Партыя БНФ » Публічнае абмеркаванне праектаў нарматыўных актаў як сродак абароны беларускай мовы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Публічнае абмеркаванне праектаў нарматыўных актаў як сродак абароны беларускай мовы

Дададзена 22.05.2021 10:22:50 | 758 праглядаў

Газэта “Наша Слова” публікуе нататку пра досвед удзелу Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” у абмеркаванні праектаў нарматыўных актаў і выкарыстанне гэткага механізму як сродку абароны моўных правоў і прадухілення дыскрымінацыі носьбітаў беларускай мовы.

МоваУ адным з мінулых нумароў “Нашага слова” была апублікавна справаздача пра дзейнасць Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” ў 2020 годзе (публікацыя такіх справаздач цяпер ёсць абавязковая згодна з новым заканадаўствам аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму).

Сярод іншага, у пераліку мерапрыемстваў, якія былі праведзены аб’яднаннем цягам году, быў узгаданы і ўдзел ГА БНФ “Адраджэньне” ў абмеркаванні праекта пастановы Савета Міністраў “Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь”.

Досвед удзелу ў абмеркаванні гэтага праекта прававога акта варты таго, каб азнаёміць з ім чытачоў “Нашага слова” больш дэтальна. Па-першае, вынікам абмеркавання стала замаца- ванне афіцыйных адзінак велічынь на беларускай мове і з выкарыстаннем літараў беларускага алфавіту. Па-другае, сама форма ўдзелу ў абмеркванні праектаў нарматыўных прававых актаў робіцца цяпер усё больш папулярным сродкам удзелу грамадскасці ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў.

Публічнае грамадскае абмеркаванне праектаў прававых актаў

Артыкул 7 закона “Аб нарматыўных прававых актах” ад 17 ліпеня 2018 года (набыў моц 1 лютага 2019 года) прадугледжвае, што на публічнае абмеркаванне могуць быць вынесены: праекты заканадаўчых актаў і пастановаў ураду, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў альбо якія ўводзяць новыя падыходы да прававога рэгулявання пэўнай сферы грамадскіх адносінаў.

У развіццё гэтай нормы закона пастановай урада ад 28 студзеня 2019 года № 56 было зацверджана Палажэнне аб публічным абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў, якім былі ўстаноўлены дзве формы гэткага абмеркавання праектаў:

-Грамадскае публічнае абмеркаванне – абмеркаванне праектаў з удзелам шырокай грамадскасці ў выглядзе неакрэсленага кола асобаў.

-Прафесійнае публічнае абмеркаванне – абмеркаванне праектаў з удзелам пэўнага кола асобаў, якія ажыццяўляюць прафесійную, адукацыйную, навуковую або грамадскую дзейнасць у сферы рэгулявання грамадскіх адносін, якую закранае праект нарматыўнага прававога акта.

Безумоўна, другая форма (прафесійнае абмеркаванне) з’яўляецца больш паглыбленай, паколькі прадугледжвае наўпроставы кантакт паміж зацікаўленай грамадскасцю з распрацоўшчыкамі праекта нарматыўнага акта. Напрыклад, тое ж грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” ў 2019 годзе было запрошана на абмеркаванне праекта закона “Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму” і выказала па ім крытычныя заўвагі з заклікам не прымаць яго.

Але на практыцы арганізацыі грамадзянскай супольнасці і незалежныя эксперты далёка не заўсёды запрашаюцца да прафесійнага абмеркавання, не заўсёды запрашаюцца ў рабочыя групы па законапр ектах. Калі ж іх запрашаюць, то гэта амаль заўсёды толькі некалькі арганізацый, запрошаныя індывідуальна рашэннем ураду, а зусім не шырокае кола зацікаўленых арганізацый. Вельмі рэдка агучваецца запрашэнне да ўдзелу ў рабочых групах або кансультацыйных сустрэчах па законапраектах, адрасаванае неабмежаванаму колу якіхкольвек зацікаўленых арганізацый.

А вось форма грамадскага публічнага абмеркавання з’яўляецца даступнай для неабмежаванага кола грамадзян і арганізацый. Вельмі простай і зручнай для выкарыстання з’яўляецца форма ўдзелу ў так ім грамадскім абмеркаванне праз падачу пісьмовых каментароў і прапановаў, у тым ліку на спецыяльным дзяржаўным вэбсайце “Прававы форум Беларусі“. Істотна, што пададзеныя на гэтым сайце каментары разглядаюцца, як афіцыйныя – па іх ладзіцца абагульненне і асобны разгляд пры абмеркаванні праекта закона ці праекта іншага нарматыўнага акта.

Нездарма за апошнія гады папулярнасць менавіта гэткай формы грамадскага абмеркавання істотна павялічылася, прычым як па колькасці вынесеных на абмеркаванне праектаў, так і па актыўнасці каментатараў і зацікаўленых асобаў:

Год

2013

2014

2015

2016

2017

2018

2019

2020

Колькасць праектаў прававых актаў, якія вынесеныя на публічнае абмеркаваньне на Прававым форуме Беларусі

1

1

6

12

26

76

165

195

Агульная колькасць заўвагаў

3

1

34

488

709

1,557

3,021

7,437

Сярэдняя колькасьць заўвагаў да праекта

3

1

5.6

40.6

27.2

20.4

18.3

38.1

Падлікі аўтара

Безумоўна, далёка не ўсе з выкладзеных на абмеркаванне праектаў прававых актаў выклікаюць вялікую хвалю абмеркавання. Здараецца так, што да некаторых праектаў зусім не з’яўляецца заўвагаў. Часам праекты выклікаюць сотні заўвагаў, але яны незмястоўныя, агульныя і выкліканы хутчэй самой тэмай для прававога рэгулявання, а не практычным зместам прапанаванага тэксту законапраекта (так было, напрыклд, з праектамі прававых актаў, датычна правілаў утрымання свойскіх жывёлаў).

Але пры гэтым на ўзроўні такога не вялікага сегмента законатворчай дзейнасці (невялікага – таму, што далёка не ўсе праекты ўказаў, законаў, пастановаў выносяцца на грамадскае абмеркаванне) заўважная старая хіба беларускага права: законы прымаюцца толькі на адной з дзвюх дзяржаўных моваў, і гэтая мова ў абсалютнай большасці выпадкаў – руская. Праекты прававых актаў на беларускай мове складаюць мізэрную частку ў агульнай плыні.

Сітуацыя з гэтай дыспрапорцыяй у законатворчасці патрабуе вырашэння, і грамадскі ціск па гэтым пытанні на этапе публічнага абмеркавання праектаў прававых актаў – справа важная. Але досвед некаторых абмеркаванняў сведчыць, што ў працэсе можна прадухіліць прыняцце дыскрымінацыйных нормаў і шкодных для беларускай мовы актаў.

Досвед абмеркавання праекта пастановы
ўраду пра адзінкі велічынь

Праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь” быў вынесены на публічнае грамадскае абмеркаванне ў верасні 2020 года з ініцыятывы Дзяржкамстандарта.

Абмеркаванне цягнулася 10 дзён, і ў яго межах паступіла толькі некалькі заўваг да тэксту праекта. Гэта прыклад таго, як пра- ект, які закранае будзённае жыццё тысяч лю- дзей і арганізацый, не выклікаў вялікай гра- мадскай увагі з той прычыны, што вонкава належыць да вузкапрафесійнай сферы.

Між тым, праект устанаўліваў, што адзінай мовай для адзінак вымярэння ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца руская мова, вызначаў і фактычна навязваў выкарыстанне выключна рускай мовы на інструментах і прыладах вымярэння, у тэхнічнай і праектнай дакументацыі і г.д. Натуральна, такое грубае парушэнне патрабаванняў Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” выклікала абурэнне Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Была падрыхтавана адпаведная заўвага, якую мы тут прыводзім з нязначнымі скаротамі:

-У прапанаваным праекце палажэння неаднаразова выкарыстоўваецца тэрмін “русское обозначение единиц величин” (пункты 11, 13), а таксама ўжываецца пазначэнне “с использованием букв русского алфавита” (пункт 13).

-У дадатках да палажэння (ад першага да восьмага) прапануецца замацаваць міжнароднае і рускае пазначэнне адзінак велічыні, а беларускае значэнне не пазначаецца.

Азначаныя палажэнні прапанаванага паректа супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь аб мовах, ігнаруюць дзяржаўны статус беларускай мовы, ствараюць нязручнасці для выкарыстання адзінак велічыні пры выкарыстанні беларускай мовы ў норматворчым працэсе, у справаводстве і дакументацыі, асабліва тэхнічнай і праектнай, а таксама ствараюць умовы для дыскрымінацыі грамадзян па моўнай прыкмеце ў стасунках з дзяржаўнымі органамі і ў адукацыі.

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Бела- русь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Артыкул 22 Канстытуцыі ўстанаўлівае, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Згодна з артыкулам 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя. Згодна з артыклуам 2 таго ж закона, Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ствараюць грамадзянам неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі. Артыкул 9 таго ж закона замацоўвае, што тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння – на іншай мове.

Разам з тым, артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвае, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Гэтая норма закона дазваляе прымаць пастановы Савета Міністраў на двух дзяржаўных мовах адначасова.

З улікам выкладзеных аргументаў, было прапанавана:

1.Прыняць пастанову Савет а Міністраў, якая вынесена на абмеркаванне на рускай і беларускай мовах, падрыхтаваўшы дзве моўныя версіі, ідэнтычныя па змесце.

2.У рускамоўным тэксце пастановы замест тэрміна “русское обозначение единиц величин” выкарыстоўваць тэрмін “русское или белорусское обозначение единиц величин“, а замест выразу “с использованием букв русского алфавита” ужыць выраз “с использованием букв русского или белорусского алфавита“.

3.У рускамоўным тэксце пастановы ў табліцах, прадстаўленых у дадатках 1-8, уключыць дадатковы слупок “Белорусское обозначение единицы величины” (альбо “Белорусское обозначение приставки” адпаведна).

Вынік разгляду гэтых прапановаў ва ўрадзе быў палавіністым. З аднаго боку, Дзяржкамстандарт катэгарычна адмовіўся ад прапановы прыняць пастанову ў дзвюх моўных версіях: маўляў, не прадугледжана заканадаўствам (што, канешне ж, не адпавядае рэчаіснасці). Як выглядае, прыняцце актаў на дзвюх мовах – сістэмная праблема, якая патрабуе прынцыповага вырашэння. Што да прапановы змяніць у праекце пастановы дыскрымінацыйныя нормы пра выкарыстанне афіцыйных адзінак велічынь толькі на рускай мове – то па ёй быў дадзены такі адказ:

“Прапанова аб дапаўненні праекта пастановы нормамі, якія ўстанаўліваюць магчымасць указання ў дакументах, на тэхнічных сродках, прыладах і сродках вымярэнняў найменняў і пазначэнняў адзінак велічынь на беларускай мове, і дапаўнення дадаткаў да Палажэння, што зацвярджаецца праектам пастановы, беларускімі пазначэннямі адзінак велічынь і прыставак – дадзеная прапанова падтрымана, праект пастановы дапоўнены адпаведнымі нормамі”.

Пастанова Савета міністраў “Аб адзінках велічынь, дапушчаных да ўжывання ў Рэспубліцы Беларусь” ад 24 лістапада 2020 года № 673 сапраўды была прынята ў адкарэктаваным выглядзе – на рускай мове, але ўжо без дыскрымінацыйных палажэнняў (апублікавана ў зборніку прававых актаў “Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь”, 2020 г., № 46).

Здавалася б, гэта перамога нязначная. Але з іншага боку – гэта перамога здаровага сэнсу, і карэкціроўка гэтага праекта дазволіла прадухіліць абсурдную сітуацыю, калі б у Беларусі было забаронена выкарыстоўваць у праектай і іншай афіцыйнай дакументацыі, на інструментах і прыладах беларускую мову для вызначэння адзінак вымярэнняў і велічынь.

Падобнага кшталту маніторынг і рэагаванне на выпадкі ігнаравання бела- рускай мовы пры распрацоўцы праектаў нарматыўных актаў робіцца Грамадскім аб’яднаннем БНФ “Адраджэньне” на сталай аснове. Напрыклад, падобнага кшталту фармулёўка, ужытая ў бягучай версіі праекта закона “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання” датычна вядзення Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асобаў і індыв ідуальных прадпрымальнікаў. Артыкул 9 праекта закона кажа, што дзяржрэгістр вядзецца “на адной з дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь”, а тлумачальная нататка да законапраекта пераконвае, што такой мовай можа быць толькі руская (цытуецца на мове арыгінала): “Проектом Закона решается вопрос выбора одного из государственных языков Республики Беларусь, на котором ведется ЕГР. Устанавливается, что его выбор определяется программнотехническими условиями и языком принятия нормативных правовых актов, используемых при ведении ЕГР. В настоящее время ЕГР ведется на русском языке, выписки из ЕГР также предоставляются на русском языке. Это обусловлено тем, что при ведении ЕГР используются общегосударственные классификаторы, являющиеся нормативными правовыми актами, принимаемыми на русском языке.

Па гэтым пытанні ў межах абмеркавання праекта закона таксама была накіравана крытычная заўвага, з патрабаваннем не дапусціць ужывання ў законе дыскрымінацыйнай фармулёўкі датычна мовы вядзення дзяржрэгістра юрыдычных асобаў (а значыць – і мовы афіцыйных найменняў усіх арганізацый краіны). Гэты закон пакуль не прыняты, а ў дачыненні да прапановы весці дзяржрэгістр на дзвюх мовах дадзены прамежкавы адказ, што будзе праведзена дадатковая прапрацоўка гэтага пытання.

У кожным разе, удзел у грамадскім абмеркаванні праектаў прававых актаў, у
тым ліку праз накіраванне заўвагаў і каментароў праз сайт “Прававы форум Беларусі”, уяўляецца песрпектыўнай формай данясення да заканадаўцаў пазіцыі па пытаннях, датычных забесяпчэння дзяржаўнага статусу
беларускай мовы і прадухілення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.

Застаецца толькі заклікаць усіх зацікаўленых суб’ектаў, як грамадзян, так і
арганізацыі, найчасцей зазіраць на сайт “Прававы форум Беларусі” і пакідаць там свае заўвагі – гэта кароткі шлях, каб дагрукацца да распрацоўшчыкаў законапраектаў на адносна ранняй стадыі.

Юрый Чавусаў, сябра Сойму Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.