Партыя БНФ » У зьняволеньні памёр сябра Сойму БНФ Вітольд Ашурак
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У зьняволеньні памёр сябра Сойму БНФ Вітольд Ашурак

Дададзена 21.05.2021 9:36:41 | 643 праглядаў

Управа Партыі БНФ са смуткам і больлю сустрэла вестку пра сьмерць за кратамі палітзьняволенага, нашага сябра і паплечніка Вітольда Ашурка.

Вітольд-АшуракСёння родныя актывіста паведамілі Нашай Ніве, што Вітольд Ашурак памёр у калоніі. Як паведамляецца – “спынілася сэрца”. Кіраўнік Лідскай арганізацыі БНФ Сергей Пантус, сябра Вітольда Ашурка, пацвердзіў Onliner інфармацыю пра трагедыю.

«Жонцы пазванілі з калоніі і сказалі, што спынілася сэрца і будзе весціся расследаванне», — сказаў ён. Зараз Сяргей Пантус знаходзіцца з сям’ёй Вітольда.

“Спынілася сэрца” не дыягназ. Гэта тое самае, што “памёр”. Так функцыянуе чалавечы арганізм, ён памірае праз астаноўку сэрца. Гэта не можа быць прычынай з медыцынскай кропкі гледжаньня. Павінна быць судова-медыцынскае заключэньне з-за чаго яно спынілася. Вітольд быў выкшталцоны, далікатны і пазітыўны. Яго будзе нам не хапаць… Спачывай,” – напісаў у прыватным допісе ў фэйсбуку з нагоды смерці паплечніка намеснік старшыні Партыі БНФ, доктар Зьміцер Салошкін.

Прадстаўніцтва Эўрапейскага Саюза ў Беларусі зрабіла заяву з нагоды сьмерці Вітольда Ашурка:

Мы выказваем глыбокае спачуванне блізкім спадара Ашурка, яго сябрам і ўсім, хто яго ведаў. Няхай добрыя ўспаміны дапамагаюць Вас вытрываць у гэты цяжкі час. Еўрапейскі саюз падкрэслівае сваё патрабаванне неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і адвольна затрыманых асоб. Ён мае на мэце прыцягваць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі” – гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу.

Гісторыя палітвязня Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак быў асуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў. Ашурак быў сябрам Сойма Партыі БНФ і каардынатарам руху «За свабоду», чалавек быў бясконца адданы Беларусі.

Апошнія два тыдні ад Вітольда не было лістоў. Але да гэтага ён паспеў паведаміць, што ў калоніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі.

«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.

50-гадовага сябра партыі БНФ Вітольда Ашурка суд Лідзкага раёну прызнаў вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 342 «Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і 364 «Гвалт у дачыненьні да міліцыянта». Свой 50-гадовы юбілей Вітольд Ашурак сустрэў за кратамі. Вітольд Ашурак быў пастаўлены ў турме на прафіляктычны улік як асабліва небяспечны зьняволены.

27 студзеня праваабарончыя арганізацыі краіны агучылі заяву пра прызнаньне палітвязьнямі сябра сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка і яшчэ 30 асобаў, якія былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Міжнародны дэмакратычны зьвяз (IDU), сусьветнае аб’яднанне больш за 70 правацэнтрысцкіх партый і рухаў з розных краін свету (ад Рэспубліканскай партыі ЗША да ХДС\XCC Нямеччыны) выступіў у абарону Вітольда Ашурка і запатрабаваў яго вызваленьня.

ДАВЕДКА: Хто такі Вітольд Ашурак

Ашурак Вітольд (2)У палітыцы сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк летам 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе на парламенцкіх выбарах быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Партыі БНФ па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.