбары, бо менавіта вакол іх канцэнтруецца праца Партыі з грамадзтвам. Менавіта выбарчыя кампаніі становяцца для нас з Вамі, для нашых актывістаў нагодай ісьці да людзей, і вядуць іх за сабой менавіта партыйныя кандыдаты. Кандыдаты здабываюць для Партыі новую падтрымку, асабліва ў сытуацыі, калі праз дамінуючыя дзяржаўныя СМІ людзі ня могуць атрымаць абсалютна ніякай інфармацыі пра дзейнасьць дэмакратычных арганізацыяў, пра дзейнасьць Партыі БНФ. Кандыдаты фармуюць агітацыйныя каманды, вельмі часта прыцягваюць да працы сваіх сваякоў, сяброў, знаёмых, якія не зьяўляюцца актывістамі Партыі, але праз асабістае добрае стаўленьне да нашых кандыдатаў гэтыя людзі працуюць на карысьць Фронту.

Перадусім кандыдаты бяруць на сабе асноўную рызыку, зьвязаную зь ціскам уладаў. Кандыдаты рызыкуюць сваёй працай, сваімі сем’ямі, сваёй уласнасьцю. Гэтая выбарчая кампанія, як і папярэднія, ужо дала новыя сумныя прыклады беззаконьня ў дачыненьні да нашых кандыдатаў, грубейшага парушэньня закону і нормаў маралі. Найбольш абуральным ёсьць факт звальненьня з працы нашай кандыдаткі з Маладэчна Тацяны Балабанскай, але аказваўся ціск на нашых паплечнікаў у Слоніме, Барысаве, Пухавічах, Мазыры.

Безумоўна, кандыдаты зьяўляюцца тварам Партыі ў сваіх мясцовасьцях. Цягам папярэдніх выбарчых кампаніяў, калі зьбіраў подпісы ці агітаваў за нашых кандыдатаў у розных гарадох Беларусі, неаднаразова даводзілася сустракаць лю-дзей, асабліва зь ліку тых, хто ня вельмі пільна сочыць за палітычным жыцьцём, якія ня ведалі, хто кіруе Партыяй БНФ, але добра ведалі, хто ёсьць кандыдатам Фронту ў іхным горадзе. Менавіта ад асабістых якасьцяў нашых кандыдатаў, іх аўтарытэту, іх актыўнасьці, іх справаў залежыць стаўленьне да Партыі БНФ у мясцовых людзей, у мясцовай улады. Калі троху зьмяніць папулярнае некалі выказваньне “кадры вырашаюць усё”, дык сёньня з пэўнасьцю можна казаць, што менавіта кандыдаты вырашаюць усё.

Фармат далейшага ўдзелу ці няўдзелу Партыі БНФ у кампаніі мясцовых выбараў будзе вызначаць Сойм Партыі 20 сакавіка. Канешне, будуць узятыя пад увагу ўсе факты ціску на нашых кандыдатаў і сябраў камандаў, вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў, агульная атмасфэра нагнятаньня ў краіне страху, ціск на незалежныя СМІ, іншыя дзеяньні ўладаў. Я перакананы, будзе дадзеная адназначная ацэнка гэтым выбарам як несвабодныі і недэмакратычным. Ужо цяпер мы маем дастаткова фактаў, каб з упэўненасьцю гэта сьцьвярджаць. Што да пытаньня “здымацца – не здымацца”, тут, на маю думку, канчатковае рашэньне павінна пакідацца за кандыдатамі, бо няма ў цяперашняй сытуацыі нейкай найвышэйшай палітычнай мэтазгоднасьці, якая павінна была б прымусіць нас паставіць пад пытаньне павагу і давер людзей да нашых кандыдатаў. І тут самі кандыдаты лепш ведаюць, як ім абараніць свой аўтарытэт у свёй акрузе – ці зьняцца і заклікаць людзей не хадзіць на такія выбары, ці прайсьці да канца і прад’явіць выбаршчыкам факты таго, што галасы ніхто не лічыў. Рашэньне ў цяперашняй сытуацыі мясцовых выбараў павінна належаць кандыдатам.

 

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ

Ключавыя словы: Мясцовыя выбары 2010