Пачатак > Навіны > Афіцыйна > Заява Сойму Партыі БНФ

 

Заява Сойму Партыі БНФ

16.04.2011
Сімволіка

Аб асуджэньні тэрору.

Партыя БНФ асуджае тэрарыстычны акт, які адбыўся 11 красавіка 2011 г. у менскім мэтро, як заўсёды пасьлядоўна асуджае і тэрарызм у цэлым.

Партыя БНФ выказвае спачуваньне і салідарнасьць з усімі пацярпелымі ад бесчалавечнага тэрарыстычнага акту, які адбыўся ў Менску 11.04.2011г. Мы смуткуем з сем'ямі кожнага загінулага, і зычым хутчэйшага выздараўленьня параненым.

Партыя БНФ ганарыцца людзьмі, якія ў надзвычайнай сытуацыі праявілі мужнасьць, узаемадапамогу і арганізаванасьць.

Партыя БНФ выказвае ўдзячнасьць супрацоўнікам мэдычных службаў, МНС, МУС, мэтрапалітэну, якія дапамагалі пацярпелым і самаахвярна займаліся ліквідацыяй наступстваў
тэракту.

Разам з тым, Партыя БНФ асуджае пагрозы незалежным СМІ закрыцьцём за належнае выкананьне сваёй звычайнай журналісцкай працы, а таксама кампанію ў афіцыйных СМІ, якія ў гэты час адкрыта выстаўляюць хлусьлівыя абвінавачаньні супраць прадстаўнікоў незалежнага
грамадзтва, не даючы аніякай магчымасьці выказацца іншаму боку.

Партыя БНФ патрабуе ад дзеючай улады неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, спыненьня кампаніі па шэльмаваньні дэмакратычных сілаў Беларусі і ціску на незалежныя СМІ, бо толькі гэтыя захады могуць стаць важнай перадумовай пераадоленьня падзелу
ў грамадзтве. Толькі ў свабодным, дэмакратычным грамадзтве з моцнай грамадзянскай супольнасьцю і незалежнымі СМІ праявы ўнутранага тэрарызму фактычна выключаны, бо інстытуты грамадзтва зьўляюцца моцнымі абаронцамі ад праяваў ўнутранага экстрымізму і
агрэсіі, аб чым сьведчыць прыклады нашых суседзяў Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі і іншых краінаў, якія не сутыкаюцца з праявамі тэрору. Органы дзяржаўнай бясьпекі абавязаны выконваць функцыю абароны беларускага грамадзтва ад тэрарызму, а не займацца перасьледам палітычных апанентаў цяперашніх уладаў.

Менск, 16 красавіка 2011г.