Партыя БНФ » БНФ працягвае судзіцца за месцы ў выбаркамах: новыя адмовы ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ працягвае судзіцца за месцы ў выбаркамах: новыя адмовы ў Менску

Дададзена 28.05.2020 8:51:39 | 835 праглядаў

У Мінскім гарадскім судзе 26 траўня была разгледжана скарга Мінскай гарадской арганізацыі БНФ “Адраджэньне” на неуключэнне ў склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі Дзмітрыя Каспяровіча. Кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі БНФ быў у складзе гэтай камісіі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

minski_garadski_sudСправу разглядала суддзя Яблыкава. Заяўніка прадстаўляў Юрый Чавусаў. Прадстаўнік Мінгарвыканкама ў суд не з’явіўся, даслаўшы свой водгук на скаргу. Але прадстаўнік БНФ быў супраць разгляду справы без прадстаўніка Мінгарвыканкама. Па яго меркаванню, без яго не магчыма даследваць доказы і ацэньваць адпаведнасць закону працэдуры фармавання камісіі. Але пазіцыю прадстаўніка БНФ суд не прыняў ва ўвагу.

Суд забараняе апазіцыі фатаграфаваць матэрыялы справы

Таксама Юрый Чавусаў заявіў хадатайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы з магчымасцю рабіць выпіскі і копіі дакументаў. Хадатайніцтва было задаволена. На час азнаямлення са справай быў абвешчаны перапынак на 30 хвілін. Прадстаўнік БНФ пачаў знаёміцца з матэрыяламі ў залі судовага паседжання. Але далей, як распавядае назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Пашкевіч, падзеі разгортваліся дзіўным чынам:

“Спачатку Юрыя Чавусава папрасілі прайсці ў канцылярыю, бо працаваць у залі чамусьці нельга. Але там старшыня канцылярыі па грамадзянскіх справах забараніў яму рабіць фотакопіі матэрыялаў справы.

Неўзабаве з перапынкам усяго ў 15 хвілін замест 30 паседжанне ўзнавілася. На абурэнне Юрыя Чавусава тым, што, нягледзячы на задавальненне яго хадатайніцтва насуперак патрабаванням ГПК яму забаранілі рабіць копіі матэрыялаў справы, суддзя адказала, што копіі рабіць нельга, бо матэрыялы змяшчаюць асабістыя дадзеныя людзей, якія былі супраць іх разгалошвання”.

Падобная сітуацыя адбылася і падчас разгледжання Мінгарсудом у той жа дзень скаргі намесніка старшыні партыі БСДП “Грамада” Аляксея Сігаева. Суддзя А. Бычко забараніў яму рабіць фота і відэа падчас азнаямлення з матэрыяламі справы.

Якія яшчэ прэтэнзіі былі ў БНФ “Адраджэнне”?

Пасля гэтага прадстаўнік БНФ выказаў недавер суддзі і сакратару, бо яны, па яго меркаванню, зацікаўлены ў выніках суда. Хадайніцтвы аб адводах былі не задаволены.

Таксама Юрый Чавусаў звярнуў увагу суда на тое, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць арыгіналы дакументаў, а іх копіі завераны пячаткай Мінгарвыканкама. Нават дакументы аб вылучэнні Дзмітрыя Каспяровіча завераны не БНФ, а чамусьці Мінгарвыканкамам.

Прадстаўнік БНФ таксама адзначыў на судзе, што трое членаў гарадской камісіі не маглі імі стаць, бо дакументы аб іх вылучэнні не адпавядаюць ч.7. ст. 37 Выбарчага кодэкса.

  • Сцяпанаў Аляксандр Аляксандравіч быў вылучаны ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, але насуперак патрабаванням Выбарчага кодэкса, у дакументах аб яго вылучэнні адсутнічае нумар тэлефона арганізацыі, якая яго вылучыла.
  • Клішэвіч Сяргей Міхайлавіч вылучаны ад БРСМ і Шыпай Людміла Васільеўна – ад “Белай Русі”. У іх замест пратаколаў аб вылучэнні прадставілі выпіскі з пратаколаў.

Юрый Чавусаў звярнуў увагу, што пры гэтым дакументы аб вылучэнні Дзмітрыя Каспяровіча цалкам адпавядалі патрабаваннем заканадаўства.

Па яго меркаванню, у склад камісіі патрапілі праўладныя людзі, якія гатовы выканаць любы загад. У складзе Мінгарвыбаркама няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Юрый Чавусаў прасіў ацаніць само рашэнне, адмяніць яго і сфармаваць новы склад камісіі, уключыўшы туды прадстаўніка БНФ “Адраджэнне”.

Судовыя спрэчкі не атрымаліся, бо адсутнічаў другі бок. У выніку Мінгарсуд адмовіў у задавальненні скаргі.

Чаму так атрымліваецца?

“Заганы існуючай у Беларусі працэдуры стварэння камісій бачацца ў тым, што ў заканадаўстве не замацавана права суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах мець сваіх прадстаўнікоў у камісіях. Напрыклад, ва Украіне ў камісіях усіх узроўняў, акрамя ЦВК, гэтае месца гарантавана, а, калі суб’ектаў больш, чым месцаў, праводзіцца жэрэб’ёўка.

Другая загана ў тым, што, як у дадзеным выпадку, камісію фармуюць члены Прэзідыума Мінскага гарадскога Савета і Мінгарвыканкама. То бок адзін орган – частка “вертыкалі” выканаўчай улады, а другі – дэкаратыўны орган, які створаны той самай “вертыкаллю” на мінулых мясцовых выбарах. Ні адзін з гэтых органаў не з’яўляецца незалежным, і працэдура прадстаўляецца фармальнай”, – адзначае Алег Пашкевіч.

“У шэрагу краін, якія маюць агульнае з намі мінулае, напрыклад, ва Украіне, Азербайджане, Арменіі сістэма выбарчых камісій фармуецца Цэнтральнай камісіяй, якая, у сваю чаргу, фармуецца пры незначным удзеле выканаўчай улады. У Малдове Цэнтральная выбарчая камісія складаецца з дзевяці членаў, з якіх адзін прапануецца Прэзідэнтам, а астатнія восем – Парламентам з захаваннем прапарцыйнага прадстаўніцтва большасці і апазіцыі. Персанальны склад камісіі сцвярджаецца пастановай Парламента, прынятай большасцю галасоў выбраных дэпутатаў. Члены Цэнтрвыбаркама Арменіі прызначаюцца прэзідэнтам, па прапанове Абаронцы правоў чалавека Рэспублікі Арменія, старшыні Касацыйнага суда і старшыні Палаты адвакатаў Рэспублікі Арменіі.

Зразумела, што заканадаўчае замацаванне адпаведных працэдур гэта не панацэя ад усіх праблем. Але гэта стварае прававыя рамкі, у якіх можа функцыянаваць дэмакратыя”, – дадае Алег Пашкевіч.

Мінгарсуд 26 траўня таксама разгледзеў скаргу БСДП “Грамада” аб уключэнні намесніка старшыні партыі Аляксея Сігаева пры фарміраванні складу Мінскай гарадской камісіі па выбарах Прэзідэнта. Пасля чатырох гадзін судовага паседжання суд адмовіў у задавальненні скаргі.

 ”Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.