Праграма разьвіцьця Партыі БНФ на пэрыяд 2009-2015 гг.
Партыя нацыянальных інтарэсаў
Партыя БНФ застаецца адзінай палітычнай сілай, для якой інтарэсы беларускай нацыі ёсьць галоўнай каштоўнасьцю. Для нашай Партыі нацыянальныя інтарэсы беларускага народа зьяўляюцца вышэйшымі за надзённую палітычную карысьць, за зацікаўленасьці асобных палітыкаў, за будзь-які ідэялягічны дагматызм. Менавіта на гэтай падставе Партыя БНФ можа годна заявіць, што яна ніколі ня хлусіла беларускаму народу, ніколі не ішла на кампрамісы са сваімі каштоўнасьцямі, ніколі ня ставіла палітычную мэтазгоднасьць вышэй за свае праграмныя прынцыпы. Любыя палітычныя й эканамічныя падзеі ўнутры краіны альбо вонкавапалітычныя абставіны нашая Партыя ацэньвала і ацэньвае з пункту гледжаньня беларускай нацыі, дзейнічала і дзейнічае, зыходзячы з гэтай ацэнкі. Партыя БНФ і надалей павінная заставацца сілай, якая перш за ўсё адстойвае нацыянальныя інтарэсы беларусаў.
Дзеля таго, каб БНФ захаваў сваю лідэрскую ролю сярод нацыянальна-дэмакратычных сілаў і мог сапраўды эфэктыўна абараняць і адстойваць нацыянальныя інтарэсы, каб павялічыць свой уплыў на палітычную сытуацыю ў краіне, каб вырвацца з зачараванага кола паразаў апошніх гадоў, нашай Партыі неадкладна патрэбныя перамены. Мы не баімся сьмелых крокаў, таму мы прапаноўваем сапраўдныя перамены, а ня іх звыклую імітацыю з боку старой каманды.
Вось нашыя асноўныя 5 пунктаў для БНФ, каб Партыя магла эфэктыўна рухацца наперад:
Мы можам і павінныя ствараць уласныя палітычныя сцэнары, замест таго, каб быць скарыстанымі ў якасьці “шыльды” ці “цягавай сілы” ў чужых і непатрэбных нам праектах. Мы мусім будаваць кааліцыі толькі паводле ўласных перакананьняў і патрэбаў, а не пад ціскам замежных партнэраў ці пад уплывам мясцовых псэўда-паліттэхнолягаў. Мы знойдзем сродкі на выкананьне сапраўдных партыйных задачаў, а ня будзем прымушаць партыю падладжвацца пад кан’юнктуру розных “дабрадзеяў”.
Мы павінны кардынальна памяняць прыярытэты кааліцыйнага будаўніцтва. Сёньня нам найбольш важна дасягаць згоды й дзейнічаць супольна з тымі сіламі, што вызнаюць блізкія нам нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасьці. Хаўрусьнікамі Партыі БНФ ня могуць быць палітычныя структуры, што гатовыя абараняць у Беларусі расейскія інтарэсы ці гуляць з Крамлём у інтэграцыйныя гульні.
Нам важна жыць і дзейнічаць у адной рэчаіснасьці з грамадзтвам, а ня ў штучна створаным сьвеце ўспамінаў пра мінулыя дасягненьні ды мараў пра чароўныя імгненьныя палітычныя зьмены. Трэба разарваць ізаляцыю, у якую нас імкнецца выштурхаць рэжым, і адмовіцца ад самаізаляцыі, ад замкнёнасьці ў апазыцыйнай рэзэрвацыі. Дзеля гэтага мы мусім не баяцца глыбока забірацца ў праблемы й пытаньні, што патрабуюць вырашэньня. Нашая агітацыя мусіць грунтавацца перадусім на фактах, на добрым веданьні цяперашняга стану рэчаў, а не на колішніх лёзунгах.
Лідэрскія амбіцыі Фронту павінны быць падмацаваныя наяўнасьцю вялікай колькасьці лідэраў на ўсіх партыйных узроўнях, як у цэнтры, так і ў рэгіёнах. Кадравая палітыка будзе мець стратэгічнае значэньне. Новых лідэраў трэба шукаць і мэтанакіравана рыхтаваць, а не тусаваць стары кадравы склад.
Барацьба за “чысьціню” Партыі павінна быць спыненая як мага хутчэй. Камісія партыйнага кантролю мусіць быць скасаваная, бо сталася выключна інструмэнтам у разбуральным унутрыпартыйным змаганьні. У марнай унутранай барацьбе мы ня толькі губляем годнасьць , але і ўласнымі рукамі ператвараем сваіх сябраў у палітычных апанэнтаў. Замест спробаў пабудовы партыйнай вертыкалі “жалезнай рукой” у Фронце павінны панаваць узаемапавага і сапраўдная, а не фармальная салідарнасьць.
Моцныя лідэры - моцныя структуры – моцная Партыя
Немагчымасьць паўнавартаснага існаваньня партыяў парлямэнцкага тыпу ў сёньняшняй палітычнай сыстэме не павінная быць апраўданьнем бязьдзейнасьці. Калі Партыя БНФ прэтэндуе на статус уплывовага суб’екта на нацыянальнай палітычнай сцэне – яна павінная адэкватна ацэньваць бягучыя палітычныя абставіны і ставіць амбітныя, але дасягальныя мэты, нягледзячы на неспрыяльны палітычны рэжым.
Ня маючы аб’ектыўнай прасторы для самарэалізацыі ў выглядзе масавай партыі, у апошнія гады кіраўніцтва Партыі БНФ абрала шлях самазахаваньня празь ізаляцыю ад грамадзтва, праз замкнёнае існаваньне ў цішыні апазыцыйнай рэзэрвацыі. Шумнае высьвятленьне адносінаў у стасунках зь іншымі партыямі дэмакратычнага накірунку, перамогі і паразы ў гэтай барацьбе, не павінныя рабіцца сэнсам існаваньня Партыі БНФ.
Нашыя мэты большыя.
Партыя БНФ не павінная рабіць самазахаваньне адзінай мэтай сваёй дзейнасьці. Паміж штучнай альтэрнатывай масавай партыі парлямэнцкага тыпу і вузкім клюбам палітычных летуценьнікаў насамрэч існуе прастора для дзейсных палітычных арганізацыяў. Аб’ектыўныя абставіны абумоўліваюць шлях развіцьця партыі праз апору на супольнасьці вакол лідэраў грамадзкай думкі на лякальным узроўні.
Асновай партыі на бліжэйшы пэрыяд павінныя стаць асяродкі, якія сфармаваліся вакол аўтарытэтных мясцовых лідэраў у гарадах і рэгіёнах у часе мінулых палітычных кампаніяў. Менавіта структуры партыйных штабоў кандыдатаў у парлямэнт і органы мясцовага самакіраваньня, ініцыятыўныя групы ўдзельнікаў лякальных і нацыянальных грамадзянскіх і палітычных кампаніяў павінныя стаць структурнай асновай для разьвіцьця партыйнай арганізацыі.
У існуючай палітычнай сытуацыі падтрымка Партыяй рэгіянальных лідэраў мусіць весьці да ўмацаваньня партыйных структураў, прытоку да партыйнай дзейнасьці новых прыхільнікаў. Нельга дапусціць паўтарэньня “згубленага пакаленьня 2006-га года”, калі з-за няздольнасьці да пастаноўкі амбіцыйных і адначасова канкрэтных палітычных задачаў цэлая плыня моладзі, зьвярнуўшыся да нацыянальна-арыентаваных палітычных арганізацыяў, не знайшла там магчымасьцяў для самарэалізацыі.
Мэтай дзейнасьці Партыі на пэрыяд 2009-2015 гадоў павінная стаць карэнная перабудова партыйнай структуры ў накірунку фармаваньня моцнай палітычнай арганізацыі, якая будзе ў стане самастойна вызначаць сваю палітычную тактыку і будзе зьяўляцца ядром палітычнай апазыцыі.
Эфэктыўная партыйная арганізацыя
Для дасягненьня гэтай мэты будуць зьдзейсьненыя наступныя крокі:
- На падставе праграмы і рашэньняў Зьезду будзе распрацаванае пасланьне Партыі БНФ да беларускай нацыі напярэдадні выбарчых кампаніяў 2010-2011 гадоў. У гэтым пасланьні мусяць быць дадзеныя адказы на геапалітычныя, эканамічныя і энэргетычныя выклікі, што стаяць сёньня перад краінай у адпаведнасьці з нашым разуменьнем нацыянальных інтарэсаў. Таксама мусяць быць шчыра растлумачаныя матывы нашага ўдзелу ў выбарах і дадзеная ацэнка існуючаму рэжыму. Папулісцкія і згодніцкія плятформы мусяць быць адкінутыя як шкодныя для іміджу нашай Партыі.
- Неадкладна (да канца 2009 году) будуць распачатыя перамовы пра стварэньне правацэнтрысцкага нацыянальна-дэмакратычнага блёку палітычных сілаў, што стаяць на пазыцыях дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, вызнаюць дэмакратычныя прынцыпы палітычнага жыцьця і не прытрымліваюцца ідэялёгіяў, якія супярэчаць праграме Партыі БНФ. Сёньня гэткімі сіламі могуць зьяўляюцца БХД, КХП – БНФ, Рух “За Свабоду”, Правы Альянс, Малады Фронт, а таксама АГП. Аўтарытэт Партыі БНФ мусіць стаць галоўным фактарам, які будзе аб’ядноўваць усе нацыянальна-арыентаваныя сілы ў межах агульнай стратэгіі.
- Кампанія “Прэзыдэнцкія выбары 2010-2011” будзе скарыстаныя Партыяй дзеля прыцягненьня да партыйнай дзейнасьці і сяброўства ў Партыі максымальнай колькасьці новых актывістаў, а таксама для папулярызацыі пазыцыі Партыі БНФ па ключавых палітычных пытаньнях. У выніку гэтай кампаніі колькасьць актыўных сяброў партыі павінная павялічыцца ўдвая.
- Кампанія “Мясовыя выбары 2010-2011” будзе скарыстаная Партыяй дзеля ўмацаваньня лякальных асяродкаў вакол нацыянальна-арыентаваных лідэраў грамадзкай думкі, з максымальным ангажаваньнем іх у арганізаваную партыйную працу. На мясцовых выбарах партыя павінная ня толькі вылучыць ня менш як 200 кандыдатаў у дэпутаты, але і прыцягнуць да сваёй дзейнасьці максымальую колькасьць аўтарытэтных лідэраў лякальных супольнасьцяў, ініцыятараў мясцовых грамадзянскіх кампаніяў.
- Будзе карэнным чынам перабудаваны мэханізм камунікацыяў унутры Партыі. Рэгіянальныя лідэры будуць далучаныя да партыйных дыскусіяў на этапе распрацоўкі плянаў і ідэяў.
- Будуць наладжаныя рэгулярныя выезды кіраўніцтва Фронту ў рэгіёны ня толькі дзеля сустрэчаў з партыйцамі, але й дзеля сумеснай агітацыйнай дзейнасьці.
- Не пазьней за 2010 год мусіць быць наладжаны збор сяброўскіх складак з усіх дзейсных сяброў Партыі з разьмеркаваньнем атрыманых сродкаў паміж цэнтральным кіраўніцтвам, абласнымі і мясцовымі аддзяленьнямі ў роўнай прапорцыі. Фінансавая самастойнасцьць Партыі ёсьць умовай, безь якой немагчымая яе палітычная самастойнасьць.
- Неадкладна мусяць быць перагледжаныя ўсе кааліцыйныя ўгоды і дамовы, удзельнікам якіх зьяўляецца Партыя БНФ. Тыя зь іх, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам альбо абмяжоўваюць Партыю БНФ у адстойваньні нацыянальных інтарэсаў, мусяць быць тэрмінова скасаваныя альбо зьмененыя.
- Уплыў Партыі БНФ на зьнешнепалітычнай арэне мусіць быць скарыстаны дзеля лябіяваньня падыходаў, якія спрыяюць эканамічнай і палітычнай самастойнасьці Беларусі, разьняволеньню палітычныга і гаспадарчага жыцьця ўнутры краіны, адраджэньню беларускай мовы і культуры.
- Партыйнае навучаньне будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з патрэбамі партыйнага будаўніцтва, а не на патрэбу замежным партнэрам. Да 2011 году ў Партыі павінна запрацаваць школа партыйнага лідэрства, якая б вырошчавала здольных актвістаў да ўзроўню лідэраў.
- Моладзь БНФ як найбольш дынамічная частка Партыі і асноўны будучы кадравы рэзэрв Фронту мусіць ня толькі мець падтрымку ў арганізацыі сваёй дзейнасьці на нацыянальным ды рэгіянальным узроўнях з боку партыйнага кіраўніцтва, але й быць актыўна далучаная да выпрацоўкі новых ідэяў і плянаў па працы з грамадзтвам.
У выніку да 2015 году Партыя будзе ў стане ня толькі заяўляць пра нацыянальныя інтарэсы, але годна й эфэктыўна адстойваць іх палітычнымі сродкамі. Партыя БНФ будзе рэальнай палітычнай сілай з моцнымі арганізацыйнымі структурамі й істотнай падтрымкай у грамадзтве, будзе гатовая пры любой нагодзе, незалежна ад умоваў і абставінаў, рэальна змагацца за атрыманьне палітычнай улады ў краіне.