Пачатак > Навіны > Аляксей Янукевіч: "Адбыліся несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы"

 

Аляксей Янукевіч: "Адбыліся несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы"

26.04.2010
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Ніводзін кандыдат ад Партыі БНФ, Руху "За Свабоду" і моладзевай арганізацыі "Маладая Беларусь" паводле папярэдніх зьвестак ня стаў дэпутатам мясцовых саветаў. Пра гэта паведамілі падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксей Янукевіч, Аляксандр Мілінкевіч і Артур Фінькевіч. Палітычныя лідэры ацанілі выбары як скрайне недэмакратычныя, адзначылі поўную адсутнасьць магчымасьці для кандыдатаў і сябраў іх камандаў хоць якім-небудзь чынам назіраць падлік галасоў, пералічылі шэраг іншых парушэньняў.

Аляксей Янукевіч: "Учора адбыліся несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы. Мы пабачылі, што дэкаратыўныя зьмены ў выбарчае заканадаўства - проста нахабная насьмешка з боку ўладаў. Тысячы парушэньняў, што былі зафіксаваныя дэмакратычнымі кандыдатамі, іх даверанымі асобамі і назіральнікамі, паказалі, што ўлады правялі добрую рэпэтыцыю перад прэзэдэнцкімі выбарамі, якія, паводле Мікалая Лазавіка, могуць адбыцца ўжо ў гэтым годзе. Парушэньні былі такім: штучнае "нацягваньне" яўкі, калі людзей пад прымусам заганялі на выбарчыя ўчасткі, бескантрольнасьць вынасной скрыні для галасаваньня, калі сябры выбарчых камісій бралі яе і ішлі да тых людзей, якія не прагаласавалі на ўчастку, адсутнасьць разьдзельнага падліку галасоў".

Аляксандр Мілінкевіч: "Нягледзячы на афіцыйныя вынікі, мэты, што ставіліся перад выбарамі, мы дасягнулі. Мы пабачылі, што ў грамадзтва нарастае пратэстны настрой, паказалі людзям альтэрнатыву, распавялі пра мэханізмы фальсіфікацыяў. Мая перакананасьць ў тым, што ў любых выбарах абавязкова трэба ўдзельнічаць, ня зьнікла, а толькі ўмацавалася. Удзельнічаючы ў выбарах, мы павышаем пратэстны настрой, ствараючы спрыяльную глебу для наступных прэзыдэнцкіх выбараў".

Артур Фінькевіч: "Падчас выбарчай кампаніі актывісты "Маладой Беларусі" абышлі 8000 кватэраў. Мы пабачылі, што людзі нас падтрымліваюць, дзеляцца сваімі праблемамі, чакаюць ад нас іх вырашэньня. Я перакананы, што цяпер на нашых акругах мы мусім працягваць працаваць так, як быццам бы мы ёсьць абранымі дэпутатамі".

Ключавыя словы: Мясцовыя выбары 2010