Партыя БНФ » Сьледчы камітэт адмовіў у крымінальнай справе за незаконны доступ да тэлефону журналіста
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сьледчы камітэт адмовіў у крымінальнай справе за незаконны доступ да тэлефону журналіста

Дададзена 19.03.2021 12:01:09 | 682 праглядаў

З тэлефона журналіста і сябры БНФ Паўла Дайліда падчас яго допыту ў Івацэвіцкім РАУС выдалілі суполку ў «Вайбэры». Але міліцыя паведаміла, што запісы зь відэакамэр зьніклі, таму высьветліць, хто зрабіў гэта, не атрымаецца.

дайлід-фотаСьледчы камітэт адмовіўся завесьці крымінальную справу па факце незаконнага доступу да тэлефону рэдактара сайту «Першы Рэгіён» Паўла Дайліда. Гэта вынікае з адказу Івацэвіцкага раённага аддзелу СК на заяву журналіста, у якой той прасіў распачаць справу па артыкуле 203 Крымінальнага кодэксу (парушэньне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленьняў), піша сайт 1reg.by.

Падставай для звароту сталі падзеі 24 сьнежня 2020 году, калі Дайліда выклікалі ў Івацэвіцкі РАУС для допыту ў якасьці сьведкі. Дапытвалі ў крымінальнай справе па факце надпісаў на плоце дома, у якім жыве старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Грыцук.

Падчас допыту тэлефон рэдактара сайту знаходзіўся ў камэры захоўваньня Івацэвіцкага РАУС. Акурат у гэты час зь яго рахунку ліквідавалі суполку ў «Вайбэры», створаную для прасоўваньня навін выданьня ў Драгічынскім раёне.

5 студзеня Дайлід зьвярнуўся ў Івацэвіцкі райаддзел СК з просьбай распачаць крымінальную справу па гэтым факце. У заяве ён прасіў зьняць запісы відэакамэр у Івацэвіцкім РАУС, у тым ліку ў памяшканьні для захоўваньня асабістых рэчаў грамадзян.

12 студзеня начальнік РАУС Вадзім Пастаялка вярнуў заяву сьледчым у сувязі з тым, «што заявы аб злачынствах, учыненых супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі зь іх службовай дзейнасьцю, аднесены да кампэтэнцыі органаў папярэдняга сьледзтва».

Праверка па выкладзеных у заяве Дайліда фактах пачалася 14 студзеня, а праз чатыры дні раптам высьветлілася, што відэазапісы ад 24 сьнежня ўбачыць не атрымаецца, хоць яны павінны захоўвацца ня меней за 30 дзён. 12 студзеня ў будынку РАУС быццам бы адключалася электрычнасьць, і «архіў запісаў з камэр відэаназіраньня згубіўся па тэхнічных прычынах».

«Па-мойму, нават пяціклясьнік вам скажа, што гэта сур’ёзны нонсэнс. [...] Не вядома, ці праводзілася экспэртыза кампутара Івацэвіцкага РАУС, на якім захоўваліся запісы з камэр відэаназіраньня за 24 сьнежня», — пракамэнтаваў сытуацыю Павал Дайлід.

Экспэртыза мабільнага тэлефону журналіста нічога высьветліць не змагла, у выніку 15 сакавіка Івацэвіцкі аддзел СК адправіў журналісту пастанову аб адмове пачынаць крымінальную справу.

Раней пра тое, што нехта карыстаўся ягонымі сацсеткамі, заяўляў іншы карэспандэнт «Першага рэгіёну» Сяргей Гардзіевіч.

Паводле Радыё Свабода

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.