У Слуцку затрыманы сябра Сойму БНФ Віталь Амяльковіч і іншыя актывісты апазыцыіДададзена 04.08.2020 9:12:48 | 913 праглядаў У аўторак, 4 жніўня, у Слуцку планаваўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак у апошні момант мясцовы райвыканкам адмяніў мітынг, а міліцыя і АМАП пачалі затрымліваць людзей, якія прыйшлі на выбарчы пікет. Як паведамляе Праваабарончы цэнтар “Вясна”, 4 жніўня ў Слуцку было затрымана каля 17 чалавек:
Як паведамляе праваабаронца “Вясны” Юрый Мяцельскі, затрыманых даставілі ў Слуцкі РАУС, пад будынкам якога іх чакаюць сябры і сваякі. Супрацоўнік Слуцкага РАУС паведаміў, што заўтра, 5 жніўня, над затрыманымі адбудзецца суд у 9 раніцы. Як распавёў рэдактар “SlutskGorod” Уладзь Ярот, якога затрымлівалі 4 жніўня ў Слуцку, але потым адпусцілі, усіх затрыманых адразу даставілі ў дзяжурную частку Слуцкага РАУС, а затым адразу ў ізалятар часовага ўтрымання. Як разгортваліся падзеі 4 жніўня ў Слуцку? Юрый Мяцельскі у 17:10 паведаміў, што на месца правядзення мітынгу кандыдаткі Святланы Ціханоўскай у Слуцку, які запланаваны на 17:30, падагналі тэхніку — аўтавышкі, палівальную машыну і трактар. Супрацоўнікі «Зелянбуда» саджаюць кветкі на клумбах. Случакі, якія хочуць патрапіць на выбарчы пікет Ціханоўскай, дапамагаюць ім хутчэй скончыць працу. Пры гэтым, сама пляцоўка, дзе павінен праходзіць мітынг, агароджана турнікетамі. Людзі збіраюцца на пікет. Як паведаміў праваабаронца, у 17:30 на мітынг сабралася каля 500 чалавек. Прадстаўнікі «Зелянбуда» паведамілі, што не ведаюць, калі скончаць працы, але працоўны дзень у іх да 18-й гадзіны. Пры гэтым Слуцкі райвыканкам заявіў, што праз тэрміновую неабходнасць рэмонтных прац правядзенне агітацыйнага мітынга немагчыма. Як паведамляе праваабаронца “Вясны” Юрый Мяцельскі, у 17:40 машына аварыйнай службы з’ехала пад крыкі случакоў “Ганьба!”, але прыехалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Людзей пачалі затрымліваць. Супрацоўнікі АМАПу і людзі ў цывільным проста выхопліваюць людзей з натоўпу, якія чакалі пачатку мітынга. Затрымалі мінімум восем чалавек. Аўтобус з затрыманымі з’ехаў. Супрацоўнік міліцыі просіць усіх разыйсціся. Частка людзей сышла. Як паведамляе Юрый Мяцельскі, пасля затрыманняў міліцыя перакрыла прылеглую дарогу да пляцоўкі. На прыпынку не выпускалі людзей з аўтобуса. Супрацоўнікі міліцыі працягваюць разганяць людзей. Затрыманні працягваюцца. З прыпынку супрацоўнікі АМАПа забралі мужчыну і павялі ў сіні мікрааўтобус. Па словах праваабаронцы, у Слуцку 4 жніўня былі затрыманыя мінімум 10 чалавек. У 18:35 у Слуцку пачалася другая хваля затрыманняў, у якім удзельнічаюць 20 супрацоўніка АМАПу і тры супрацоўнікі ў цывільным. Затрыманы мясцовы актывіст, сябра Сойму БНФ Віталь Амяльковіч. Таксама затрыманы рэдактар слуцкага выдання “SlutskGorod” Влад Ярота, а таксама Уладзіслаў Загарэй. Як паведамляе Юрый Мяцельскі, затрымана ўжо каля 15 чалавек. Як паведамляе kurjer.info, людзей затрымлівалі не толькі на месцы яго правядзення мітынгу, але і праз дарогу ў краме. У Салігорску таксама адмянілі мітынг Ціханоўскай і пачаліся затрыманні Паведамляецца, што ў Салігорску таксама спрабуюць сарваць мітынг за Ціханоўскую. На ўездзе да стадыёна «Будаўнік» прывезлі экскаватары і капаюць зямлю. Пазней паведамілі, што ў Салігорску таксама мітынг адмянілі. Афіцыйна кандыдатка Святлана Ціханоўская не атрымлівала ніякіх паведамленняў пра адмену выбарчага пікета. Як паведаміла Вольга Кавалькова, у Салігорску супрацоўнікі міліцыі разагналі людзей, якія прыйшлі на дазволены пікет у дазволеным месцы. Каля стадыёна, дзе мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, сабралася каля 100 чалавек. Пачаліся затрыманні. Затрыманых змяшчаюць у аўтазак. Сярод затрыманых у Салігорску – прадстаўнік рэдакцыі “Лідар прэсс” Уладзімір Уфімцаў. Вядома, што ў Салігорску затрымалі не менш пяці чалавек. Напярэдадні ў Стоўбцах улады сарвалі сустрэчу з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай з выбаршчыкамі, прыгнаўшы будаўнічую тэхніку на мясцовы стадыён. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|