Партыя БНФ » Справаздачны выступ старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на ХХ Зьездзе Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Справаздачны выступ старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на ХХ Зьездзе Партыі БНФ

Дададзена 10.11.2020 10:29:16 | 339 праглядаў

7 лістапада ў Менску прайшлі XX з’езд Партыі БНФ і ХVI з’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Перад найвышэйшым органам партыі са справаздачным дакладам выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

(тэкст дакладу публікуецца)

СПРАВАЗДАЧА

Старшыні Партыі БНФ і Старшыні Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”

Рыгора КАСТУСЁВА

Паважаныя сябры і паплечнікі! Дарагія фронтаўцы!

Тры гады таму, рашэньнем 18-га Зьезду Партыі БНФ (15-ты Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”), што адбыўся  30 верасьня 2017 году, я быў абраны на пасаду старшыні Партыі БНФ і руху БНФ “Адраджэньне”.

Цягам трох год усёй сваёй працы на пасадзе старшыні я імкнуўся апраўдаць высокі давер, які вы мне далі, калі ўсклалі на мяне абавязкі старшыні партыі і руху.

У сваёй дзейнасьці я кіраваўся нашымі, фронтаўскімі каштоўнасьцямі, палажэньнямі праграмы БНФ “Адраджэньне”, нашым статутам і рэзалюцыямі таго зьезду 2017 года, якім былі акрэсленыя асноўныя накірункі дзейнасьці і задачы на трохгадовы пэрыяд.

Адзначу, што на справаздачны перыяд прыпалі адразу тры выбарчыя кампаніі ўсіх узроўняў, якія адбываліся за гэты час у Беларусі – выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў ў лютым 2018 года, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу сёмага скліканьня 17 лістапада 2019 году, і, нядаўнія выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што адбыліся 9 жніўня гэтага году, суправаджадіся бурлівымі пратэстамі і чыі вынікі яшчэ рана падсумоўваць.

Такім чынам, палітычны парадак дня быў надзвычай насычаны. Не пабаюся перабольшыць: трохгадовы перыяд, калі я быў абраны на высокую пасаду старшыні Фронту, час маёй працы на пасадзе, і цяперашні час – гэта фактычна розўныя палітычныя эпохі. Гэты перыяд умясьціў у сабе надзвычайную колькасьць падзеяў і палітычных зьменаў. Уступаючы на пасаду, я браў кіраўнічае стрыно ў пэрыяд палітычнай няпэўнасьці ў грамадзтве, калі шмат хто навокал казаў пра ўяўную “адлігу”, пра пацяпленьне ў стасунках паміж Беларусьсю і Захадам, пра адыход ад варожага стаўленьня ўладаў да грамадзянскай супольнасьці,  калі заходнія палітыкі меолі надзеі і сапраўды былі ўпэўненыя ў тым, што дыктатарскі рэжым, што кіруе ў Беларусі, раптам стаў траваядны і, маўляў, рухаецца ў бок дэмакратызацыі. Гэтыя надзеі, як цяпер бачна, апынуліся марнымі.

Натуральна, цяпер прыхільнікі гэтых тэзаў стараюцца забыць свае мінулыя прагнозы, стараюцца не прыгадваць тую эйфарыю, якую яны дэманстравалі з нагоды допуску ў парламент двух прадстаўніц незалежнага грамадзтва – дэпутатак ад АГП і Таварыства Беларускай мовы.

Са сваяго боку магу сказаць, што пэўныя магчымасьці цягам гэтых трох гадоў сапраўды адчыняліся, пэўныя дыялогавыя пляцоўкі працавалі. Але ў адрозьненьне ад іншых палітыкаў, у працы ў тых умовах я меў цьвёрдае апірышча ў выглядзе фронтаўскіх каштоўнасьцяў:  незалежнасьці Беларусі, прыярытэту беларускай мовы і нацыянальна-культурнага адраджэньня, прырытэту нацыянальных інтарэсаў беларускага народа над прыватнымі інтарэсамі якіх-кольвек групаў і сацыяльных слаёў. Для БНФ заўжды прыярытэтам будуць тыя інтарэсы, якія яднаюць нас у адну нацыю.

У гэтай працы маім надзейным апірышчам была мая каманда, згуртаваная ў абраным вамі Сойме Партыі БНФ, яго Управе, у шырокай сетцы тэрытарыяльных партыйных структураў і суполак. Мушу падзякваць за дапамогу сваім намесьнікам Зьмітру Салошкіну, Аляксею Янукевічу, Вадзіму Саранчукову,а таксама лідэрам і актывістам усіх рэгінальных арганізацыяў, усім вам.

Трывалым апірышчам у маёй працы стаў план дзейнасьці, які быў распрацаваны на падставе рашэньняў мінулага Зьезду і ў якім былі акрэслены асноўныя накірункі дзейнасьці партыі і грамадзкага аб’яднаньня на пэрыяд 2018-2020 гадоў. Арыентыры, мэты і задачы ў азначаным плане былі пастаўленыя амбітныя. Не ўсе задумкі ўдалося рэалізаваць, некаторыя планы заталіся толькі планамі. Але ў сукупнасьці тое што было зроблена ёсьць, я лічу, важкім унёскам у нашую беларускую справу, у справу беларускага нацыянальнага адраджэньня і ў палітычную працу беларускай нацыянальнай дэмакратыі – той палітычнай традыцыі, чыім спадкаемцам і падаўжальнікам цяпер ёсьць БНФ, наша партыя, наш рух і усе мы з вамі.

Далей больш падрабязна спынюся на асноўных кірунках маёй працы за справаздачны пэрыяд.

Адзначэньне стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі і стагоддзя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 2018-м годзе

Як я ўжо казаў, на пэряд маёй працы на пасадзе старшыні БНФ прыпала ажно тры выбарчыя кампаніі. Аднак усе яны адбываліся ў звыклым рэжыме татальнага адміністрацыйнага кантролю і маніпуляцый і не могуць лічыцца сапраўды сумленнымі выбарамі.

Таму нядзіва, што ў наказах, што ўтрымліваліся ў рашэньнях мінулага зьезду 2017 года, не было нічога пра выбары – але затое была адмысловая рэзалюцыя аб неабходнасьці адзначэньня стагодздзя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў сакавіку 2018 году на нацыянальным узроўні, на ўзроўні дзяржаўнага сьвяткаваньня.

Гэтая рэзалюцыя была прыянтая зьездам адзінагалосна і сталася найпершым працоўным выклікам для мяне на пасадзе старшыні фронту.

Магу сказаць, што дзяеньні па арганізацыі адзначэньня слаўнага юбідею стагодздзя БНР былі распачатыя мною неадкладна ўжо ў першыя дні пасьля абраньня старшынём. Без залішняй сьціпласьці мушу ўпэўнена заявіць, што роля нашай арганізацыі была вызначальная ў гэтай справе і менавіта дзякуючы БНФ атрымалася зладзіць сьвята 100 год БНР менавіта як нацыянальнае сьвята дзяржаўнай незалежнасьці на ўзроўні, годным эўрапэйскай нацыі. Побач з нашымі суседзямі, якія таксама адзначалі стагоддзе сваіх рэспублік, сьвяткаваньне стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі выглядала годна, як і мае быць для эўрапэйскай нацыі, для нацыі,  якая адбылася.

Напачатку працы па арганізацыі сьвяткаваньня стагодздзя БНР мною была накіраваная прапанова ўладам аб дзяржаўным удзеле ў сьвяточных мерапрыемствах. У прапановах былі акрэсленыя кірункі дзяржаўнай працы і тое значэньне, якое мела заснаваньне БНР для сучаснай Беларусі. Цягам шматлікіх сустрэчаў давялося спрачацца, перакановаць, даводзіць магчымасьць таго, што раней падавалася немагчымым. У выніку атрымалася дамагчыся таго, што палітычнае кіраўніцтва краіны заняло нейтральна-спрыяльную пазыцыю: па адміністрацыйнай вертыкалі быў дадзены загад не перашкаджаць грамадзкім ініцыяьывам па адзначэньні БНР. Па іншым кірунку працы атрымалася сабраць моцны кулак грамадзкіх ініцыятыў і блогераў, якія прынялі нашую падачу і распачалі сапраўдную хвалю акцыяў і кампаніяў па адзначэньні стагоддзя незалежнасьці Беларусі практычна па ўсёй краіне. У выніку мы можам сьмела сказаць што год 2018  стаўся ў палітычнай гісторыі краіны менавіта годам БНР – тым годам, калі сучаснасьць і часы айцоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасьці былі злучаныя. Гэта было важным унёскам нашай партыі ў справу нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

Маштабнае сьвяткаваньне стагоддзя БНР у Менску як Сьвята незалежнасьці стадася апагеям урачыстасьяў – дзеля арганізацыі гэтага сьвята  нам атрымалася аб’яднаць усе патрыятычныя партыі і рухі, усе здаровыя сілы грамадзтва, дамагчыся спрыяньня мясцовых уладаў. Не хаваю, што перамовы былі вельмі складаныя з уладамі – як на тэхнічным, так і на палітычным узроўні. Давялося таксама весьці перамовы і з эўрапэйскімі дыяпляматамі – іх пазытыўнае стаўленьне да прапанаванага намі пляну сьвяткаваньняў было таксама немалаважным дзеля таго каб дамагчыся садзейнічаньня з боку ўладаў нашаму пляну.

Сьвяткаваньні з нагоды стагодзьдзя абвяшчэньня 25 сакавіка 1918 года трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі адбыліся па ўсёй краіне. Па ўсіх абласьцях у гарадох ды мястэчках працавалі арганізацыйныя камітэты, створаныя па ўзгадненьні з агульнанацыянальных аргкамітэтам па ініцыятыве Партыі БНФ альбо з чынным удзелам актывістаў Фронту – гэта зусім не толькі Менск, гэат Кобрынь, Берасьце, Ліда, Слонім, Баранавічы, Гомель, Горкі, Пружаны, Лепель, Магілёў, іншыя гарады і мястэчкі.

І, канешне ж, – Гародня, дзе каманда на чале з Вадзімам Саранчуковым зладзіла выдатнае сьвята і дзе ў наступным, 2019 годзе, была агульнанацыянальная пляцоўка дзеля сьвяткаваньня ўжо 101-й гадавіны трэцяй устаўной граматы БНР. Нажаль, менавіта ў 2019 годзе, хоць нам атрымалася ізноўку захаваць каманду грамадзкіх ініцыятыў, некатіорыя нашыя партнэры па дэмакратычным руху вырашылі адасобіцца і зладзіць камэрна6е ўласнае сьвяткаваньне ў Менску насуперак рашэньням агульнацыянальнага грамадзкага камітэту. У выніку нічога страшнага ў 2019 годзе не здарылася – БНФ з партнэрамі зладзілі файнае агульнанацыянальнае сьвята ў Гародні, а іншыя партыі адасоблена зладзілі імпрэзу ў Менску.

Але сам факт няздольнасьці нашых партнэраў па палітычным флянгу апазыцыі быў досыць сымптаматычны – нездаровая канкурэнцыя, няздольнасьць трымаць слова і недамоваздольнасьць, няздольнасьць да пабудовы трывалых кааліцыяў, імкненьне дэманстраваць еднасьць там дзе яе няма, і імкненьне раздзьмуваць канфлікты тамі, дзе ім не павіннае быць месца – усё гэта яскрава праявілася ў тым, што здабыткі таго посьпеху БНР 100 былі ў значнай ступені прамарнаваныя.

Шмат у чым гэтыя хібы былі паўтораныя і ў часе падрыхтоўкі апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Аб палітычных кампаніях партыі падчас выбараў

Падчас выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў я быў на пасадзе старшыні некалькі месяцаў, таму асноўны цяжар працы па арганізацыі партыйнай кампаніі палягаў на рэгіянальных структурах.

Тым не меньш, мушу яшчэ раз падкрэсліць: у Беларусі выбараў няма, вынікі выбараў татальна кантралююцца ўладамі, і гэта датычыць усіх узроўняў. Той грамадзкі розгалас і грамадзкае абурэньне, якімі суправаджаюцца выбары ў гэтым годзе – гэты розгалас абугрунтаваны і абурэньне справядлівае. Але гэты факт не мусіць засьцілаць той ісьціны, што ад 1995 года, ад умацваньня ў Беларусі дыктатарскай улады Лукашэнкі, ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не адбывалася сумленна – яны ўсе былі махлярскім чынам сфальшаваныя. Больш за тое, падчас кампаніяў ніжэйшага узроўню, як кампаніі мясцовыя, памер парушэньня можа быць і большы, чым падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Як бы там не было, я застаюся цьвёрдым прыхільнікам тэзы, што, хоць выбараў у Беларусі няма – але выбаршчыкі ў Беларусі ёсьць. І час выбараў – гэта час, калі мы можам як данесьці да грамадзян сваю візію паліытчнага развіцьця краіны (ці іх рэгіёна), так і сказаць праўду пра выбарчае махлярства з боку ўладаў.

Тым кандыдатам, якія вылучаюцца ад БНФ і якія ідуць на гэтыя выбары каб казаць людзям праўду – гонар і пашана.

На мясцовых выбарах 2018 года ад БНФ у мясцовыя савету вылучаліся 29 кандыдатаў. Камусьці ўлады намалявалі больш, камусьці меньш. Дзесьці, як Старшыні Берасьцейскай арганізацыі БНФ Зьміцеру Шыманскаму, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавета па і якому “намалявалі” 21,3% галасоў, нашым кандыдатам атырмалася перамагчы па выніках падлікаў у асноўны дзень галасаваньня – але на гэты выпадак ў уладаў ёсьць звыклы сцэнар масавага датэрміновага галасаваньня.

Прывяду красамоўны прыклад па адным з участкаў Шклоўскай гарадзкой выбарчай акругі, дзе я вылучаўся дэпутатам Магілёўскага абласнога савету. Дык вось, у асноўны дзень галасаваньня прыйшло аж 3 выбаршчыкі! Явачны сьпіс пры гэтым перавышаў 200 выбарнікаў. Аднак па выніках галасаваньня яўка на гэтым участку атрымалася 98%! Уяўляеце? Апроч таго, зьявілася шклоўскае ноўхаў — датэрміновае выязное галасаваньне. Такога таксама яшчэ не было.  Такім чынам, ўлада праверыла гатовасьць камісіяў на пэрспэктыву, прайшла, так бы мовіць, практычная трэніроўка. Асноўная падрыхтоўка вялася да 2020 году да прэзыдэнцкай кампаніі.

Мы таксама закладалі падмуркі для супольнай працы – у 2018 годзе нам атрымалася моцнай кааліцыяй арганізацыяў зладзіць агульнанацыянальную кампанію назіраньня “Права выбару” з пакрыцьцём паўнавартасным назіраньнем 311 выбарчых участкаў па краіне. Важнасьць той кампаніі назіраньня яшчэ і ў тым, што міжнародных назіральнікаў на тых выбарах не было – на мясцовых выбарах 2018 году “Права выбару”  было фактычна адзінай паўнавартаснай кампаніяй назіраньня. Гэта дазволіла абгрунтавана заявіць пра нелегітымнасьць мясцовых саветаў дэпутатаў 28га скліканьня і сфармуляваць рэкамендацыі па зьмяненьні выбарчага заканадаўства, без ваыкананьня якіх правядзеньне сумленных выбараў у Беларусі немагчымае.

На падмурку гэтай кампаніі мы з партнэрамі па назіраньні, а гэта восем палітычных партыяў і рухаў рознай скіраванасьці, выйшлі на парламенцкія выбары – выбары Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Гэтая выбарчая кампанія антыканстытуцыйна была прызначаная Лукашэнкам на лістапад 2019 года – хоць насамрэч па законе выбары павінныя былі прайсьці зараз ўвосень 2020 года. Гэткае дэманстратыўнае парушэньне канстытуцыйных нормаў пра тэрмін паўномоцтваў паралмента, дэманстратыўны роспуск пардамента без канстытуцыйных падставаў – яскрава сьведчыць пра тое месца, якое займае канстытуцыя ў сыстэме ўлады. Гэтае месца – ніякае, і што б у канстытуцыі не было б запісана – дыктататура гэта можа парушыць нават без звышпатрэбы, а прсота дзеля зручнасьці кіраваньня. Гэта было з прызначэньнем парламенцкіх выьарпаў раней за вызначаны тэрмін – гэтак і здараецца кожны раз пры прызначэньні прэм’ер-міністра без згоды парламенту. Ну не выконвае рэжым канстытуцыю – дык якое значэньне ў абмеркаваньні таго, што не выконваецца? Пытаньне рытарычнае.

Як бы там ні было, на выбарах парламенцкага ўзроўню памер парушэньняў сувымерны, але і  роля кандыдатаў ад апазыцыі, і магчымасьці іх – крыху большыя. Нашыя актывісты якія самаахвярна пайшлі на тыя парламенцкія выбары і былі вылучаныя ад Партыі БНФ дапамаглі не толькі засьведчыцйь парушэньні – яны таксама атрымалі доступ да агітацыйных магчымасьцяў, для правядзеньня пікетаў (асабліва падчас збору подпісаў) і агітацыйных мерапрыемстваў, да публікацыі партыйных праграмаў у газэтах.

Ад Партыі БНФ былі высунутыя 38 кандыдатаў, аднак 7 кандыдатаў сутыкнуліся з адмовамі ў рэгістрацыі, так што статус кандыдата займеў толькі 31 вылучэнец ад БНФ. Падчас кампаніі з-за надуманых падставаў выбарчыя камісіі праз неабгрунтаваныя абвінавачаньні ў парушэньні парадку агітацыі скасавалі рэгістрацыю шасьці кандыдатам ад БНФ, а адзін з кандыдатаў быў вымушаны сам зьняцца з выбарчай гонкі пад ціскам.  У дзень галасаваньня ў выбарчых бюлетэнях былі 24 кандыдаты ад Партыі БНФ, якія былі прадстаўленыя ва ўсіх абласьцях краіны і ў горадзе Менску.

Агулам для кандыдатаў БНФ па Беларусі намалявалі 45 тысяч галасоў – але наўрадці гэтыя лічбы маюць хоць нейкае дачыненьне да рэчасінасьці. Паказальна, што сярэдні адсотак за кандыдатаў ад БНФ на выбарах 2019 года быў 4,12% галасоў – здавалася б, няблага і ў нармальнай дэмакратычнай краіне гэта б дазваляла разлічваць пры зьмяньшэньні інфармацыйнага ціску і перасьледу разлічваць на праходжаньне ў парламент па партыйных сьпісах. Але ж не будзем забывацца – гэтыя лічбы насамрэч  ўзятыя са столі. На папярэдніх выбарах у палату прадстаўнікоў шостага скліканьня ў 2016 годзе, кандыдатам ад БНФ намалявалі … тыя ж самыя 4,29%!!! Так што відавочна, існуе ўстаноўка, і БНФ пазначаная вось гэтыя рыса – 4%, якія дазволена гэтай палітычнай сіле іфіцыйна атрымліваць.

Але гэта ніякім чынам не перакрэслівае здабытку тых кандыдатаў-фронтаўцаў, якія правялі моцныя кампаніі і паказалі людзям магчымасьць палітычнай альтэрнатывы, магчымасьць іншай Беларусі. Усе ў Гародні ведаюць – каманда Вадзіма Саранчукова ёсьць той, якая атрымала давер ад гарадзенцаў безадносна таго, колькі там намалявала пасьпяховаму кандыдату афіцынйая статыстыка. Вылучу пасьпяховыя і яркія кампаніі Алены Церашковай ў Менску, Міколы Чарнавуса ў Баранавічах, Аляксея Гаўруцікава ў Віцебску, Ільлі Дабратвора на Меншчыне, Васіля Астроўскага ў Менску, Надзеі Салаўёвай у Магілёве, Васіля Раманава ў Гомелі, Вітольда Ашурка ў Лідзе, Віктара Марчыка ў Слоніме, іншых кандыдатаў і кандыдатак ад БНФ. Гэтая кампанія паказала яшчэ раз, што партыя БНФ ёсьць наймацнейшай палітычнай сідай паводле разгалінаванасьці рэгіянальных структур і моцы нашых лідэраў на месцах.

Дзякуючы пікетам і выступам многіх нашых кандыдатаў беларусы змаглі пачуць словы праўды – і за гэта нашых кандыдатаў каралі зьняцьцём зў выбараў. Але некаторыя з іх пастпелі зьвярнуцца да выбаршчыкаў з праўдзівай інфармацыяй пра сутнасьць выбараў у Беларусакай сыстэме – вылучу бліскучы выступ Зьміцера Касьпяровіча на тэледэбатах у Менску, дзе заемест таго каб быць лялькай у руках тэлевядоўцаў і спрачацца з уяўнымі паліытчнымі апанентамі Зьміцер папросту распавёў пра тое, якія метады незаконных маніпуляцыяў выкарыстоўваюцца на выбарах, грунтуючыся пры гэтым на сваім ранейшым досьведзе працы ў выбарчай камісіі.

Выбары – гэат шанец зьвярнуцца да людзей са словам праўды.

Нашая партыя была настроеная ісьці і на прэзыдэнцкія выбары з уласным кандыдатам, аднак у гэтай справе мы не атрымалі посьпеху.

Напярэдадні выбараў настойлівыя прапановы нашых партнэраў з хаўрусу АГП, Руху “За свабоду”, БХД атрымалі падтрымку партыі сацыял-дэмакратаў, і гэта стварыла перспектывы выхаду на адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі. Партыя БНФ як даўні прыхільнік адзінства дэмакратычных сілаў уключылася ў гэты працэс. Я прапанаваў падтрымаць кандыдатуру Паўла Севярнца. Я да сёй пары ўпэўнены, што калі б напачатку года кааліцыя зрабіла такі выбар, замест дробнага гуляньня ў праймэрыз з уяўным спаборніцтвам паміж сабой – сытуацыя магла бы пайсьці інакш і мы б прынамсі мелі б на выбарах сваяго кандыдата патрыёта. Мы былі гатовыя да гэткага кроку – нажаль, астатнія партыі былі насамрэч незацікаўленыя ў адзінстве. У выніку нацыянальна-дэмакратычныя сілы апынуліся без сваяго кандыдата на выбарах.

Пры такіх умовах партыя БНФ не чыніла перашкоды працы сваіх актывістаў у ініцыятыўных групах іншых кандыдатаў дзеля здабыцьця досьведу. Партыя як структура была засяроджаная на рэалізацыі кампаніі назіраньня, якая ўнесла важкі ўнёсак ў выяўленьне парушэньняў падчас выбараў.

Пакуль яшчэ рана даваць ацэнку такому фармату ўдзелу партыі ў прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак фактам ёсьць тое, што ніводны з патэнцыйных кандыдатаў, якія лічыліся фаварытамі ў вачах дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў, не зьвяртаўся па падтрымку Партыі БНФ. Такім чынам, партыя не нясе адказнасьці за словы гэтых кандыдатаў пра тое, што ў Беларусі не існуе сыстэмы фальсіфікацыі выбараў, што масавыя рэпрэсіі ёсьць міфатворчасьцю, а БНФ, маўляў, жадаў “заліць крывёю праспекты”.

Нажаль, зараз гэтыя людзі на ўласным досьведзе пераконваюцца ў тым, што і кантроль за правядзеннем выбараў у Беларусі ёсьць татальны, законы не выконваюцца, прававыя абмежаваньні свавольства ўлады не дзейнічаюць, а катаваньні і гвалт ёсьць звычайнай палітычнай практыкай.

Партыя БНФ выступае за неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і спыненьне рэпрэсіяў, за спыненьні ўсіх крымінальных справаў супраць удзельнікаў выбарчага працэсу і мірных пратэстоўцаў (зараз узбуджана такіх спрваў больш за 900, і лічба расьце). Мы выступаем за спыненьне грамадзкага супрацьстаяньня і пераход да мірных перамоваў . Безумоўна, такія перамовы магчымыя толькі пасьля поўнага вызваленьня палітвязьняў, у прыватнасьці сябра Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, нашых паплечнікаў Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча, Эдуарда Пальчыса і ўсіх асобаў, што ўнесеныя ў сьпсіы палітвязьняў правабарончынымі арганізацыямі.

Да ўвагі дэлегатаў зьезду кіраўніцтвам Партыі БНФ прапануецца адпаведная рэзалюцыя з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій (будзе разгледжана ў адпаведным пункце парадку дня).

Ад сабе асабіста выкажу асаблівае абурэньне нядаўнім брутальным разгонам акцыі на Дзяды: гэты гвалт і наступнае ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць саміх мірных пратэстоўцаў палягае па-за межамі дабра і зла, сапраўднае блюзьнерства.

Аб перспектывах канстытуцыйнай рэформы і аб працы па ўдасканаленьні заканадаўства

Шаноўныя сябры!

З розных рэгіёнаў паступаюць паведамленьні пра тое, што сябраў партыі запрашаюць прыняць удзел у розных круглых сталах ды дыялогавых пляцоўках па абмеркаваньні нейкіх праектаў канстытуцыі ці нейкай канстытуцыйнай рэформы. Ведаю, што некаторыя з вас нават пасьпелі ўзяць удзел у такіх мераыпресмтвах – і факт удзелу прадстаўнікоў БНФ усялякім чынам падкрэсліваецца ў дзяржаўных СМІ.

Мушу заявіць, што я на дадзены момант не лічу магчымым ад імя партыі браць удзел у гэткіх абмеркаваньнях. Цяпер, калі дзесяткі тысяч беларусаў выходзяць на плошчы з патрабаваньнем адстаўкі дыктатара і правядзеньня свабодных выбараў, а рэжым катуе грамадзян і тысячамі кідае за краты – удзел у падобных абмеркаваньнях і дыскусіях я лічу недапушчальным. Адпаведныя лісты былі накіраваныя мной ад імя партыі тым суб’ектам, якія з’явярталіся да нас з прапановамі прыянць удзел у гэткіх абмеркаваньнях.

Разам з тым падкрэслю, што партыя мае выразную пазыцыю па пытнаьні канстытуцыйнай рэформы – яна прапануецца для зацьвярджэньня ў асобнай рэзалюцыі ў адпаведным пункце парадку дня.

Мы сыходзім з таго, што Цяперашняя, дзеючая дэ факта Канстытуцыя ў рэдакцыі 1996 года (са зьменамі ад 2004 года) – гэта Канстытукцыя недэмакратычная, аўтарытарная, яна замацоўвае дыктатарсскі палітычны рэжым і неправавую дзяржаву.

Цяпершняя хваля гвалту і беззаконьня (якую некаторыя называюць “прававым дэфолтам”) ёсьць вынікам менавіта гэтай Канстытуцыі, якая ёсьць недзеяздольнай і ня ёсьць мэханізмам абмежаваньня свавольства дзяржаўнай улады.

БНФ мае ўласную праграму, у якой выкладзеная ясная візія эўрапэйскай свабоднай Беларусі, яе дзяржаўны лад, сыстэма ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў, гарантыі выкананьня правоў і свабодаў, вольнага развіцьця асобы і грамадзтва ў беларускай нацыянальнай дзяржаве.

Разам з тым БНФ цьвёрда стаіць на пазыцыях вяртаньня да Канстытуцыі 1994 года ў першапачатковай рэдакцыі без аніякіх зьменаў. Гэты акт быў недасканалым, ўстаноўленая ў ім сыстэма не здоліла стаць перашкодай умацаваньню у Беларусі дыктатуры. Аднак пры ўсіх сваіх недахопах рэдакцыя канстытуцыі 1994 года мае адну звышканштоўную і бясспрэчную якасьць: Канстытуцыя Беларусі ў рэдакцыі 1994 года з’яўляецца легітымным прававым актам. Таму без вяртаньня да дзеяньня гэтага акта аніякія праекты канстытуцыйнай рэформы не могуць вярнуць прававую сыстэму Беларусі ў рэчышча законнасьці. Пасьля аднаўленьня дзеяньня Канстытуцыі 1994 года адчыняецца шлях для далейшых канстытуцыйных рэформаў у межах дэмакратычнай і плюралістычнай працэдуры.

Прашу вас падтрымаць гэтукю маю пазыцыю пры разглядзе адапведнай рэзалюцыі, што выносіцца на разгляд зьезду.

Разам з тым мушу падкрэсліць, што у перыяд трох гадоў дзейнасьці на пасадзе старшыні я надаваў велізарную увагу пытаньням удзелу ў зхаканатворчым працэсе. Партыя БНФ наікіроўвала свае прапановы і заўвагі па шэрагу важных паректаў законаў і нарматызўна-првавых актаў, ўдзельнічала ў працы пардаменцкіх групаў і экспертных нарадаў. У прыватнасьці, на ўзроўні законаў гэта:

-       Зьмены ў Выбарчы кодэкс (былі распачатыя ў 2017 годзе, але заблякаваныя асабіста Лукашэнкам)

-       Зьмены ў закон “Аб палітычных партыях” і ў закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” (тут нам атрымалася на глебе шырокай кааліцыі стварыць праект закона, які атрымаў падтрымку ўсіх дэмакратычных партыяў, быў прасунуты на ўзроўні рабочай групы ў міністэрстве юстыцыі, але ў студзені 2020 года працэс разгляду правак быў прыпынены і праект адпаведнага закона быў адкліканы з парламенту)

-       Зьмены ў закон “Аб сродках масавай інфармацыі” (з поку БНФ быў накіраваны пакет паартыкульных заўвагаў, нажаль – пры разглядзе праекта ў парламенце была прынятая толькі адна з іх, датычная магчымасьці судовага абскарджваньня рашэньняў пра прыпыненьне доступу да вэб сайтаў – Мы вітаем той факт, што заканадаўцы прыслухаліся да голасу розуму і пачулі рацыянальныя аргуманты грамадзкасьці па гэтым пытаньні. Аднак мушу адзначыць, што міжнародным стандартам адпавядала б аднясеньне рашэньняў пра абмежаваньне доступу да інтэрнэт-сайтаў цалкам да кампетэнцыі суда)

-       Закон “Аб зьмяненьні законаў Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма” (прадстаўнік БНФ прадставіў на пасяджэньні адпаведнай рабочай групы партыйную пазыцыю па гэтым праекце, і яна заслужыла высокую ацэнку з боку правабарончаў ды іншых адмысловўцаў – некаторыя найбольш абуральныя палажэньні атрымалася з праекта прыбраць, але засталася небясьпека яго выкарыстаньня супраць паліытчных апанентаў улады і злоўжываньня гэтым законам).

-       Стала выкарыстоўваліся самыя розныя каналы камунікацыі з уладамі па пытаньні падтрымкі беларускай мовы – накіроўваліся звароты ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі, адкрыцьця і падтрымкі грамадзкай ініцыятывы па стварэньні нацыянальнайга ўніверсітэту, прыняцьця нарматыўных актаў на беларускай мове. Асабліва адзначу, што з ініцыятывы Моалдзі БНФ мы ў 2019 годзе накіравалі больш за 150 зваротаў ва ўсе райвыканкамы краіны і раённыя адміністрацыі ды міністэрствы з паттрабваньнямі выконваць нарматыўныя акты адносна вядзеньня сайтаў дзяражўных органаў на беларускай мове – гэтыя звароты грунтаваліся на выніках маніторынгу, што быў праведзены актывістамі нашай моладзі, і магу сказаць што водкуг выканкамаў быў пазытыўны, шмат дзе чыноўнікі былі вымушаныя выправіць недахопы і стварыць беларускамоўныя вэрсіі сайтаў ці напоўніць іх неабходнай інфармацыяй.

-       Пастаянна выкарыстоўваліся і механізмы электроннай камунікацыі па накірваньні зваротаў і заўвагаў на праекты нарматыўна-прававых актаў, што выносіліся ўладамі на публічнае абмеркаваньне.

У гэтай працы вялікае значэньне мела супраца з ТБМ – як арганізацыяй у цэлым, якая ёсьць блізкім партнэрам БНФ, так і з Аленай Анісім у перыяд яе знаходжаньня ў Палаце прадстаўнікоў. Да 2019 году я меў статус памочніка дэпутата, што давала некаторыя магчымасьці па камунікацыі з дзяржчыноўнікамі па разнастайных пытаньнях (дарэчы, і пры арганізацыі сьвята #БНР100 гэта было скарыстана напоўніцу.). У 2019 годзе ТБМ падтрымала ініцыяванае БНФ абвяшчэньне Года Беларускай мовы, што выклікала вельмі хваравітую рэакцыю Расеі і нават заявы на ўзроўні іх савета федэрацыі. А вось з дэуптатам Ганнай Канапацкай гэткай супрацы не атрымалася – ейныя ініцыятывы не перакрыжоўваліся з дзейнасьцю БНФ, у тым ліку яна не падтрымлівала нашыя ініцыятывы ў палаце прадстаўнікоў у сваю бытнасьць дэпутатам.

Некаторыя нашыя заканатворчыя прапановы ўлады вымушаныя брауь пад увагу. Але, натуральна, пры цяперашняй сытуацыі прававога дэфолта і татальнага ігнараваньня норм права азначаная заканатворчая актыўнайсььц і прасоўваньне законапраектаў амаль што немагчымыя – усе пытаньні упіраюцца ў неабходнасьць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня зьверстваў правабахоўнікаў.

Але таксама мушу падкрэсліць, што Партыя БНФ вяла ў справаздачны перыяд плённую працу па распрацоўцы пакету рэформаў у межах каліцыйнай групы “Паглыбленага дыялогу” разам з іншымі дэмакратычнымі партыямі. Некаторыя напрацоўкі гэтай праграмы былі ўзятыя ў пакет праграмных дакументаў кандыдата Сьвятланы Ціханоўскай, паколькі ў нас была дамоўленасьць што нашыя напрацоўкі будуць адкрытыя для любых дэмакратычных кандыдатаў. У прыватнасьці, з напрацоўвак, якія былі створаныя экспэртамі Партыі БНФ, у праграму Ціханоўскай увайшла Праграма рэформы Жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Праграма рэформы мясцовага самакіраваньня. Праграма рэформаў у галіне нацыянальнай бяспекі застаецца ў праекце і ў прагораму Уіханоўскай не была ўключаная (дарма, дарэчы). Яна пакуль застаецца ў праекце – гэтую праграму разгледзіў Сойм мінулага скліканьня, прыняў яе за аснову, і праца над ёй будзе праягнутая Соймам наступнай кадэнцыі (праект размешчаны для азнаемленьня ў агульным доступе на сайце Партыі БНФ). Маецца таксама праект БНФ датычна рэформаў у гадіне аховы здароўя.

Шаноўныя сябры!

Мінулыя тры гады кіраўніцтва Партыі працавала як каманда. Я ўсьцешаны тым, што шмат якія рэчы у сферы камунікацыі з ўладамі, стасункаў з іншымі партыямі, стасункаў на міжнароднай арэне – мне атрымалася перанакіраваць на сваіх намесьнікаў. Шмат што пра нашую супольную працу і дасягнгеньні прагучыць у іх выступах.

Разам з тым не магу прамінуць некаторыя выклікі ў арганізацыі парытйнай працы, з якімі мне давялося сутыкнуцца за гэтыя тры гады.

Бадай, найбольш складаным і сур’ёзным выклікам стался пагроза высяленьня партыі ў 2018 годзе з цэнтральнай сядзібы – офіса на Чарнышэўскага,3, дзе размешчаны юрыдычны адрас. Мы прайшлі праз некалькі судоў па гэтай справе і ў выніку пазбавіліся канфэрнцыйнай залі, якая выкарыстоўвалася шматлікімі грамадзкімі ініцыятывамі і партыямі для сваіх імпрэзаў, прэс-канферэнцыяў і вычставаў. Дзякуючы абвешчанай кампаніі збору ахвяраваньняў і сяброўскіх складак нам атрымалася захаваць памяшканьне для дзейнасьці, захаваць памяшканьне, якое было адзіным месцам, дзе ў Менску лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Мы ўсьцешаныя, што цяпер ткіх месцаў з нацыянальным сьцягам тысячы ў Менску і па ўсёй краіне – пратэстоўцы натуральным чынам абаірацюь нацыянальную сымболіку і, я ўпэўнены, у хуткам часе зробяць выбар і ўжо робяць выбар на карысььц беларускай мовы. Такім чынам, нашая сядзіба выканала важную функцыю захаваньня нацыянальнай сымболікі ў цэнтры сталіцы.

Аднак, мушу падкрэсліць патрэбу абавязковай інтэнсіфікацыі збору ахвяраваньняў і сяброўскіх складак у памеры, які ўстаноўлены ўправай штогадова – без гэтага партыя не будзе здольная несьці мінімальныя неабходныя выдаткі.

Гэта асабліва важна ў гэты час, калі міністэсртва юстыцыі і абласныя ўпраўленьні юстыцыі ладзяць праверку ўсёй дзейнасьці партыі і ўсіх нашых арганізцаыйных структур – агулам 69 тэрытарыяльных і першасных аргструктур Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, па ўсіх іх екантралюючыя органы запытваюць спісы выбарных органаў, кіраўнікоў, пратаколы пасяджэньняў, дакументы ў пацьверджаньне наяўнасьці юрыдычнага адрасу.

Як чакаецца, з наступнага года будзе ўведзеная сыстэма абавязковай публікацыі фінансавых спрваздачаў аб дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў – пастанова мінюста аб увядзеньні гэткай сыстэмы рыхтуецца да падпісаньня. Гэта будзе вымагаць паведічэньня фінансавай дысцыпліны ў аргшанізацыі партыйнай працы – у тым ліку датычна збору сяброўскіх складак і назапашваньня ахвяраваньняў для статутнай дзейнасьці партыі і грамадзкага аб’яднаньня.

Асобна адзначу, што нядаўна міністэрства юстыцыі запатрабвала ў палітычных партый, у тым ліку ў БНФ, персанальныя спісы сябраў партыі. На дадзены момант гэтае незаконнае патрабваньне, якое з’яўляецца выкананьнем незаконнага загаду Лукашэнкі правесьці не прадугледжаную законам “перарэгістрацыю” палітычных партыяў, было нашай партыяй адхіленае – па гэтым пытаньні мы маем салідарнае рашэньне пяці палітычных партыяў. У сёняшніх умовах прадстаўляць уладам спісы партыйцаў – гэта прадстаўляць спсіы патэнцыйных мішэняў для рэпрэсій. Як мінімум тры палітычныя партыі ўжо атрымалі пісьмовыя папярэджаньні ад органаў юстыцыі за парышэньні, што былі выяўленыя падчас гэтых праверак – не выключана, што ў бліжэйшы час гэткія санкцыі могуць напаткаць і нашую партыю. Ёсьць перасьцярогі, што рыхтуецца татальная зачыстка дэмакратычнай апазыцыі каб расчысьціць палітычнае поле для прарасейскіх палітычных сілаў: рэжыму было б зручна, каб у краіне існавалі толькі два тыпа палітычных сіл – пралукашэнкаўскія і прарасейскія.

У гэтых умовах павялічваецца адказнасьць кіраўнікоў арганізацыйных структур партыі ў справе вядзеньня партыйнага ўліку і афармленьня справаводзтва арганізацыйных структур. Без гэтага далейшая дзейнасьць партыі можа быць пастаўленая пад удар.

Шаноўныя сябры! Цяперашні ціск і рэпрэсіі чыняцца супраць усяго беларускага грамадзвта – і ў тым ліку пад прыгнёт патрапілі як звычайныя грамадзяне, так і патрыятычныя арганізацыі, паліытчныя партыі. Ад нашай здольнасьці чыніць супраціў гэтаму прыгнёту залежыць лёс беларускай нацыянальна-дэмакратычнай традыцыі, носьбітам якой мы з’яўляемся.

У сёняшніх умовах перад намі паўстаюць новыя выкілкі – дык будзем гартаваць нашыя сілы!

Жыве Беларусь!

7 лістапада 2020 году

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.