Рэзалюцыя Сойму Партыі БНФ
Разгледзеўшы даклад “Аб цэнтральным офісе Партыі”, Сойм Партыі БНФ канстатуе наступнае:
1. За дзесяцігоддзі размяшчэння цэнтральнага офісу Беларускага Народнага Фронту ў памяшканні па адрасе г. Мінск, пр-т Машэрава (раней – вул. Варвашэні), д. 8. гэта месца сталася сапраўдным цэнтрам палітычнага і культурніцкага жыцця незалежнага беларускага грамадства – месцам правядзення пераважнай большасці непадкантрольных уладам грамадска-палітычных і культурніцкіх мерапрыемстваў.
2. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 году цэнтральны офіс партыі БНФ годна выконвае функцыю цэнтра салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ды іншымі пацярпелымі ў выніку рэпрэсіяў, разгорнутых дыктатарскім рэжымам супраць сваіх апанентаў.
3. Усе гады знаходжання цэнтральных органаў Партыі БНФ у названым памяшканні Партыя сумленна выконвала ўмовы арэнды, у тым ліку пасля амаль 10-разовага падвышэння кошту і рашэння ўладаў ужываць рынкавыя камерцыйныя кошты арэнды, і заўсёды імкнулася да канструктыўных узаемадачыненняў з арэндадаўцам. На дадзены момант ніякай запазычанасці па арэндзе не існуе.
4. У гэтых умовах, рашэнне ЖРЭА Савецкага раёне Менску аб спыненні арэнды Партыяй БНФ памяшкання на Машэрава, 8 з 1-га красавіка 2011 году і пацверджанне гэтага рашэння з боку кіраўніцтва Мінгарвыканкаму не можа расцэньвацца інакш, як выкананне палітычнай замовы па знішчэнні апошняй “Выспы Свабоды” ў цэнтры беларускай сталіцы і аднаго з апошніх месцаў публічнай прысутнасці дэмакратычных сілаў у краіне наогул.
5. Прыняццё гэтага рашэнне ёсць таксама спробай максімальна абцяжарыць легальнае існаванне авангарду нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі – Партыі БНФ праз пазбаўленне яе юрыдычнага адрасу.
Зыходзячы з гэтага, Сойм Партыі БНФ:
- Патрабуе неадкладнага скасавання палітычна матываванага рашэння аб спыненні арэнды памяшкання па пр-це Машэрава, д.8 у Мінску з 1-га красавіка 2011г.;
- Дэкларуе гатоўнасць сяброў Партыі БНФ да правядзення бестэрміновай акцыі негвалтоўнага супраціву выкананню гэтага рашэння ў выпадку яго нескасавання;
- Звяртаецца да сябраў усіх дэмакратычных палітычных партыяў, грамадсікх аб’яднанняў і ініцыятываў, да ўсіх неабыякавых грамадзянаў Беларусі з заклікам аб арганізацыі сумеснага грамадзянскага ціску на ўлады з мэтай адмены ганебнага рашэння, а таксама аб масавым далучэнні да акцыі супраціву з моманту яе абвяшчэння;
- Даручае старшыні Партыі БНФ сумесна з Міжнароднай камісіяй Сойму Партыі БНФ падрыхтаваць і распаўсюдзіць зварот аб правядзенні акцыяў салідарнасці з Беларускі Народным Фронтаў да роднасных палітычных сілаў у замежжы.
Рукі прэч ад “Выспы Свабоды” ў цэнтры Мінску!
Разам абаронім нашу Сядзібу!
Жыве Беларусь!
Мінск, 19 сакавіка 2011.