Выбары-2020. Напярэдадні абвалу?Дададзена 21.05.2020 12:46:09 | 1,530 праглядаў Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by пра эканамічны складнік сёлетняй выбарчай кампаніі, якая ўчора афіцыйна стартавала ў нашай краіне.
Сур’ёзны абвал адбыўся ўжо пасля выбараў снежня 2010 года. Праз скарачэнне золатавалютных рэзерваў краіны да 5 млрд долараў, інфляцыйных чаканняў і нясвоечасовай рэакцыі ўладаў з вясны 2011 года да восені наша нацыянальная валюта патаннела ў 3 разы. Гэта значыць, што ў доларавым эквіваленце абваліліся заробкі, прыбытак кампаній і прадпрыемстваў. Той крызіс у Беларусі прынята звязваць у тым ліку і з «другой хваляй» сусветнага, а не толькі з вымываннем валютных сродкаў у нашай краіне ў сувязі са знешнімі выплатамі і іншымі ўнутрыбеларускімі эканамічнымі фактарамі. Пра залежнасць беларускай эканомікі ад знешняй кан’юнктуры, цэнаў на нафту і эканамічнай сітуацыі ў Расіі падрабязна чытайце ў гэтым матэрыяле. Зараз варта зірнуць на адмоўныя эканамічныя фактары, на фоне якіх пачалася выбарчая кампанія 2020-га. Першы этап крызісу ўжо ідзе Банкаўская сфера заўжды аператыўна рэагуе на адмоўныя змены ў эканоміцы. Бо банкі, у адрозненне ад статыстычных арганізацый, маюць магчымасць наўпрост узаемадзейнічаць з прадпрыемствамі і прыватнымі кліентамі. Банкі аператыўна збіраюць інфармацыю ад кліентаў, адсочваюць, як змяняецца стан разлікаў, плыні ліквіднасці і плацежаздольнасць юрыдычных і фізічных асоб. Адпаведна, банкі фіксуюць змены ў эканамічнай сітуацыі практычна ў рэжыме рэальнага часу. Інфармацыя на сайтах Белстата і НБРБ з’яўляецца са спазненнем, з меншай частатой. Таму варта ўважліва сачыць за любымі зрухамі ў сферы банкаўскіх паслуг. Напрыклад, даволі трывожным выглядае прыпыненне найбуйнейшым банкам Беларусі істотнай колькасці крэдытных праграм для фізічных асоб. Як адзначаецца ў заяве банка, кампанія прыпыніла ці абмежавала выдачу пазык на набыццё ўжыванага жылля, спажывецкіх тавараў і інш. Такі крок з боку банка зразумелы, бо ў статыстычнай справаздачы Нацбанка адзначаюцца сур’ёзныя страты банкаўскай сферы ўжо ў сакавіку. Калі ў студзені і лютым прыбытак сферы толькі ўзрастаў, у трэцім месяцы года быў зафіксаваны сапраўдны абвал — больш чым на 40%. Сітуацыю выратаваў хіба толькі заробак на валютных аперацыях, якія разглядаюцца асобна ад іншай дзейнасці. У параўнанні з такім жа перыядам у 2019 годзе прыбытак большы амаль у 2,5 разы. Больш за 250 мільёнаў беларускіх рублёў па краіне. Становішча ў банкаўскай сферы ў пэўнай ступені ёсць адлюстраваннем агульнага стану ў эканоміцы. Нацбанк апублікаваў вынікі анкетавання прадпрымальнікаў і вытворцаў. Так званы індэкс эканамічнага настрою ў красавіку знізіўся адразу на 11,7 пункта ў параўнанні з сакавіком. Гэты індэкс ёсць індыкатарам настрояў у бізнесе, ацэнкай эканамічнай сітуацыі, рынкаў і дзеянняў дзяржавы ў гэтай галіне. Такога кшталту індэксы не варта разглядаць як безумоўны інструмент для адназначных высноваў, бо іх могуць выкарыстоўваць і з маніпулятыўнымі мэтамі. Але публікацыя гэтых дадзеных на сайце Нацбанка прымушае задумацца пра магчымыя падзеі ў беларускай эканоміцы. Тым больш што нацыянальны рэгулятар пачаў праграму па павелічэнні грашовай масы праз выдачу пазык камерцыйным банкам. Такі крок, як і аб’яўленне банкірамі пра частковае прыпыненне крэдытавання фізічных асоб, можна звязваць са змяншэннем наяўнасці ў сферы. У тым ліку ў сувязі з нявыплатамі па крэдытах як юрыдычнымі, так і прыватнымі кліентамі банкаў. У пачатку траўня ўлады заявілі пра павелічэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі на 1,2%:
Істотным індыкатарам падзей у эканоміцы для Беларусі з’яўляецца курс нацыянальнай валюты. І тут сітуацыя ацэньваецца як крызісная. Чытайце таксама: Якім будзе жыццё пасля каранакрызісу?Ціск на беларускі рубель абумоўлены не толькі знешняй кан’юнктурай на рынках і каранакрызісам:
Перад выбарамі і пасля Цяжка ўявіць, што пры такім стане ў эканоміцы і прагнозах зніжэння вытворчасці да −5,5% ад міжнародных арганізацый Беларусь здолее за некалькі месяцаў змяніць тэндэнцыю і перад выбарамі сітуацыя будзе лепшай. Усе апошнія выбары прэзідэнта ў Беларусі праводзіліся ў зімова-веснавыя месяцы і ва ўмоўна спакойнай эканамічнай сітуацыі. Можна сказаць, што сёлетняя кампанія ўжо беспрэцэдэнтная. Па-першае, праз тэрмін правядзення, па-другое, праз каранавірус і адзін з самых сур’ёзных эканамічных крызісаў. Першапачатковай датай выбараў кіраўніца ЦВК абвяшчала 30 жніўня. Гэтая дата неаднаразова пацвярджалася ў прэсе рознымі дзяржаўнымі службоўцамі. Што ж прымусіла ўлады змяніць тэрмін? Магчыма, на фоне аднаго з самых цяжкіх крызісаў, які разгортваецца ў свеце і краіне, правесці выбары раней на 20 дзён можа быць неблагім рашэннем. Чаму так спяшаюцца ўлады? Магчыма, трываласць эканамічнай сістэмы яны здольныя ўтрымаць толькі да гэтага тэрміну і падстрахоўваюцца? Ці чакаць нам абвалу, як было ў 2011-м? Альбо яшчэ горшага?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|