Партыя БНФ » Пайшоў з жыцця вядомы на Магілёўшчыне аграрый, сябра БНФ Мікалай Фёдаравіч Юркоў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пайшоў з жыцця вядомы на Магілёўшчыне аграрый, сябра БНФ Мікалай Фёдаравіч Юркоў

Дададзена 14.05.2021 11:44:52 | 648 праглядаў

У Дрыбіне памер Мікалай Фёдаравіч Юркоў. Мікалай Фёдаравіч шмат гадоў адпрацаваў у аграрнай галіне Магілёўшчыны. Ён з’яўляўся адным з старэйшых сябраў Партыі БНФ у Магілёўскай вобласці. У БНФ Мікалай Юркоў уступіў яшчэ ў 1993 годзе, калі працаваў дырэктарам гаспадаркі ў Дрыбінскім раёне.

1-jurko-mikalajНарадзіўся Мікалай Юркоў 5 ліпеня 1936 года ў вёсцы Ляміна Чусаўскога раёна Пермскай вобласці дзе яго сям’я знаходзілася ў высылцы. Пазней, ужо пасля вайны, ім дазволі павярнуцца на радзіму.

У 1963 годзе Мікалай Фёдаравіч скончыў эканамічны факультэт БСГА у г. Горкі. Працаваў галоўным аграномам саўгаса “Леніна”, дырэктарам саўгаса, калгаса “Дрыбінскі” Дрыбінскага раёна. З 2001 г. на пенсіі. Узнагароджаны медалём “За трудовое отличие”, 2 Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

СВК “Дрыбінскі” Мікалай Юркоў узначальваў з 1973 па 2001 год. Ён змог дамагчыся значных поспехаў у яе эканамічным развіцці. Ён дабраахвотна сышоў з пасады старшыні СВК у 2001 годзе, напісаўшы заяву на звальненне пасля таго, як на выбарах супрацоўнікі яго гаспадаркі прагаласавалі за “бестэрміновага” прэзідэнта.

Пасля выхаду на пенсію М.Юркоў на працягу некалькіх гадоў працаваў у Расіі, узначальваў там сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

У 1989 годзе на выбарах дэпутатаў З’езда народных дэпутатаў СССР Юркоў падтрымаў кандыдата Аляксандра Лукашэнка, які тады супрацьстаяў тагачаснаму старшыні ўраду БССР Вячаславу Кебічу. На гэтых выбарах Юркоў быў даверанай асобай кандыдата Лукашэнкі.

“Разышліся нашы дарогі з Лукашэнкам, калі ён заявіў: «Я гатовы на каленях паўзьці да Масквы, каб беларускаму народу жыць было добра». Пачуўшы гэтыя словы мяне нібы адрэзала ад яго. Я тады сказаў: «Прабач шаноўны, я буду грошы зарабляць. На каленях ні да кога не папаўзу». Калі Лукашэнка балятаваўся на прэзыдэнта ў 1994 годзе, то да мяне прыяжджалі агітавалі, каб я ўвайшоў у ягоную каманду. Я адмовіўся”,распавядаў сам Мікалай Юркоў у інтэрв’ю Радыё Свабода.

Мікалай Юркоў з’яўляўся сябрам Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне”. У партыю ён уступіў у 1993 годзе. Пакуль дазваляла здароўе, ён актыўна ўдзельнічаў у партыйных справах. Мікалай Юркоў заставаўся перакананым фронтаўцам да апошніх дзён свайго жыцця.

Мікалай Федаравіч Юркоў заўсёды ахвотна ішоў на кантакт з прадстаўнікамі журналісцкай супольнасці Магілёўшчыны, неаднаразова друкаваўся на старонках газеты “Узгорак”, рэгіянальных маланакладных газет.

Пахаванне Мікалая Фёдаравіча Юркова ў Дрыбіне прайшло 12 траўня.

Рэдакцыя і журналісты інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”, сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўшчыны, сябры Партыі БНФ Магілёўскай вобласці выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Мікалая Фёдаравіча Юркова.

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.