Пачатак > Аналітыка > Мясцовыя выбары: без ілюзіяў

 

Мясцовыя выбары: без ілюзіяў

23.03.2010

Закончыліся асноўныя этапы мясцовых выбараў, наперадзе толькі рэгістрацыя кандыдатаў, агітацыя і непасрэдна галасаваньне з падлікам галасоў.

І таму надышоў час даць пэўныя ацэнкі выбарчаму працэсу, які адбываўся па зьмененаму выбарчаму заканадаўству. Некаторыя экспэрты, нават зь ліку тых, хто называе сябе дэмакратычнымі, з аптымізмам успрымалі тыя зьмены, якія былі прынятыя парлямэнтам. Але ж, тая частка кампаніі, якая адбылася па-цьвярджае, што пазыцыя Партыіі БНФ, якая ў сваёй пастанове Сойму адназначна заявіла, што прынятыя зьмены носяць касмэтычны характар і ня могуць прывесьці да дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў цэлым, ёсьць слушнай і адэкватнай.

Практыка прымяненьня выбарчага заканадаўства паказала, што выбары ў Беларусі, як і раней, не адпавядаюць міжнародным стандартам і ня могуць лічыцца свабоднымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Каротка разгледзем этапы выбарчай кампаніі, што ўжо адбыліся

1.      Фармаваньне тэрытарыяльных, акруговых, участковых выбарчых  камісіяў.

Наяўнасьць прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзскіх аб’яднаньняў зьўляецца асноўным крытэрам: наколькі ўдзельнікі выбарчага працэсу маюць магчымасьці кантролю за выбарамі, наколькі плюралістычныя гэтыя камісіі, наколькі яны скіраваныя на правядзеньне дэмакратычных выбараў.

Партыя БНФ заяўляла, што менавіта фармаваньне ўчастковых  камісіяў будзе асноўным крытэрам нашага стаўленьня да выбараў у цэлым, бо ўчастковыя камісіі зьўляюцца надзвычай важнымі для ацэнкі выбараў: заўседы менавіта на ўзроўні ўчастковых камісіяў адбываліся асноўныя фальсыфікацыі і парушэньні, і менаіта прадстаўніцтва дэмакратычных арганізацыяў у гэтых камісіях дазваляла казаць пра тое, што выбарчы працэс зьяўляецца празрыстым і дэмакратычным. Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі было вылучана 208 сябраў Партыі і Грамадзскага аб’яднаньня БНФ, у камісіі было ўключана толькі 20 чалавек, што складае 9.6% ад вылучаных.  Такім чынам, такі мінімальны адсотак уключэньня ў камісіі нават меншы, чым падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе паказвае, што ўлады максымальна захавалі кантроль за выбарчым працэсам, што, як і раней, будуць масавыя фальсыфікацыі, і вынік выбараў ня будзе адлюстроўваць сапраўднае волевыяўленьне беларускага народу.

Як і раней, у выбарчыя камісіі ні на які ўзровень не былі ўключаныя знакавыя прадстаўнікі Партыі БНФ, некаторыя зь якіх маюць вялікі досьвед у выбарчым заканадаўстве і назіраньні.

Навэла ў выбарчым заканадаўстве прадугледжвае і працэдуру абскарджаньня ў судах неўключэньня ў склад выбарчых камісіяў. Як і прагназавалася ў сытуацыі, калі мясцовыя органы ўлады не зьвязаныя крытэрамі пры ўключэньні ў камісіі, прывяло да таго, што судовае абскарджаньне такога неўключэньня ня мае ніякага сэнсу, бо суды ня могуць аб’ектыўна ацэньваць законнасьць фармаваньня камісіяў, і такія судовыя разьбіральніцтвы носяць фармальны характар.

2.      Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, збор подпісаў.

Даючы ацэнку гэтаму этапу, трэба адзначыць, што ўлады максымальна не імкнуліся ствараць перашкоды пры ажыцьцяўленьні гэтага этапу выбарчай кампаніі. У адрозьненьне ад папярэдніх выбараў, зараз былі зарэгістраваны ўсе ініцыятыўныя групы кандыдатаў ад Партыі БНФ. Але гэта аніякім чынам не дае падставы казаць пра зьмены сытуацыі з выбарамі да лепшага.Як і раней, меў месца ціск на кандыдатаў ад Партыі БНФ і на сябраў іх ініцыятыўных групаў.

Напрыклад, пагрозы звальненьня спазналі ініцыятыўныя групы ў Слоніме.

Адным з самых абуральных фактаў зьяляецца звальненьне сябра Партыі БНФ Тацяна Балабанскай, якая вылучаецца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ў Маладэчна.  Спадарыня Тацяна працавала інжынерам-радыёлягам у Маладэчанскім лясгасе.

15 сакавіка, Тацяна падала дакумэнты на рэгістрацыю сябе ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, 16 сакавіка яе выклікалі да кіраўніцтва лясгаса, а 17 сакавіка дадому Тацяне патэлефанавалі з аддзелу кадраў і паведамілі, што  яна ў Маладэчанскім лясгасе больш не працуе.

Таму, ацэньваючы вынікі выбарчага працэсу, можна адназначна сьцвярджаць, што захоўваючы поўны кантроль за выбарчымі камісіямі, ўжываючы рэпрэсіі супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі, улады зноў пазбавілі беларускі народ самастойна абраць сабе ўладу на свабодных, празрыстых і дэмакратычных выбарах. У такой сытуацыі Партыі БНФ не выпадае прызнаваць вынікі выбараў, бо яны ні ў якай ступені не адпавядаюць міжнародным стандартам.

 

Уладзімер Лабковіч, адказны сакратар Партыі БНФ

Ключавыя словы: Мясцовыя выбары 2010