Партыя БНФ » Абарона палітвязьня Вітольда Ашурка падала апеляцыю на прысуд
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Абарона палітвязьня Вітольда Ашурка падала апеляцыю на прысуд

Дададзена 26.01.2021 9:33:27 | 740 праглядаў

Адвакат сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка абскардзіла прысуд, паведаміў БелаПАН брат актывіста Андрэй Ашурак. Апеляцыйная скарга пададзеная ў Гарадзенскі абласны суд.

Паводле словаў Андрэя Ашурка, брат ізноўку пераведзены ў Гародню, у турму № 1.

Падтрымаць палітвязьня можна лістамі і паштоўкамі:

230023, г. Гродна
вул. Кірава, 1, турма № 1
Ашурак
Вітольд Міхайлавіч

„Фізічны стан Вітольда нармальны, настрой бадзёры”, — адзначыў брат палітвязьня, але ён выказаў засцярогу, што Вітольда можа турбаваць артэрыяльны пратэз у назе – паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Андрэй Ашурак сумняваецца, што прысуд будзе перагледжаны: „Хіба што замест пяці гадоў дадуць сем. Гэта ж палітычная справа. Калі б гэта было рабаванне, знайшлі б змякчальныя абставіны. А ў Вітольда ў руках быў мегафон”.

18 студзеня суд Лідскага раёна (Гарадзенская вобласць) прыгаварыў Вітольда Ашурка да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта адзін з найбольшых тэрмінаў, прысуджаных па палітычных справах. Актывіста прызналі вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і нападзе на міліцыянера (арт. 364 КК). Яго паплечнікі заявілі аб палітычнай падаплёцы справы. Суд быў ад пачатку закрыты, хоць падтрымаць актывіста прыходзілі дзясяткі чалавек. Праваабарончы цэнтар «Вясна» крытыкаваў правядзеньне закрытага працэсу па гэтай справе.

Нягледзячы на закрытасьць працэсу, падтрымаць Вітольда Ашурка ў суд прыйшло каля 70 чалавек, яны сустрэлі прыгавор воклічамі „Ганьба!” і „Жыве Беларусь!”. Па факце паводзін у зале суда распачатая справа па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб). Падазраваным па ёй праходзіць, у прыватнасці, журналіст Юрый Дзяшук.

Пасьведчаньне сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, якое фігуравала ў справе ў якасьці рэчавага доказу, суд пастанавіў зьнішчыць, таксама як і нацыянальныя сьцягі ды налёпкі з беларускім гербам Пагоня. Шэсьць беларускіх палітычных партыяў выступілі з супольнай заявай пратэсту супраць новай формы палітычных рэпрэсіяў у сувязі з прыналежнасьцю да афіцыйна зарэгістраваных палітычных партыяў.

«Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць, што патрабавала ад мяне мая грамадзянская пазіцыя. Я добра ўсведамляў, чым мне гэта пагражала», – напісаў Вітольд у адным са сваіх лістоў з турмы.

Свой 50-гадовы юбілей Вітольд Ашурак сустрэў за кратамі.

Нагадаем, што напярэдадні судовага працэсу з заявай пра прызнаньне Вітольда Ашурка палітычным вязьнем і з патрабаваньямі яго вызваленьня выступілі Партыі БНФ і Міжнародны дэмакратычны зьвяз (IDU) – сусьветны інтэрнацыянал правацэнтрысцкіх партыяў, у які ўваходзяць Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, Рэспубліканская партыя ЗША, нямецкая ХДС/ХСС ды больш за 70 вядучых палітычных партыяў з розных краінаў сьвету.

ДАВЕДКА: Хто такі Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак - вырак - копіяУ палітыцы сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк летам 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе на парламенцкіх выбарах быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Партыі БНФ па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

———————————————–

З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, за восем месяцаў у краіне заведзена больш за 1000 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі. Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы, гэта:

  • 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі) - “Вясне” вядомы прозвішчы мінімум 182 фігурантаў спраў па гэтым артыкуле.
  • 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – справы па гэтым артыкуле масава заводзіліся супраць актывістаў у траўні і ліпені (“Справа Ціханоўскага“, альбо “Гарадзенская справа”, “справа 14 ліпеня“). Таксама пасля акцыі Дзяды ў Мінску Следчы камітэт абвесціў пра тое, што завёў адразу 231 справу па арт. 342 КК РБ. Акрамя таго, частку спраў, узбуджаных па арт. 293 КК перад судом перакваліфікуюць на арт. 342 КК.
  • 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).
  • 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
  • 243 КК РБ (Ухіленне ад сплаты падаткаў) - па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманы актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
  • 339 КК РБ (Хуліганства).

Таксама вядома пра пачатак крымінальных спраў за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі (арт. 188, 369 КК РБ і інш.). Па дадзеных, апублікаваных ГУУС МУС, на пачатак студзеня 2021 года узбуджана 332 крымінальныя справы па гэтых дыфамацыйных артыкулах.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. Па стане на 23 студзеня сабрана больш за 750 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 189 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Спіс дапаўняецца.

Партыя БНФ заклікае ўсіх людзей добрай волі падтрымаць мужных грамадзян, якія цяпер знаходзяцца ў вязніцах, у тым ліку паштоўкамі і лістамі:

Адрасы для лістоў падтрымкі палітвязням глядзіце ў спісе

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.