Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ асудзіў наступ улады на Чарвоны Касьцёл
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ асудзіў наступ улады на Чарвоны Касьцёл

Дададзена 13.07.2020 2:34:26 | 408 праглядаў

12 ліпеня падчас службы ў Касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску вернікам паведамілі, што ўлады налічылі падатак на зямлю і амартызацыю будынка ў памеры 13 000 рублёў штомесяц. Намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч лічыць ціск уладаў на Чырвоны Касьцёл абуральным прыкладам антынароднай сутнасьці цяпершніх уладаў Беларусі.

Чырвоны касьцёл«За што мы павінны плаціць? За тое, што молімся ў сваім касьцёле?», — гаворыць сьвятар на відэа, запісаным падчас службы. Вернікі зьбіраюць подпісы да Аляксандра Лукашэнкі, каб будынак храму перадалі парафіі зь дзяржаўнай уласнасьці – паведамляе беларуская служба Радыё Свабода.

Агульная запазычанасьць склала 156 000 рублёў. У выпадку нявыплаты будынак касьцёла адыдзе дзяржаве.

Раней кіраўніцтва касьцёла зьвярталася ў Менгарвыканкам з просьбай не забіраць храма і ня ўводзіць новага падатку на зямлю. Але атрымалі адмову на той падставе, што будынак здаецца вернікам у арэнду.

Ля ўваходу ў касьцёл і ў канцылярыі зьбіраюць подпісы за захаваньне храма для вернікаў. Пазьней подпісы будуць адпраўленыя ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

«Мы будзем прасіць дзяржаву аддаць тое, што належыць нам», — гаворыцца ў калектыўным звароце.

Чырвоны касьцёл пачаў будавацца ў 1905 годзе на сродкі палітычнага і грамадзкага дзеяча, мэцэната Эдварда Вайніловіча ў памяць пра сваіх дачасна памерлых дзяцей Сымона і Алену. За савецкім часам будынак выкарыстоўваўся як Дом кіно.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што сытуацыя з ціскам уладаў на Чырвоны касьцёл ёсьць тыповай ілюстрацыяй парадкаў, якія пануюць цяпер у Беларусі: улада не падсправаздачная перад людзьцмі, цяперашняя ўлада – гэта ўлада не для народа. Пра гэта палітык напісаў у сваім допісе ў фэйсбуку:

Сытуацыя з Чырвоным Касьцёлам у Менску, насамрэч, зусім не заблытаная. Яна гранічна простая, і яна яскрава дэманструе стаўленьне цяперашняй улады да веры, да маралі, да традыцыяў, да уласнасьці, да ролі дзяржавы, і праз гэта ўсё, самае галоўнае —да людзей.

Сутнасьць гэтага стаўленьня — людзі вінныя дзяржаве. Гэта базавы прынцып.
Калі супольнасьць вернікаў — вялікая, шматтысячная супольнасьць грамадзянаў краіны — хоча праслаўляць Бога ў храме, які быў пабудаваны за уласныя сродкі каталіком для менавіта гэтай адзінай мэты — яны не павінныя мець гэты храм ва ўласнасьці, бо тады яны ўжо будуць меньш залежаць ад дзяржавы. У нашых умовах, вядома, і ўласьнік ня можа пачувацца цалкам вольным, але ўласьніку лягчэй. А лягчэй, паводле цяперашняга прынцыпу дзяржавы, быць не павінна.

Таму трэба зарадзіць 13 тысячаў штомесячнай аплаты. Бо ня можа ж дзяржава не зарабляць на ўласных грамадзянах. Не па-гаспадарску гэта. Ды й сума, з такога пункту гледжаньня, зусім не вялікая, бо вернікі ж вельмі актыўна эксплюатуюць “аб’ект”, тысячы людзей штодня, па нядзелях — дзясяткі тысячаў. Многія яшчэ сьвечкі паляць, копцяць сьцены, псуюць падлогу. Вось калі б тут толькі канцэртная заля арганнай музыкі — ідэальна для дзяржавы. Значна меньшы знос будынку, а гэта ж адна зь візітных картак нашай сталіцы. Плюс кожны набывае квіток. Плюс можна бясплатна раздаваць частку квіткоў пэнсыянэрам ды вэтэранам, а гэта ўжо залічваецца як сацыяльны клопат і падтрымка.

А калі ня хочаце або проста ня маеце сродкаў заплаціць — прасіце, маліце дзяржаву. Не забывайце, калі ў храме зьявіліся ў вас іншыя пачуцьці ці думкі, хто тут сапраўдны гаспадар ды ўладар. Прасіце, і, магчыма, атрымаеце міласэрнасьць. І ня трэба вам будзе шукаць штомесяц 13 тысячаў, каб памаліцца грамадой. Але ня факт. Уладар ня толькі міласэрны, але й строгі. Але вы прасіце.

Сытуацыя з Чырвоным Касьцёлам у Менску ўзьнікла раней за пачатак гэтай выбарчай кампаніі і будзе працягвацца, відавочна, і пасьля жніўня. Але яна ёсьць чарговай нагодай для нас узгадаць, што дзяржава можа — і мусіць — быць іншай. Што прынцып, агучаны нашым нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі — “не народ для ўраду, а ўрад для народу” — ужо рэалізавалі ў сябе многія народы. І беларусы могуць таксама.

Вернікі і «неабыякавыя людзі» зьвяртаюцца з пэтыцыяй да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай перадаць ва ўласнасьць каталіцкай парафіі касьцёл сьвятых Сымона і Алены ў Менску.

Цяпер будынак касьцёла знаходзіцца ва ўласнасьці Менгарвыканкаму.

Паводле закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» рэлігійныя арганізацыі маюць пераважнае права на перадачу iм дзяржавай культавых будынкаў. Дзяржава можа прадстаўляць ім ільготы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.