Былы старшыня «Моладзі БНФ» Алесь Каліта затрыманы ў ноч з 23 на 24 красавіка гомельскімі міліцыянтамі.
Пра гэта Алесь паспеў паведаміць старшыню Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, перадае прэс-служба партыі. У 00.20 ён атрымаў смс з незнаёмага нумара аб тым, што Алесь Каліта затрыманы. Алесь вяртаўся з Украіны і ехаў на пахаванне дзядулі.
Прычыны затрымання актывіста невядомыя. Але вядома, што
Алесь служыў у той жа вайсковай частцы пад Лепелем, што і меркаваны выканаўца тэракту Д.К.
Тамсама служыў і іншы палітрэкрут Іван Шыла.
Як вядома, праз гадзіну пасля тэракту на нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад сілавікоў: «Прааналізуйце, каму не падабалася стабільнасць».
«Я вас папярэджваў, што нам спакойнага жыцця не дадуць. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца», — падкрэсліў Лукашэнка.
У сваім звароце да нацыянальнага сходу і парламента 21 красавіка ён, аднак, заявіў, што пакуль ні палітыкі, ні сувязі з крыміналітэтам за тэрактам не прасочваецца. Тым не менш, праваабаронцу з Віцебска, былога міліцыянта Паўла Левінава затрымалі «па падазрэнні ў датычнасці да тэракту», а ў дзяржаўных СМІ пракацілася хваля публікацый, якія ўвязвалі выбух з апазіцыяй.
***
Як стала вядома старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, Алесь Каліта ўтрымліваецца ў ізалятары часовага затрымання. Сёння ў Чыгуначным судзе над ім павінен адбыцца адміністрацыйны суд за бойку.
Паводле "Нашай нівы"