Партыя БНФ » Сойм БНФ прызначыў часова выконваючага абавязкі кіраўніка партыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ прызначыў часова выконваючага абавязкі кіраўніка партыі

Дададзена 15.05.2021 1:47:15 | 1,167 праглядаў

15 траўня адбылося пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Сойму грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючым органам партыі і руху была абмеркаваная бягучая грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне, а таксама пытаньні партыйнай стратэгіі і тактыкі ў сьвятле будучых выбарчых кампаній.

Сойм заслухаў інфармацыю пра становішча старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які быў затрыманы месяц таму і знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ па абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве па арт. 357 “Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.

Сярод іншага, у межах гэтага пытаньня сябры Сойму абмеркавалі праблему кіраваньня арганізацыяй у сытуацыі, калі старшыня партыі знаходзіцца пад вартай і аб’ектыўна пазбаўлены магчымасьці ажыцьцяўляць свае кіраўнічыя паўнамоцтвы (падпісаньне дамоваў, адчыненьне рахункаў у банках, рашэньні па іншых пытаньнях аператыўнага кіраваньня бягучай працай Партыі БНФ ды іншае).

З мэтай забесяпчэньня ўстойлівасьці працы партыйнай арганізацыі ва ўмовах, калі старшыня знаходзіцца пад вартай, Сойм, як кіруючы орган Партыі БНФ, які ўпаўнаважаны прымаць рашэньні па ўсіх пытаньнях дзейнасьці партыі ў перыяд паміж скліканьнямі Зьездаў партыі, прыняў рашэньне прызначыць часова выконваючага абавязкі старшыні Партыі БНФ з ліку намесьнікаў старшыні Партыі БНФ.

Сойм Партыі БНФ пастанавіў:

згодна з часткай трэцяй арт. 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” і на падставе пунктаў 5.4., 5.5. і 5.12. Статута Партыі БНФ часова надаць паўнамоцтвы старшыні Партыі БНФ намесніку старшыні Саранчукову Вадзіму Уладзіміравічу і прызначыць яго часова выконваючым абавязкі кіраўніка партыі.

Аналагічнае рашэньне было прынятае і па пытаньні прызначэньня часова выконваючага абавязкі старшыні Грамадскага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” – гэтыя абавязкі былі таксама ўскладзеныя на намесьніка старшыні аб’яднаньня Вадзіма Саранчукова.

Прымаючы абавязкі па часовым выкананьні функцыяў кіраўніка арганізацыі, намеснік старшыні Вадзім Саранчукоў сказаў:

Вадзім Саранчукоў- Хачу падкрэсліць, што старшынём Партыі БНФ цяпер застаецца Рыгор Кастусёў, і мы спадзяемся, ён хутка будзе на волі і будзе мець магчымасьць вярнуцца да паўнавартаснага выкананьня абавязкаў кіраўніка арганізацыі. Новы старшыня партыі можа быць абраны толькі наступным зьездам партыі. Цяперашняе рашэньне мае выключа тэхнічны характар і скіраванае на забеспячэньне ўстойлівай працы партыі і грамадзкага аб’яднаньня як юрыдычных асобаў. Лічу, што нашай першачарговай задачай на цяперашнім этапе павінна быць захаваньне і ўмацаваньне юрыдычнай устойлівасьці партыі, забесьпячэньне яе працы ў цяперашніх надзвычай неспрыяльных умовах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб старшыня партыі Рыгор Кастусёў ды ўсе зьняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя. Мы будзем прысьпешваць гэты момант усімі сродкамі, якімі валодае палітычная партыя згодна з уласным статутам.

Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ, доступ адваката Рыгора Кастусёва да сваяго падабароннага вельмі абмежаваны, ані паплечнікі па партыі, ані блізкія сваякі не атрымлівалі ад палітзьняволенага лістоў у адказ на лсіты і паштоўкі, якія дасылаліся. Але самі лісты і перадачы ўзятаму пад варту Рыгору Кастусёву даходзяць.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы і абмежаваны доступ адваката да Рыгора Кастусёва ў СІЗА, сойм даручыў управе БНФ праінфармаваць старшыню партыі ў зьняволеньні пра працяг партыйнай працы і прынятыя на сёняшнім сойме рашэньні.

Напісаць ліст падтрымкі старшыні партыі ў зьняволеньні можна на гэты адрас: 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.