Партыя БНФ » Нiна Багiнская пра Беларусь Лукашэнкi i гiстарычныя каранi беларусаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Нiна Багiнская пра Беларусь Лукашэнкi i гiстарычныя каранi беларусаў

Дададзена 30.04.2021 12:05:38 | 628 праглядаў

Сябра Сойму БНФ Нiна Багiнская спецыяльна для DW напiсала пра тое, як яна бачыць Беларусь, Лукашэнку i Цiханоўскую, а таксама пра тое, што натхняе асабiста яе на пратэст.

Ніна Багінская (2)Для спецыяльнай рубрыкі DW “Беларусь. Перспектывы” сябра Сойму БНФ Нiна Багiнская напiсала каментар пра яе бачанне сiтуацыi ў Беларусi. Арфаграфiя аўтара пакiнута ў арыгiнале. Абмеркаваць разважаннi Нiны Багiнскай можна тут – пад адпаведным пастом ў тэлеграм-канале “DW Беларусь”.

Рубрыка “Беларусь. Перспектывы” дае магчымасць беларусам выказаць свае думкi на старонках DW

“Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці Твае?

“Собака бьющую руку лижет”. О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся Каліноўскага! Мы ўжо вам не сабакі!

Беларусь ліцьвінская - краіна жаноцкага роду. Жаноцкі род – гэта вытрымка: вычакаць час, здольнасьць ператрываць мажлівую небясьпеку. Інтэлект жанчыны вышэйшы за мужчынскі, бо, нарадзіўшы дзіця, жанчына мае клопат аб захаваньні роду, а гэта значыць, роднага этнасу, Бацькаўшчыны. Мужчына – ваяр, цяга да войнаў, заваёў, улады – гэта мужчынскі род.

Тысячагадовая гісторыя Беларусі – гэта гісторыя абароны, захаваньня свайго этнасу ад ворагаў, што праз нашу краіну (цэнтар Эўропы) ішлі на ўсе бакі Сьвету. На гэта патрэбна больш адвагі, чым забіваць. Наша хрысьціянская заступніца Беларусі – Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Яе крыж, зроблены Лазарам Богшам, знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музэі, зьнік падчас II Сусьветнай вайны…

Рэпрэсii ў мiнулым i ў сучаснай Беларусi

Пасьля II Сусьветнай вайны людзі пацягнуліся да дабра, да міра. Краіны з імпэрскім таталітарным утварэньнем пачалі руйнавацца. Толькі праўда, справядлівасьць, добрыя ўчынкі захоўваюць жыцьцё людзей, жыцьцё нашай плянэты Зямля. Сэнс жыцьця чалавека – не пагубіць экалёгію чалавека, захаваць добрыя стасункі паміж людзьмі, расьлінным і жывёльным сьветам.

А для гэтага трэба прыпыніць работу зла. Мы нелюдзі, калі ў сучасным Сьвеце Зямлі хоць адна нацыя (народ), хоць адна расьліна ці жывёліна загіне, прыпыніць сваё існаваньне. На жаль, войны, рэпрэсіі не прыпыніліся. У Беларусі аднавіўся сталінскі фашызм 20-30-х гадоў прошлага стагодзьдзя. Лукашэнка збудаваў таталітарную сыстэму, абустроіў зьнішчэньне правоў і свабод чалавека. Фактычна на Беларусі ўзьнікла рабаўладаньне. У гэтым яму дапамагае імпэрская Пуцінская Маскоўская дзяржава - ”Россия”.

Мы, народ беларускі, вінаваты, што столькі год - больш дваццаці – трывалі ягоную антынародную сыстэму, але ў 2020 г., нарэшце, ізноў падняліся на вызваленьне. Сталі вядомы Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала… Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, забаронены ўладаю Лукашэнкі, і масаю пайшлі на пратэсты.

Беларусы – не рабы

Шэлінг і Гегель, нямецкія філёзафы ў 30-50 гг. 19 стагодзьдзя, зрабілі ўплыў на грамадзкую думку ня толькі свайго народа, але і народа Расеі. Гэтыя філёзафы падзялілі народы на гістарычныя (якія кіруюць) і негістарычныя (якія падпарадкоўваюцца). Мой народ апынуўся ў кагорце негістарычных, але мой народ не раб і на працягу ўсёй гісторыі вызваляўся ад тых, хто жадаў над ім гаспадарыць. Кастусь Каліноўскі натхніў многія пакаленьні на вызваленьне ад прымусу суседніх краін – гэта нацыянальны запавет Паўстаньня ў 1863 годзе.

Зараз у 2020 годзе гісторыя вызваленьня паўтарылася. Народ паўстаў супраць тыраніі Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расеяй, супраць русіфікацыі. Нас рэпрэсуюць турмою, штрафамі, ёсьць забітыя. Гэта грамадзянская вайна. Я ў свае 74 гады не баюся – хто не радзіўся, той не памрэ, дык паміраць трэба чалавекам, а не быдлам-сьвіньнёю.

Прыкладам чалавечнасьці, розуму, сьмеласьці можа быць навагрудзкая лекарка Саламея Пільштынова (Русецкая) “Авантуры майго жыцця”.

Маімі арыенцірамі сталі Ларыса Геніюш (“Споведзь”), а яшчэ Зоська Верас (1892-1991 гг.), зьбіральніца словаў і зёлак. “… ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам – пісала вершы і апавяданьні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, рэдагавала часопісы “Заранка”, “Пралескі” і “Беларуская борць” (апошні – спецыялізаваны, для пчаляроў). Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця…” Гэта укладаньне, прадмова Міхася Скоблы да кнігі спадарыні Верас, якая была выдадзена ў 2015 годзе ў Менску, – “Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты”. Зоська Верас была жывой сьведкай нашай гісторыі і пасьпела ў сваіх лістах данесьці праўду людзям, выкрывала фальш савецкай гістарыяграфіі”.

Аўтар: Нiна Багiнская, грамадзкi дзеяч, сябра Сойму Партыі БНФ

Чэрвень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.