Пачатак > Навіны > У прэсе > БНФ: незалежнасць пад пагрозай

 

БНФ: незалежнасць пад пагрозай

23.05.2011
Лягатып Партыі БНФ
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі і замежнапалітычная абстаноўка вакол яе пасля 19 снежня 2010 года ствараюць істотную пагрозу эканамічнай і палітычнай незалежнасці беларускай дзяржавы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ «Аб пагрозе незалежнасці Беларусі», прынятай 21 мая на пасяджэнні Сойма.

У прыватнасці, гаворыцца ў дакуменце, «Крэмль і блізкія да яго алігархі атрымалі найлепшую за апошнія некалькі гадоў магчымасць рэалізацыі сваіх планаў у дачыненні да Беларусі».

У заяве падкрэсліваецца, што беларускаму грамадству амаль невядомы змест перамоў і дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты паміж беларускімі ўладамі і Крамлём у апошнія месяцы. «Аднак відавочна, што ў абмен на палітычную падтрымку і заплюшчванне вачэй на наяўнасць палітвязняў Крэмль запатрабуе продаж расійскім уласнікам найбольш эфектыўных беларускіх прадпрыемстваў і аб’ектаў інфраструктуры», — гаворыцца ў заяве.

Сойм Партыі БНФ лічыць, што продаж у непразрыстых умовах расійцам беларускіх прадпрыемстваў і аб’ектаў інфраструктуры «катэгарычна супярэчыць нацыянальным інтарэсам і ставіць пад пагрозу незалежнасць Беларусі».

Партыя заклікае ЕС, ЗША і міжнародныя арганізацыі аказаць на Крэмль ціск, каб ён адмовіўся ад намераў выкарыстаць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі «выключна для ўзбагачэння расійскіх алігархаў і задавальнення ўласных геапалітычных амбіцый».

Пры гэтым Сойм партыі нагадвае расейскаму кіраўніцтву і бізнэсоўцам, што «прыватызацыйныя дамоўленасці, заключаныя непразрыста ў сённяшняй цяжкай для народа Беларусі сітуацыі ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, выкліканай палітычнымі рэпрэсіямі рэжыму, будуць падлягаць перагляду ў будучыні».

Таксама Сойм вызначыў дату чарговага з’езду Партыі БНФ: ён адбудзецца 3–4 верасня. На з’ездзе плануецца абранне кіраўніцтва партыі, а таксама прыняцце стратэгіі дзейнасці на два гады.

Кіраўніцтва партыі плануе падаць заяўку на правядзенне з’езду ў Доме культуры трактарнага завода.

Паводле БелаПАН