Партыя БНФ » Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў – пра прычыны крызыса з вадой у Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў – пра прычыны крызыса з вадой у Менску

Дададзена 30.06.2020 9:44:24 | 424 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у сваім блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны” камэнтуе прычыны крызыса з забруджанай вадой ў сустэме вадаканалу сталіцы.

Рыгор Кастусёў на ЭўрарадыёЦягам пяці дзён ні чыноўнікі Мінгарвыканкама, ні супрацоўнікі “Вадаканала”, ні спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі так і не далі ўцямнага прафесійнага адказу — што ж адбылося з вадой на самай справе ?

Выказаныя імі здагадкі, што праблемы з якасцю вады маглі ўзнікнуць 24 чэрвеня з-за анамальнай спёкі і праводзімых напярэдадні рамонтных работ на вадаводзе № 3, выглядаюць як лепет дзіцяці перад бацькамі ў апраўданне за незнарок зламаную цацку.

Складваецца ўражанне, што чыноўнікі не слухаюць прагноз надвор’я, раз не прынялі папяраджальных захадаў для забяспячэння нарматыўнай якасці вады. Або можа ў мінулыя гады ў нашай краіне не назіралася такая спякота?

Давайце прааналізуем з прафесійнага пункта гледжання, што і чаму на самай справе адбылося ў Мінску з якасцю вады і ці можа гэта, або штосьці падобнае яшчэ паўтарыцца ў бліжэйшы час і ў іншых гарадах?

Так склалася, што напрыканцы зімы і напачатку вясны гэтага года мне ўдалося сустрэцца з шэрагам спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі розных гарадоў, з якімі я працаваў у сферы ЖКГ у 90-х і ў пачатку 2000-х. Гэта былі прафесіяналы, ды, я ўпэўнены, яны застаюцца такімі і зараз, нягледзечы на іх прадпенсійны або пенсійны ўзрост.

І калі пры сустрэчы размова заходзіла аб іх працы ў ЖКГ, то ўсе яны, як у адзін голас, з вялікай трывогай выказваліся аб негатыўных працэсах у гэтай сферы, звязаных у першую чаргу з нездавальняючым падборам кіруючых кадраў і спецыялістаў, асабліва ў гарадскіх, раённых аддзелах, абласных упраўленнях, Міністэрстве ЖКГ, з засіллем чыноўнікаў, прызначаных на пасады па прынцыпу свой-чужы.

У час размовы мае былыя калегі вельмі негатыўна ваказваліся аб эксперыментах тагачаснага міністра ЖКГ Церахава з гарадскімі і абласнымі “Вадаканаламі”, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Ужо тады яны падкрэслівалі, што дабром гэта не скончыцца.

Але давайце вернемся да праблемаў Мінска.

Згодна дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 гады, у 2013 годзе Мінск павінен быў цалкам перайсці на падземныя крыніцы вадазабеспячэння.

Як запэўніваў яшчэ ў чэрвені 2012 года міністр ЖКГ Андрэй Шорац, праз год, дзякуючы будаўніцтву вадазабора “Вязынка”, будзе вырашана праблема забеспячэння падземнай вадой жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, часткова Кастрычніцкага раёнаў сталіцы.

За гэты час і Шорац пабываў на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама, і ў Міністэрстве ЖКГ змянілася яшчэ некалькі міністраў, а жыхарам гэтых раёнаў Мінска так да гэтай пары пастаўляецца вада з вадасховішча Крылова Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Будаўніцтва аб’ектаў вадазабора, набыццё абсталявання было замарожана пасля таго, як у 2012 годзе працэсамі фінансавання і выкарыстання дзяржаўных сродкаў зацікавіліся Камітэт дзяржкантролю і Генеральная пракуратура. Але далей цікаўнасці справа ў Генеральнай пракуратуры і КДК не пайшла. Усё закончылася толькі канстатацыяй фактаў.

На двары 2020 год, а адказу аб лёсе фінансавых сродкаў, што былі выдзелены на будаўніцтва вадазабора “Вязынка” згодна дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 г.г., да гэтай пары няма.

У той жа час на ўтрыманне, рамонт, прафілактыку дзеючай сістэмы вадазабеспячэння, з улікам планаў па будаўніцтву вадазабора “Вязынка”, выдзяляецца недастатковае фінансаванне, што вядзе да павышэння амартызацыйнай зношанасці абсталявання і магчымых аварыйных сітуацый.

Не лепшым чынам складваецца сітуацыя з вадазабеспячэннем і ў іншых рэгіёнах краіны. Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, дзе па ініцыятыве былога міністра ЖКГ Церахава была праведзена рэарганізацыя вадаправодна-каналізацыйных гаспадарак праз іх узбуйненне да аднаго прадпрыемства на вобласць, што ўжо негатыўна адбіваецца на кіруемасці падраздзяленнямі на месцах і, як вынік, на якасці паслугаў.

Аб праблемах у сферы ЖКГ быў вымушаны казаць і Лукашэнка ў час нарады па пытаннях развіцця ЖКГ краіны 12 чэрвеня 2020 года ў Полацку. Аб гэтым ішла гаворка на самым высокім узроўні і год, і два гады таму. Аб тым жа самым вялася размова і на пасяджэнні рэспубліканскага семінара на тэму ЖКГ у кастрычніку 2017 года ў прысутнасці кіраўніка краіны. Размовы вядуцца, але сітуацыя да лепшага не змяняецца.

Да гэтай пары ў многіх рэгіёнах краіны адсутнічаюць ачыстныя збудаванні, а нечыстоты збіраюцца на палях фільтрацыі.

Забяспечанасць станцыямі абязжалезвання па краіне складае каля 40%, найбольш востра праблема высокага ўтрымання жалеза ў пітной вадзе адчуваецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

З кожным годам усё вастрэй адчуваецца праблема зношанасці вадаправодных сетак, асабліва ў Віцебскай вобласці, што прыводзіць да ўзрастання звышнарматыўных страт вады.

Негатыўныя працэсы, што адбываюцца ў сферы ЖКГ краіны, прыводзяць да пагаршэння якасці жыллёва-камунальных паслугаў для насельніцтва, да тэхналагічных аварыйных сітуацый на аб’ектах.

Хацелась бы памыліцца, але тое, што адбылося з якасцю вадаправоднай вады ў Мінску — гэта толькі першыя званочкі, якія сведчаць аб агульным стане ўсёй сферы ЖКГ краіны.

І самае кепскае ў гэтай сітуацыі тое, што людзі, якія кіруюць сферай ЖКГ на ўсіх узроўнях, не здольныя да пераменаў, да тэрміновых рэформаў гэтай галіны. Пры гэтым яны не праяўляюць ні цікаўнасці, ні жадання да прапановаў іншых людзей, да досведа камунальных службаў іншых краін, як зрабіць гэтыя перамены.

У выніку з-за некампетэнтнасці вось такіх гора-чыноўнікаў вымушаны пакутваць простыя грамадзяне.

А прапановы аб пераменах ёсць.

Паводле сайта “Беларускія навіны

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.