Партыя БНФ » «Нам знарок не давалі спаць» – сябра БНФ Алесь Вендт расказаў пра «суткі» ў віцебскім ІЧУ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Нам знарок не давалі спаць» – сябра БНФ Алесь Вендт расказаў пра «суткі» ў віцебскім ІЧУ

Дададзена 01.05.2021 12:02:33 | 749 праглядаў

Сябра БНФ Алеся Вендта затрымалі на Дзень волі каля помніка князю Альгерду ў Віцебску разам з кіраўніком Віцебскай абласной арганізацыі БНФ Кастусём Смолікавым і актывсітам Іванам Казловым.

c1fbba98d3e1826cc2ca4ec2fafee185_XLПасля трох сутак, праведзеных у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), іх вызвалілі з-пад варты. Але ўжо 30 сакавіка Вендта асудзілі на 13 сутак арышту (арт. 24.23 КаАП). Пра цяперашнія ўмовы ўтрымання ў ІЧУ ён расказаў рэгіянальнаму сайту «Віцебская Вясна».

«Калі нас затрымалі 25 сакавіка ля помніка Альгерду, мне прыгадаўся жарт з дзяцінства: «Болей двух не збірацца. Тры – ужо банда. Можна браць». Паводле судовай пастановы я атрымаў 13 сутак арышту, Кастусь Смолікаў – 12, Казлоў – 10», – успамінае Алесь Вендт.

Адбываць прызначаны адміністрацыйны тэрмін Вендта забраў участковы міліцыянт проста са Смаленскага рынку. Спачатку адвезлі ў РАУС, а ўжо ўначы этапавалі ў СІЗА-2, у будынку якога зараз месціцца ІЧУ.

Як распавёў Алесь, у параўнанні з тым, як адбываў трое сутак у сакавіку, цяперашнія ўмовы ўтрымання кардынальна змяніліся. Гэта было тым відавочней, што ўсе шасцёра яго сукамернікаў былі асуджаныя па палітычным артыкуле 24.23 КаАП. Вендт мяркуе, што «палітычных» змясцілі ў адну камеру адмыслова, хаця, з другога боку, было добра, што ўсе побач былі паплечнікамі.

З’явілася агрэсія і нянавісць

«Трое сакавіцкіх сутак і дзесяць красавіцкіх – розныя рэчы. Стаўленне да так званых «БЧБ-затрыманых» стала яшчэ больш жорсткім. У дачыненні да асуджаных па палітычных матывах з’явілася дадаткова агрэсія, нават нянавісць», – кажа Алесь Вендт.

Як расказвае, за суткі ў камеры праводзілі 6 праверак: чатыры ўдзень і дзве ўначы. Зранку забіралі матрацы, чаго не было раней. Сядзець даводзілася на голых металёвых прутах шконак.

«Такое стаўленне – гэта дадатковы здзек, і гэтага не было раней. З іншых камер, дзе не было палітычных, матрацы не забіралі. Перад адбоем самі зняволеныя заносілі матрацы ізноў у «хату». Уначы – яшчэ дзве праверкі, а пасля – перыядычна лязгалі металёвай накрыўкай, якая закрывае вочка, то бок, мяркую, нам знарок не давалі спаць. І такія паводзіны ахоўнікаў ні ў якіх правілах не прапісаныя», – кажа Вендт.

Кайданкі на выхадзе

Алесь распавядае, што здзекаваліся і з тых, хто паліць. Недзе два-тры дні ім зусім не давалі прыкурыць.

Гаворыць, што з 1-га красавіка «ўвялі кайданкі». Іх надзявалі кожны раз, калі кагосьці выводзілі з камеры, прыкладам, для прафілактычнай размовы. Праўда, перад размовай наручнікі здымалі.

Таксама Алесь Вендт паведаміў, што ў адной камеры з ім сядзеў віцябчук Сяргей Думава, на якога завялі крымінальную справу. Падставай для затрымання Думавы стаўся надпіс «Час прыйшоў! Горад наш», зроблены непадалёку ад месца ягонай працы. У гаражы знайшлі падобную фарбу. Праводзіцца расследаванне.

Пытанні наконт графіці былі ў следчага і да Алеся Вендта. На доме, дзе ён жыве, таксама быў пратэставы надпіс. Але для Вендта размова са следчым ніякага працягу не мела.

Ян Ластаўка

Чэрвень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.