Партыя БНФ » Суд у Слоніме адмовіўся пераглядаць склад участковых выбарчых камісій па скарзе ГА БНФ “Адраджэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Суд у Слоніме адмовіўся пераглядаць склад участковых выбарчых камісій па скарзе ГА БНФ “Адраджэньне”

Дададзена 05.07.2020 10:37:11 | 453 праглядаў

29 чэрвеня у слонімскім судзе адбылося пасяджэнне, дзе разглядалі скаргу кіраўніка слонімскага аддзялення грамадскага аб`яднання БНФ «Адраджэнне» Паўла Севасцьяна на рашэнне Слонімскага раённага выканкама ад 24.06.2020 года па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій Шасэйнага і Заходняга ўчасткаў для галасавання.

U-sudze-2У другой палове дня суддзя Аляксандр Ярмолік агучыў рашэнне, згодна з якім праўда аказалася зноў на баку мясцовай ўлады – паведамляе мясцовая “Газэта Слонімская“.

— Тое, што праўда пераможа, ніхто не верыў. Дый зараз лічым, што рашэнне суда фармальнае і не з`яўляецца законным. Райвыканкам не забяспечыў уключэнне ў склад участковых камісій прадстаўнікоў нашага грамадскага аб`яднання, а гэта парушае пункт 7.2 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Разам з тым у склад участковай камісіі № 28 і 8 трапілі людзі, якія гатовыя выканаць любы загад улады. Чатырох чалавек Слонімскі райвыканкам уключыў па выпісках з пратакола, а гэта грубае парушэнне часткі 6 артыкула 35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Тое, што адбылося сёння, яркая праява дыскрымінацыі сяброў ГА БНФ «Адраджэнне» па палітычных матывах. Калі ў камісіі няма ні аднаго чалавека ад апазіцыі, гэта значыць, што выбараў у краіне няма, — пракаментаваў судовае рашэнне Павел Севасцьян.

Сведкам на пасяджэнні з боку абароны выступіў грамадскі актывіст аб`яднання Алег Вяселін. Ён таксама падзяліўся сваімі думкамі наконт судовага паседжання.

— Рашэннем суда абсалютна не задаволены, бо яно не адлюстроўвае таго, што было насамрэч выяўлена падчас судовага разбіральніцтва. Судовая ўлада ў беларускай сістэме выконвае другасную функцыю, прыкрывае свавольства органаў выканаўчай улады. На жаль, пры такой сістэме суды пазбаўлены паўнамоцтваў і не могуць разглядацца як орган, які ў стане аднавіць парушаныя правы суб`ектаў выбарчага працэсу. Добры тролінг атрымаўся, — падсумаваў Алег Вяселін.

Між тым Алеся Здановіч і Валерый Бадзей, прадстаўнікі Слонімскага райвыканкама, засталіся ўпэўненымі, што скаргі, якія ім прад`явілі, неабгрунтаваныя. Суд патрабаванні Слонімскай гарадской арганізацыі грамадскага аб`яднання БНФ «Адраджэнне» пакінуў без задавальнення. Рашэнне суда абскарджанню і апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Нагадаем, што ў мінулум годзе падчас парламенцкіх выбараў менавіта ў Слоніме здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак, калі суд прызнаў пастанову пра фармаваньне ўчастковых камісій незаконнай і пастанавіў перагледзіць склад выбаркамаў.

Сёлета ж ніводная са скаргаў, пададзеных на фармаванне ўчастковых камісій без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасці, не была задаволеная:

Скаргі

Структуры БНФ падавалі скаргі на фармаванне выбарчых камісій па ўсіх дзевяці раённых судах у Менску, а таксама ў суды Віцебску, Гародні і Слоніму.

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.