Партыя БНФ » Сябра Сойму БНФ Віталь Макаранка зьвярнуўся па абарону ва Ўкраіне
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Сойму БНФ Віталь Макаранка зьвярнуўся па абарону ва Ўкраіне

Дададзена 08.05.2021 12:03:22 | 456 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Макаранка, адзін з 10 абвінавачаных у справе аб змове супраць Аляксандра Лукашэнкі, зьвярнуўся ў Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны па атрыманьне статусу ўцекача або дадатковую абарону ўкраінскай дзяржавы.

Віталь МакаранкаВіталь Макаранка мае від на жыхарства ва Ўкраіне, дзе пражывае ягоная сям’я.

«Від на жыхарства дазваляе знаходзіцца ва Ўкраіне, а статус уцекача абараняе ад выдачы лукашэнкаўскім уладам, якія ўжо мне надалі статус абвінавачанага ў справе пра так званы дзяржаўны пераварот і замах на Лукашэнку, і больш за тое — ужо завочна арыштавалі і паведамілі, што будуць прасіць (Украіну) аб экстрадыцыі. Таму я вырашыў зьвярнуцца па дапамогу да ўкраінскай дзяржавы», — сказаў Радыё Свабода Віталь Макаранка.

Адначасова ён плянуе разам са сваім адвакатам зьвярнуцца да Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, каб, з аднаго боку, паведаміць аб палітычных матывах крымінальнай справы супраць яго ў Беларусі і хадайнічаць аб нявыдачы, а зь іншага — атрымаць інфармацыю пра запыт на экстрадыцыю.

«Справа відавочна палітычная і сфальшаваная. Я нават ня ведаю, што беларускі бок можа напісаць у запыце. Мне цікава было б гэта пачытаць, бо я не рабіў аніякіх дзеяньняў, якія можна характарызаваць як змову ці замах», — дадаў ён.

Віталь Макаранка не выключае, што яго ўключылі ў пералік фігурантаў справы з мэтай раскруціць «украінскі сьлед».

«Цяпер з Украінай такія канфрантацыйныя дачыненьні… І ў сувязі з тым, што я значную частку свайго часу праводзіў ва Ўкраіне, у мяне тут жыве сям’я, напэўна, хацелі раскруціць на ўкраінскі сьлед. Інакш я не разумею, навошта я ім быў патрэбны».

Віталь Макаранка з сумневам ставіцца да прызнаньня віны іншымі фігурантамі гэтай справы. «У вязьніцы КДБ, напэўна, прызнацца можна ў чым заўгодна», — мяркуе ён.

Ён перакананы, што цяперашні КДБ працягвае традыцыі рэпрэсіўных органаў савецкага часу. «У іх жа дагэтуль у кабінэтах вісяць партрэты Дзяржынскага, таму яны свой „радавод“ вядуць ад ЧК, ВЧК і НКВД. Вядома, мэтады за амаль за сто гадоў удасканалілі, але, мяркую, прынцыповай розьніцы няма. Тады людзі прызнавалі, што яны агенты дзесяці выведак і рыхтавалі замахі на таварыша Сталіна і ўсё Палітбюро. Таму, як там зь імі працуюць — мы нічога ня ведаем, фактычна апэруем толькі той інфармацыяй, якую падае дзяржаўны бок, а што там насамрэч адбывалася і адбываецца, мы ня ведаем».

Акрамя Віталя Макаранкі, абвінавачваньні ў змове ці іншых дзеяньнях, учыненых для захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК), выстаўленыя:

  • Аляксандру Фядуту (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
  • Юрыю Зянковічу (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
  • Рыгору Кастусёву (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
  • Вользе Галубовіч (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
  • Дзьмітрыю Шчыгельскаму,
  • Аляксандру Перапечку,
  • Паўлу Кулажанку,
  • Ігару Макару.

6 траўня стала вядома пра затрыманьне 35-гадовага дальнабойшчыка з Нарачы Дзяніса Краўчука — па артыкуле 357 Крымінальнага кодэксу «Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

КДБ накіраваў запыты аб прававой дапамозе ў ЗША, аналягічныя запыты зьбіраецца адправіць у Літву і Ўкраіну. Камітэт дзяржбясьпекі хоча, каб астатніх абвінавачаных выслалі ў Беларусь. Пракуратура ўжо завочна пастанавіла ўзяць іх пад варту.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.