Аляксандар Лукашэнка правёў экстраную нараду па выбуху ў мэтро.
"Сёньня а 5-й раніцы злачынства было раскрыта. Чэкістам і міліцыі спатрэбіліся суткі, каб у 09:00 правесці бліскучую апэрацыю і без шуму і траскатні затрымаць выканаўцаў. Сёньня а 5-й раніцы яны далі свае паказанні", - заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што затрыманыя выканаўцы тэракту у менскім мэтро прызналіся ў зьдзяйсьненьні выбухаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня 2008 года і раней у Віцебску: "Затрыманыя прызналіся ня толькі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мэтро. На іх сумленьні тэракты, учыненыя ў Дзень незалежнасьці і раней у Віцебску ".
Лукашэнка таксама даручыў дапытаць апазыцыйных палітыкаў у сувязі з тэрактам у мэтро: "Неабходна расьсьледаваць ўсе заявы дзеячаў ад палітыкі, якія абвінавачвалі каго не лянота. Сёньня мы шукаем саўдзельнікаў і замоўцаў. Можа, гэтыя дзеячы ад "пятай калёны" раскрыюць карты і пакажуць, хто замовіў".
"Вінаватыя павінны панесьці самае суровае пакараньне".
Кіраўнікам сілавых структураў: "Тыя, у каго вы знойдзеце незарэгістраваную зброю, выбухоўку, чорных ці белых капальнікаў, - усіх за краты!"
"Толькі так мы можам пазьбегнуць у будучым новых тэрактаў".
Міністру абароны Лукашэнка загадаў цягам двух тыдняў скончыць рэвізію складоў зброі і боепрыпасаў: "Як мне дакладваюць чэкісты, апэратыўнікі, пацікавіліся некаторымі інтэрнатамі вайскоўцаў: чаго толькі там няма. Ну ясна пацукі, але там і патроны, і выбухоўка і боепрыпасы. Я патрабую навядзеньня парадку".
Міністру аховы здароўя Лукашэнка сказаў: "Вы павінны выратаваць усіх параненых".
Менгарвыканкаму Лукашэнка загадаў у самы кароткі тэрмін аднавіць працу транспарту і найперш мэтро. "Трэба, каб сёньня мэтро запрацавала".
"Выпрацаваць сыстэму мер бясьпекі па ўсёй краіне, якая дазволіць дапусьціць падобнага ў будучым".
Паведамляе сайт Радыё Свабоды
Лідэр Партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч зазначыў, што заявы Лукашэнкі пра тое, што "апазыцыя можа існаваць, але пятай калёны ня будзе", і ягоны загад дапытаць апазыцыйных палітыкаў, якія выказваліся пра тэракт, успрымае як пагрозу:
"Хаця калі ты зьяўляесься дэмакратычным актывістам у Беларусі, то вельмі многія дзеяньні ўладаў можна разглядаць як пагрозы. На маю думку, тут асноўная мэта ставіцца — увязаць гэты выбух зь дзейнасьцю апазыцыі. Гэтую лінію распачалі афіцыйныя прапагандысты, не называючы нікога канкрэтна. І цяпер робяцца ўскосныя намёкі наконт гэтага, каб гэтую страшную трагедыю неяк прывязаць да вобразу беларускай апазыцыі".

Паводле vialejka.org.