Давыбары ў Калодзішчах: датэрміновая яўка – у 10 разоў меньш за звычайны паказчык
Дададзена 17.05.2020 9:20:12 | 1,260 праглядаў
Партыя БНФ накіравала назіральніка на давыбары ў мясцовы савет у Калодзішчах, што пад Менскам. Як паведамляецца, падчас пяці дзён датэрміновага галасаваньня з 12 па 16 траўня афіцыйная яўка выбаршчыкаў была ў 10 разоў меней, чым падчас датэрміновага галасаваньня на мінулых выбарах.
17 траўня адбыліся давыбары дэпутата мясцовага савета дэпутатаў у Калодзішчах, што пад Менскам. Жыхары пасёлка абіралі дэпутата сельсавета па Вайсковай акрузе №3 замест выбыўшага. Выбары праходзілі безальтэрнатыўна: на вакантнае месца ў Каладзішчанскім сельсавеце прэтэндаваў толькі адзін кандыдат, маёр міліцыі Андрэй Чубукоў, безпартыйны.
Патрэба ў правядзеньні дадатковых выбараў у савет дэпутатаў першаснага ўзроўню паўстала пасьля таго, як у верасьні мінулага года старшыня Каладзішчанскага сельсавета Алег Захарчыц, ён жа дэпутат па Вайсковай акрузе №3, з уласнай ініцыятывы датэрмінова склаў паўнамоцтвы.

На участку для галасаваньня зарэгістраваны назіральнікам Ільля Дабратвор, накіраваны туды Партыяй БНФ. Як паведамляе назіральнік ад БНФ, падчас датэрміновага галасаваньня, якое цягнулася з аўторка па суботу, у давыбарах узялі ўдзел толькі 19 чалавек, што складае толькі каля 3,5% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў. Для параўнаньня – падчас мінулых выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў у 2018 годзе яўка была 35%, ў дзесяць разоў большая.
Як паведаміла ўправа Партыі БНФ, накіраваньне назіральніка на давыбары ў Калодзішчах было здзесьненае ў мэтах правядзеньня маніторынгу таго, якім чынам арганізуецца галасаваньне ва ўмовах пандэміі COVID-19, якім чынам падчас выбараў на ўчастку выконваюцца супрацьпідэмічныя патрабаваньні міністэрства аховы здароўя, ці ўжываюцца захады сацыяльнага дыстанцыяваньня і сродкі індывідуальнай абароны ўдзельнікаў выбарчага працэсу.