Партыя БНФ » Віктар Марчык: “Людзі ў рэгіёнах не падтрымліваюць гэтую ўладу!”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віктар Марчык: “Людзі ў рэгіёнах не падтрымліваюць гэтую ўладу!”

Дададзена 24.01.2021 12:01:12 | 634 праглядаў

Карэспандэнт Радыё Рацыя папрасіў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, актывіста Партыі БНФ і сябра Беларускага нацыянальнага кангрэса Віктара Марчыка пракаментаваць некалькі важных падзей, якія адбыліся і адбываюцца сёння ў Беларусі, і пачуць яго думку.

Марчык-800x400– Спадар Віктар, чэмпіянат свету па хакеі павінен быў адбыцца ў Рызе і Менску з 21 траўня да 6 чэрвеня 2021 года. Але 11 студзеня Рэнэ Фазель прылятаў у Беларусь, дзе сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Неўзабаве пасля сустрэчы прэзідэнт IIHF заявіў, што правесці чэмпіянат у Менску будзе вельмі складана. Таму Менск з чэмпіянатам свету па хакеі “праляцеў”. Як Вы пракаментуеце гэты “пралёт”?

– Я асабіста вельмі люблю хакей. А ў школьныя гады з вялікім задавальненнем глядзеў па тэлевізары ўсе чэмпіянаты свету, асабліва радаваўся, калі зборная СССР станавілася чэмпіёнам. Але ў тое, у што пераўтварыў Лукашэнка такі цудоўны від спорту, мяне, шчыра кажучы, вельмі засмучае. Гэта ўжо не хакей атрымаўся, а гульня ў паддаўкі. Асабліва на яго прыватным турніры. А ў той сітуацыі, якая склалася цяпер, калі тысячы грамадзян краіны трапляюць пад рэпрэсіі, якіх б’юць і забіваюць за свае перакананні і грамадзянскую пазіцыю, якая не супадае з ідэалогіяй і планамі Лукашэнкі, то ў такіх умовах праводзіць гульні катэгарычна забараняецца і нельга. Так паступае толькі сатана і яго слугі. Таму лічу, што прынятае рашэнне своечасовае і правільнае, і абдуманае. І я ўпэўнены, што ў нашай краіне яшчэ адбудуцца, ды і не адзін, чэмпіянат свету па хакеі. Але гэта ўжо будзе ў новай, незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі без Лукашэнкі.

– Як Вы лічыце, спадар Віктар, ці ёсць неабходнасць сёння вяртацца дамоў Святлане Ціханоўскай? Каб з ёй не здарылася тое, што адбылося з Аляксеем Навальным у Расеі?

– Лічу, што гэта будзе дачасны і неабдуманы ўчынак. Пры ўездзе ў Беларусь яе адразу ж арыштуюць, а ў Лукашэнкі з’явіцца козыр, якім ён будзе патыкаць Еўропе. Святлана нам патрэбна на свабодзе, яна ўжо зрабіла шмат для вызвалення нашай краіны ад тыраніі, і зможа яшчэ зрабіць нямала, будучы на волі. Святлана ў Менск абавязкова вернецца. Я ў гэта веру і верыць наш народ, прытым вернецца вельмі хутка.

– Мяркуецца сустрэча ўсіх лідараў дэмакратычнага руху, каб разам выпрацаваць стратэгію каардынацыйных дзеянняў і перамогі. Ці можаце Вы пракаментаваць гэтыя планы.

– Я шчыра вітаю ўсё тое, што будзе рабіцца дзеля нашага народа і вызвалення краіны ад дыктатуры. І гэтага чакаюць усе беларусы, якія хочуць жыць мірна і ў сто разоў лепш у сваёй краіне, чым мы жывём зараз. Вельмі спадзяюся, што ў нашы рады не залезе ніякі пацук і не будзе шкодзіць. Мэта ва ўсіх нас адна, а задачы могуць быць розныя, але ўсё гэта будзе накіравана на дэмакратызацыю Беларусі. Хацелася б папрасіць усіх, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны, аднесціся да гэтага вельмі сур’ёзна і не цягнуць кожнаму коўдру на сябе. А таксама сустрэцца і спытаць ва ўсіх рэгіянальных грамадскіх актывістаў іх пункт гледжання, іх думкі па сумеснай скаардынаванай далейшай працы. Бо мы кожны дзень гутарым з людзьмі, якія не падтрымліваюць сённяшнюю ўладу, але адкрыта пакуль баяцца выступіць, так як яшчэ на сто працэнтаў не пераадолены пэўны страх і сумненні. У нас ёсць прапановы, як дапамагчы і што трэба рабіць у дадзеным выпадку. Беларускае Радыё Рацыя

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.