Партыя БНФ » Пазыцыя БНФ па пытаньні канстытуцыйнага будаўніцтва ў Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пазыцыя БНФ па пытаньні канстытуцыйнага будаўніцтва ў Беларусі

Дададзена 21.11.2020 5:39:07 | 1,085 праглядаў

Пазыцыя Партыі БНФ па пытаньні канстытуцыйнага будаўніцтва ў Беларусі

Прынятая рашэньнем XХ Зьезду Партыі БНФ

7 лістапада 2020 году

канстытуцыя 15 сакавіка

Падчас выбарчай кампаніі 2020 года, якая адбывалася з паўсюдным выкарыстаньнем звычайных для цяперашняга рэжыму метадаў адміністратыўнай маніпуляцыі і татальнага кантролю, актыўна дыскутавалася тэма канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі. Пасьля выбараў на гэтай тэме робяцца спекуляцыі Аляксандрам Лукашэнкам і блізкімі да яго арганізацыямі.  У сувязі з гэтым Партыя БНФ заяўляе пра наступнае:

  1. Цяперашняя, дзейная дэ факта Канстытуцыя ў рэдакцыі 1996 года (са зьменамі ад 2004 году) – гэта Канстытуцыя недэмакратычная, аўтарытарная. Яна замацоўвае суперпрэзыдэнцкі лад кіраваньня, ставіць кіраўніка дзяржавы па-над законам, пазбаўляе яго ўладу ад якіх-кольвек  абмежаваньняў дзеля валюнтарысцкага прасоўваньня свайго палітычнага курсу.
  2. Партыя БНФ вітае той факт, што цяпер для шырокіх колаў грамадзкасьці зрабілася зразумелай вядомая і раней ісьціна: прынятая на нелегітымным “рэспубліканскім рэферэндуме” ў 1996 годзе Канстытуцыя – гэта нелегітымная канстытуцыя аўтарытарнай дыктатуры.
  3. Устаноўлены ў Канстытуцыі са зьменамі 1996 года парадак несумяшчальны з прынцыпамі законнасьці і правапарадку, у тым ліку з прынцыпам павагі да правоў грамадзянаў. Менавіта таму замацаваныя нават у гэтай Канстытуцыі недасканалыя нормы пра правы і свабоды грамадзянаў застаюцца адно толькі фікцыяй. Цяперашняя хваля гвалту і беззаконьня (якую некаторыя называюць “прававым дэфолтам”) ёсьць вынікам менавіта гэтай Канстытуцыі, якая ёсьць недзеяздольнай і ня ёсьць мэханізмам абмежаваньня свавольства дзяржаўнай улады.
  4. БНФ мае ўласную праграму, у якой выкладзеная ясная візія эўрапэйскай свабоднай Беларусі, яе дзяржаўны лад, сыстэма ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў, гарантыі выкананьня правоў і свабодаў, вольнага развіцьця асобы і грамадзтва ў беларускай нацыянальнай дзяржаве.
  5. Разам з тым БНФ цьвёрда стаіць на пазыцыях вяртаньня да Канстытуцыі 1994 года ў першапачатковай рэдакцыі без аніякіх зьменаў. Гэты акт быў недасканалым, ўстаноўленая ў ім сыстэма не здоліла стаць перашкодай умацаваньню у Беларусі дыктатуры. Аднак пры ўсіх сваіх недахопах рэдакцыя канстытуцыі 1994 года мае адну звышканштоўную і бясспрэчную якасьць: Канстытуцыя Беларусі ў рэдакцыі 1994 года з’яўляецца легітымным прававым актам. Таму без вяртаньня да дзеяньня гэтага акта аніякія праекты канстытуцыйнай рэформы не могуць вярнуць прававую сыстэму Беларусі ў рэчышча законнасьці.
  6. Пасьля аднаўленьня дзеяньня Канстытуцыі 1994 года адчыняецца шлях для далейшых канстытуцыйных рэформаў у межах дэмакратычнай і плюралістычнай працэдуры. На пераходны пэрыяд распрацоўкі новай Канстытуцыі мэтазгодным зьяўляецца прыянцьцё часовага канстытуцыйнага акту, адной з вэрсіяў якога зьяўляецца Малая Канстытуцыя, распрацаваная ў 2007 годзе Партыяй БНФ ды іншымі дэмакратычнымі партыямі і рухамі.
  7. Абвешчанае цяпер уладамі (і падтрыманае некаторымі палітычнымі сіламі) абмеркаваньне канытстуцыйнай рэформы выклікае моцныя сумневы ў шчырасьці намераў і эфэктыўнасьці працэдуры. Яго ініцыятарам варта было б пачаць з выкананьня таго, што прапісанае цяпер у цяпрашняй Канстытуцыі ды ў законах, вызваліць палітвязьняў ды правесьці новыя сумленныя выбары па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій з улікам рэкамендацыяў АБСЭ і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі “Права выбару”.
  8. Агучаны ўладамі намер прыняць новую Канстутцыю на гэтак званым “усебеларускім народным сходзе” (дэкаратыўны орган фікцыйнага “народаўладзьдзя”, якім у 1996 годзе Лукашэнка спрабаваў легітымізаваць канстытуцыйны пераварот) сьведчыць, што ініцыяваныя адміністрацыяй дыскусіі цяпер не маюць за мэту вяртаньне да дэмакратыі і законнасьці: яны могуць весьці толькі да ўдасканаленьня канстытуцыйнага аздабленьня дысктатуры і, нават, да зварочваньня невялікіх але нязручных для ўладаў нормаў пра правы і свабоды грамадзянаў, што захаваліся ў цяперашняй рэдакцыі Канстытуцыі.

ХХ Зьезд БНФ пацьвярджае ранейшае рашэньне Сойму БНФ ад 10 лютага 1996 году, якім адстаўка Лукашэнкі была пазначаная ў якасьці першачарговай палітычнай мэты, а захаваньне незалежнасьці Беларусі – стратэгічнай задачай БНФ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.