Пачатак > Аналітыка > Народныя грошы зноўку на вецер?

 

Народныя грошы зноўку на вецер?

07.04.2010
Рыгор Кастусёў
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

У сьнежні 2009 году Ўрад Беларусі зацьвердзіў рэспубліканскім органам дзяржкіраваньня, аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму заданьні па долі мясцовых паліўна-энэргетычных рэсурсаў у балянсе кацельна-пячнога паліва на 2009-2012 гады. Адпаведнае рашэньне зьмяшчаецца ў пастанове Савету Міністраў № 1593.

Дадзенай пастановай прадугледжваецца паэтапны рост долі мясцовых відаў паліва (МВП) у балянсе кацельна-пячнога паліва ва ўсіх галінах вытворчасьці. Выкананьне гэтых заданьняў, згодна пастановы, павінна павялічыць да 2012 году долю выкарыстаньня МВП да 25%.

Для Міністэрства Жыльлёва-Камунальнай Гаспадаркі ўстаноўлена заданьне павелічэньня долі МВП з 31,7% у 2009 годзе да 50% у 2012-м.

Пастановай № 1593 скасаваная дзеючая да гэтай пары праграма па выкарыстаньні МВП. Да 7 сьнежня 2009 году ў краіне існавала “Мэтавая праграма забесьпячэньня ў рэспубліцы ня менш 25% аб’ёма вытворчасьці электра- і цеплаэнэргіі за кошт выкарыстаньня мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі на пэрыяд да 2012 году”.

З мэтай выкананьня мерапрыемстваў па павышэньні энэргаэфэктыўнасьці і павышэньні энэргабясьпекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаваньне 5,2-5,8 млрд. даляраў, у тым ліку 1,3-1,5 млрд. даляраў на 2009 год.

Узьнікае пытаньне, чаму раптам не завяршыўшы раней прынятую праграму, Урад краіны прымае новую пастанову, скасаваўшы раней прынятыя праграмныя дакумэнты, заплянаваныя мерапрыемствы, выкананьне якіх прадугледжвала павышэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня і паніжэньне сабекошту энэргіі?
А прычына тут, у першую чаргу, у тым, што нягледзечы на агромністыя сродкі, затрачаныя з 2006 па 2009 гады, дадзеныя праграмы у выніку аказаліся проста праваленыя.

Неэфэктыўна ўкладзеныя сродкі ў сфэры камунальнай гаспадаркі прывялі да павышэньня сабекошту цеплаэнэргіі на многіх аб’ектах ЖКГ, што пацягнула за сабой і павелічэньне аплаты насельніцтвам расходаў за ацяпленьне жыльля.

Вось, напрыклад, як выглядае сабекошт рэалізаванай цеплавой энэргіі па ўсіх кацельнях Шклоўскага УКП “Жылкамгас”. За 2007 год сабекошт адной Гкал на прыродным газе па дадзеным прадпрыемстве склаў 144365 руб., а на дравяным паліве – 192704 руб. За першы квартал 2008 года - на прыродным газе 152586 руб., на дравяным паліве 179078 руб. І гэта яшчэ пры тым, што вялікая частка затрат па нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроў рознымі шляхамі адносіцца на іншыя камунальныя аб’екты. Падобная сытуацыя склалася на бальшыні прадпрыемстваў ЖКГ краіны.

Адной з прычын неэфэктыўнасьці выкарыстаньня мясцовых відаў паліва (МВП) зьяўляецца недасканаласьць абсталяваньня распрацаванага для гэтых мэтаў. Так, напрыклад, катлы КВР-0,5-95 з ручной загрузкай, вытворчасьці навукова-вытворчага прадпрыемства (НВП) “Белкатламаш” г. Бешанковічы па пашпартных дадзеных павінны мець каэфіцыент карыснага дзеяньня (КПД) у памеры каля 87% (ня меней 83%). Але, згодна заключэньня, пры праведзеньні выпрабаваньня па вызначэньні фактычнай велічыні каэфіцыэнта карыснага дзеяньня катлоў працуючых на мясцовых відах паліва ў кацельных №2 і №3 Шклоўскага УКП “Жылкамгас” ад 20.05.2008 году, яго велічыня склала ад 43,1% да 49,4%. Выпрабаваньні праводзіліся спецыялістамі Магілёўскага абласнога ўпраўленьня па надзору за рацыянальным выкарыстаньнем цепла-энэргетычных рэсурсаў і упраўленьня ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама ў прысутнасьці кіраўніцтва Шклоўскага УКП “Жылкамгас”.

Дадзенае абсталяваньне па сваёй эфэктыўнасьці наблізілася да паравозаў, выпускаемых яшчэ ў пачатку 20-га стагодзьдзя.

На пачатку 2000-х гадоў НВП “Белкатламаш” у межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазьберажэньні з дзяржаўнага бюджэту атрымала мільёны даляраў на канструяваньне і наладжваньне вытворчасьці катлоў дадзенай серыі. У выніку фінансавыя сродкі былі выкарыстаныя неэфэктыўна, аб чым сьведчаць вышэй прыведзеныя лічбы. За 2004-2009 гады на прадпрыемствы ЖКГ краіны былі пастаўлены сотні катлоў тыпу КВР-0,5-95.

Усё гэта ў выніку лягло на плечы жыхароў нашай краіны ў выглядзе неаднакратнага павышэньня за гэтыя гады коштаў па аплаце за ацяпленьне кватэр.
Чамусьці пастараліся застацца ў баку і не адрэагаваць на падобнае разбазарваньне фінансавых сродкаў кантралюючыя і праваахоўныя органы рэспублікі, нягледзечы на паступіўшыя ў іх бок на гэтую тэму дакумэнты. У маі 2008 года дадзеная інфармацыя была даведзена Камітэту Дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці (азнаёмлены першы намесьнік старшыні Камітэту Тарасаў А.С.). У маі 2009 года – ва упраўленьне КДБ па Магілёўскай вобласьці (начальнік Упраўленьня Маслакоў В.А). У кастрычніку 2009 года – у Генеральную пракуратуру РБ (Генеральны пракурор Васілевіч Р.А.).

Ня лепшым чынам выглядае сытуацыя па выкананьні падобных праграмаў і ў вялікай энэргетыцы. Ва ўсіх рэгіёнах краіны не завершаны да гэтай пары шэраг заплянаваных на ўвод у 2008-2009 гадах аб’ектаў. Так, на прадпрыемстве “Фандок” г. Бабруйск, Магілёўская вобл. не ўведзена ў строй міні-ТЭЦ на мясцовых відах паліва. Не ўведзены ў плянавым 2009 годзе генерыруючыя магутнасьці ў 2,5 мВт. на ТАА “Гомельшкло”, у 9 мВт. на заводзе “Палімер”, ТАА “Нафтан”, шэраг установак у жыльлёва-камунальнай галіне і г.д...

Занепакоенасьць станам энэргазьберажэньня і нізкай вагой мясцовых відаў паліва ў агульным паліўна-энэргетычным балянсе краіны выказаў і А.Лукашэнка ў час працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць 23 студзеня 2010 года. Ён адзначыў, што Ураду неабходна рупліва заняцца пытаннем па больш рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў. Пазіцыю рацыянальнага ўласніка павінны займаць усе – ад губернатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў, асабліва ў рэгіёнах. Але і тут усё закончылась проста размовай.

Хацелась бы спадзявацца, што да 2012 году Урад краіны прыме ўсе намаганні, каб выканаць сваю Пастанову №1593, што павінна прывесці да паніжэння сабекошту электра- і цеплаэнэргіі і адначасова да памяншэння іх коштаў для насельніцтва. Але, можа быць, перш чым прыступіць да выканання сваёй чарговай Пастановы, Ураду краіны спачатку неабходна было бы разабрацца, чаму не выкананы ранейшыя праграмы? І куды ўсё ж такі падзеліся запланаваныя і выдзеленыя для іх выканання фінансавыя сродкі?

04.04.2010 г.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ
Рыгор Кастусёў