Пачатак > Кампаніі > Прэзыдэнцкія выбары 2010 > Перадвыбарчая праграма Рыгора Кастусёва

 

Перадвыбарчая праграма Рыгора Кастусёва

21.11.2010
Кастусёў_Мілінкевіч7

Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь РЫГОРА КАСТУСЁВА, намесніка старшыні Партыі БНФ

Свабода і адказнасць. Эканамічны рост. Незалежнасць і Еўраатлантычны выбар.

Рыгор Кастусёў і Партыя БНФ ідуць на прэзідэнцкія выбары, каб абараніць карэнныя інтарэсы беларускага народу. Партыя БНФ – старэйшая палітычная сіла Беларусі, якая заўсёды кіравалася нацыянальнымі інтарэсамі.


  Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё – вось наш прынцып.


 На пасадзе прэзідэнта кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зробіць усё для рэалізацыі гэтага прынцыпу, згодна з палажэннямі дадзенай праграмы.


 


СВАБОДА І АДКАЗНАСЦЬ


-  Вяртанне да прынцыпу законнасці і раздзялення ўладаў – першачарговая задача. Беларусь павінна стаць прававой дзяржавай.


-  Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай сістэмы прэзідэнцкага кіравання да парламенцкай рэспублікі. Канстытуцыйны сход павінны вырашыць пытанні пабудовы грамадска-палітычнага ладу вольнай і незалежнай Беларус, распрацаваць часовыя палажэнні і механізм прыняцця новай Канстытуцыі, а таксама прызначыць Камісію па прававой рэформе і Камісію па люстрацыі. На пераходны перыяд дэмакратычны кааліцыйны Урад народнага даверу будзе сфармаваны па пазапартыйным прынцыпе на тэрмін да правядзення свабодных выбараў Парламенту.


 -  Скарачэнне дзяржапарату будзе наступнай задачай. Карупцыя, што апанавала лукашэнкаўскі рэжым, – гэта ракавая пухліна, якая паразітуе на беларускай нацыі. Скіданне ярма бюракратыі і карупцыі будзе адбывацца адначасова са скасаваннем органаў палітычнага пераследу і спецслужбаў, што абслугоўваюць інтарэсы існай уладнай групоўкі.


 -  Сістэма мясцовай улады  будзе рэфармаваная ў адпаведнасці з прынцыпамі Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.


 -  Свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Незалежныя СМІ будуць сапраўднай “чацвёртай уладай”, якая дапаможа знішчыць усе праявы карупцыі. Будзе скасаваная дзяржаўная манаполія на тэлебачанне і радыё.


 -  Перагляд недэмакратычна прынятага заканадаўства будзе здзейснены неадкладна. Камісія па прававой рэформе вызначыць прыярытэтныя кірункі рэфармавання. Мы бачым першачарговымі задачамі стварэнне заканадаўчых гарантыяў для справядлівасці незалежнай судовай сістэмы і свабоды слова.


 -  Злачынствы аўтарытарнага рэжыму не павінны застацца без пакарання. Мы не можам дазволіць забыцца на палітычна матываваныя знікненні, збіццё дэпутатаў Парламенту і шматлікія факты рэпрэсій. Усе факты парушэння законнасці мусяць быць расследаваныя аб’ектыўна. Дзеля гэтага будзе створаная камісія па люстрацыі з шырокімі паўнамоцтвамі і ясным механізмам перадачы вынікаў следства ў органы пракуратуры і суд.


-  Рыгор Кастусёў створыць нацыянальную сістэму абароны правоў чалавека і справядлівасці, якая цяпер адсутнічае ў Беларусі. Яна будзе ўключаць у сябе незалежны і справядлівы суд, упаўнаважанага па правах чалавека.  Будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Старыя спецслужбы будуць скасаваныя, КДБ будзе распушчаны, а ягоная дзейнасць, таксама як і дзейнасць ягоных папярэднікаў, расследаваная Камісіяй па люстрацыі. Новыя спецслужбы будуць створаныя з прафесіяналаў, не заплямленых палітычнымі рэпрэсіямі, карупцыяй і злачынствамі.


 


ЭКАНАМІЧНЫ РОСТ


 -  Рыгор Кастусёў зробіць усё, каб у выніку справядлівай зямельнай рэформы была гарантаваная прыватная ўласнасць на зямлю, што створыць гаспадарчы падмурак новай дэмакратычнай Беларусі.


 -  Будуць створаныя вольныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спрыяльныя ўмовы для крэдытавання бізнэсу праз развіццё мікрафінансавання, стварэнне канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслуг, у тым ліку праз прыцягванне замежнага банкаўскага капіталу. Галоўнае для бізнэсу – стабільнасць правілаў гульні: частыя і беспадстаўныя змены заканадаўства будуць спыненыя.


 -  Мытныя пошліны на ўсе віды тавараў, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, павінныя быць скасаваныя.


 -  Эканамічная інтэграцыя з Еўрасаюзам азначае доступ нашай прадукцыі на еўрапейскія рынкі. Але пры гэтым для нашай краіны для захавання канкурэнтаздольнасці ў глабальным асяроддзі жыццёва неабходная мадэрнізацыя эканомікі. Лукашызм як састарэлая форма кіравання ёсць вынікам захавання састарэлых формаў вытворчасці. Прыярытэтам у інвестыцыйнай палітыцы будзе прыцягненне еўрапейскіх сродкаў дзеля стварэння сучаснай прамысловасці і новых працоўных месцаў.


 -  Па ініцыятыве новага прэзідэнта будзе створаны празрысты і некарумпаваны парадак заахвочвання замежных інвестыцыяў.


-  Увядзенне моцнай нацыянальнай валюты –  талера – арыентыр для грашова-фінансавай палітыкі. На бліжэйшы перыяд мэтай будзе правядзенне пісьменнай і разважлівай грашова-фінансавай палітыкі з мэтай пераадолення наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Падаткавыя стаўкі будуць істотна паменшаныя, а дзейнасць правяраючых органаў упарадкаваная.


 -  Канкурэнтаздольная эканоміка немагчымая без сучаснай сістэмы адукацыі і навукі. Мы скасуем усе абмежаванні на міжнародныя кантакты беларускіх навучальных установаў, будзем заахвочваць стажыроўкі, абмены, сумесныя праекты для прыцягвання ў краіну сучасных ведаў і тэхналогіяў. Прымусовае размеркаванне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага месца працы. Беларусь павінная далучыцца да Балонскага працэсу і ўвесці еўрапейскія адукацыйныя стандарты, мусіць быць забяспечанае прызнанне айчынных дыпломаў у Еўропе. Павінныя быць створаныя ўмовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які цяпер вымушаны працаваць па-за межамі краіны, а таксама для адкрыцця ў Беларусі філіялаў вядучых замежных універсітэтаў.


 


НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ І ЕЎРААТЛАНТЫЧНЫ ВЫБАР


 -  Нацыянальныя інтарэсы, а не зацікаўленасці асобных груповак, павінны быць асновай знешняй палітыкі дзяржавы. Беларусь ёсць неад’емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі. Таму еўрапейскі шлях нашай краіны – гэта не пытанне геапалітычнага хістання паміж Масквой і Бруселем, а свядомы і асэнсаваны ўдзел у еўрапейскіх структурах у якасці паўнапраўнага суб’екта.


 -  Перагляд усіх міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, стане гарантыяй незалежнасці нашай дзяржавы. Выхад з Мытнага саюзу, Саюзнай дзяржавы і падобных утварэнняў парве ланцугі, што прывязваюць Беларусь да Крамля.


 -  Незалежнасць краіны не будзе трывалай, калі яна не забяспечваецца культурнымі чыннікамі. Новаабраны прэзідэнт вярне спрадвечную нацыянальную сімволіку – Пагоню і Бел-Чырвона-Белы сцяг. Будуць створаныя дзейсныя механізмы падтрымкі і пашырэння ўжывання беларускай мовы. Органы дзяржаўнай улады і іншыя дзяржаўныя арганізацыі павінны функцыянаваць па-беларуску, а законы і іншыя нарматыўна-прававыя акты мусяць стварацца на беларускай мове. Галоўнаму аэрапорту краіны будзе нададзенае імя народнага пісьменніка Васіля Быкава.


 -  Энергетычная незалежнасць ёсць неабходнай умовай палітычнай незалежнасці. Мы выступаем за развіццё як альтэрнатыўнай энергетыкі і энергазберагальных тэхналогій, так і даказаўшых сваю эфектыўнасць еўрапейскіх падыходаў да развіцця атамнай энергетыкі. Энергетычнае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі мусіць стаць альтэрнатывай расійскаму імперыялізму.


 -  Цяперашняя  дэмаграфічная сітуацыя пагражае незалежнасці і самому існаванню беларускай нацыі. Кожная сям’я пры ўзяцці шлюбу павінна атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэнні другога дзіцёнка. Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы немагчымае без умацавання сям’і. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у які будуць пераведзеныя сродкі з усіх прэзідэнцкіях фондаў і грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палітычнага пераследу.


 -  Дзеля ратавання беларускай нацыі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы будзе рассакрэчаная поўная інфармацыя аб уплыве наступстваў катастрофы на здароўе нацыі; санітарныя нарматывы, датычныя радыяцыйнага забруджвання, будуць прыведзеныя да стандартаў Еўрасаюза; будзе палегчаная працэдура імпарту лекаў, неабходных для лячэння анкалагічных захворванняў; уведзеныя льготы, якія б стымулявалі дабрачынную дзейнасць, звязаную з арганізацыяй лячэння за мяжой і з увозам лекаў і медтэхнікі; забяспечаная магчымасць рэгулярных бясплатных абследаванняў для выяўлення ракавых захворванняў сярод дзяцей і падлеткаў; павялічанае фінансаванне адпаведных медычных установаў з перанакіраваннем на гэтыя мэты сродкаў, што сёння выдаткоўваюцца на фінансаванне ідэалагічнай вертыкалі.


 -  Будзе пастаўленая заслона нелегальнай эміграцыі. Мяжа з Расіяй будзе усталяваная і надзейна ўмацаваная, каб забяспечваць бесперашкодныя стасункі паміж добрасумленнымі грамадзянамі, але абараняць Беларусь ад крыміналу.


 -  Новы прэзідэнт прыкладзе ўсе намаганні для няўхільнага далучэння Беларусі да Шэнгенскай прасторы. Пры гэтым грамадзяне Расіі змогуць атрымліваць беларускія нацыянальныя візы бясплатна.


 -  Арганізацыя Паўночнаатлантычнай Дамовы павінна стаць гарантам незалежнасці нашай краіны, што патрабуе далучэння Беларусі да палітычных, а ў перспектыве – і да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сістэмы бяспекі. Перагляд вайскова-палітычнай дактрыны будзе ініцыяваны прэзідэнтам пасля кансультацыяў з асноўнымі палітычымі суб’ектамі, кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Генеральнага штабу, і з улікам меркаванняў маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу. Мы выступаем за прафесійнае войска.


 -  Далучэнне Рэспублікі Беларусь да Еўрапейскага Саюзу мусіць быць арыентырам беларускай знешняй палітыкі. Але гэтае далучэнне магчыма толькі на тых умовах, якія будуць выгодныя беларускаму народу і будуць адпавядаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Мы не згодныя пазбавіцца культурнай адметнасці дзеля кароткачасовых гаспадарчых перавагаў.


 


Шаноўныя сябры і аднадумцы!


 Для ўсіх нас Беларусь ёсць адзінай і непаўторнай Бацькаўшчынай. Нашая агульная будучыня непарыўна звязаная з лёсам беларускай нацыі. Разам мы здольныя дамагчыся годнага, свабоднага і незалежнага жыцця на беларускай зямлі. Новы прэзідэнт Беларусі ад Партыі БНФ скарыстае ўсе прэзідэнцкія паўнамоцтвы для дасягнення гэтай мэты.