Партыя БНФ » Наперадзе — зачыстка партый: колькі з іх пройдзе анансаваную “перарэгістрацыю”?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Наперадзе — зачыстка партый: колькі з іх пройдзе анансаваную “перарэгістрацыю”?

Дададзена 23.05.2021 10:35:29 | 855 праглядаў

Няма сумневу ў тым, што ўлады сур’ёзна настроены на тое, каб істотна перафарматаваць поле палітычных партый. На самым версе яўна ідзе абмеркаваньне, ці існуючая мадэль партыйнага жыцця адпавядае інтарэсам стабільнасці і кансалідацыі рэжыму – піша Аляксандр Кур’яновіч у інтэрнэт-часопісе ARCHE.

Шэсць партыяўТакія высновы можна зрабіць з нарады па пытаннях дзейнасці палітычных партый з удзелам Аляксандра Лукашэнкі 9 красавіка. Панаракаўшы на тое, што ў беларускім грамадстве асаблівага запыту на палітычныя партыі быццам бы і ніколі не было, а «партийный вопрос будоражит умы лишь небольшой части политизированной публики и в крупных городах», Лукашэнка даў цалкам канкрэтнае ўказанне: «…Принимаем закон о партиях, затем максимум до конца года проводим перерегистрацию всех политических партий на основании этого закона».

Пры гэтым Лукашэнка ні словам не абмовіўся аб “аптымальнай” колькасці партый. Загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін, які з лета 2020 стаў вядомы сваімі ангжаванымі выказваннямі ў падтрымку «генеральнай лініі» і асабіста яе правадыра, больш канкрэтны: «Сегодня в стране 15 партий. А результат? В обществе их практически не знают. Поэтому две-три сильные, с реальными программами, широким представительством в регионах вполне могут существовать».

Да апошняга часу рэжыму зарэгістраваныя палітычныя партыі асабліва не дапякалі. Пра гэта ўскосна сведчыць хаця б тое, што ў дзейны закон аб палітычных партыях змяненні і дапаўненні не ўносіліся на працягу вось ужо пяці гадоў. Праўда, летам 2019 года Мінюст вынес праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў» на грамадскае абмеркаванне. Але законапраект не быў па сваёй сутнасці рэвалюцыйным. Своеасаблівым «фірмовым знакам» гэтага законапраекта стала зніжэнне мінімальнай колькасці заснавальнікаў (членаў) партыі: не менш 800 (замест 1000).

Усё памянялася ў верасні 2020 года, калі дзесяць з пятнаццаці зарэгістраваных партый, у тым ліку і тыя, за якімі трывала ўмацаваўся імідж праўладных, падпісалі рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні да мірных удзельнікаў пратэсту, распачаць крымінальныя справы па фактах забойстваў, затрыманняў і г.д.

Асобным пунктам было патрабаванне аб правядзенні новых выбарах прэзідэнта на працягу паўгода.

Гэтая заява партыйных лідараў на фоне масавых пратэстаў, мітынгаў, маршаў і студэнцкіх выступленняў стала сапраўдным выклікам уладзе, незалежна ад таго, ці ўсведамлялі гэта самі падпісанты. Менавіта так гэта асабіста ўспрыняў Аляксандр Лукашэнка.

Ужо праз некалькі дзён ён публічна абвінаваціў партыі ў тым, што тыя не выконваюць уласныя статуты і загаварыў аб іх перарэгістрацыі. Гэта даручэнне было “зацверджана” шостым Усебеларускім народным сходам, які адбыўся ў лютым 2021 года.

Далей падзеі развіваліся так: 17 лютага 2021 года начальніца ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Мінюста, на якое і ўскладзена функцыя рэгістрацыі палітычных партый, Алена Кірычэнка заявіла: толькі некаторыя палітычныя партыі ва ўстаноўленыя тэрміны і ў поўным аб’ёме падалі інфармацыю наконт колькасці членаў і арганізацыйных структураў. Разам з Ліберал-дэмакратычнай і Камуністычнай партыямі Кірычэнка назвала і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці (РППС). Адзіннаццаць жа партый, па словах Кірычэнкі, атрымалі папярэджанні.

Згадка камуністаў, ліберал-дэмакратаў і “рэспубліканцаў” у вуснах чыноўніцы не выпадковая: яе можна разглядаць як своеасаблівую індульгенцыю на паспяховую перарэгістрацыю. У першых і ў другіх ніколі не было сур’ёзных канфліктаў з уладамі. Больш за тое, у апошнія часы прыхільнікі Гайдукевіча і Карпенкі рэзка актывізаваліся. 24 красавіка ў Мінску адбыліся IV Пленум ЦК КПБ і патрыятычны кангрэс ЛДПБ, дзе наперабой асуджаліся «экстрэмісты», і гаварылася пра «гібрыдныя войны» супраць Беларусі і Расіі. Да таго ж КПБ і ЛДПБ віталі ініцыятыву Лукашэнкі, якая прадугледжвае надзяленнем т.зв. Саўбеза функцыяй “калектыўнага” прэзідэнта ў выпадку смерці дзейнага прэзідэнта.

РППС, якая, у адрозненне ад КПБ і ЛДБ, падпісала памянёную заяву ў верасні 2020, неўзабаве зрабіла разварот на 180 градусаў. У снежні 2020 года група на чале з кіраўніком мінскай гарадской партыйнай арганізацыі Аляксандрам Макаравым адхіліла ад кіраўніцтва яе шматгадовага лідара Васіля Задняпранага. Цалкам прадказальна, Мінюст прызнаў змену лідара ў партыі законнай. Макараў публічна назваў папярэдніка «оппозиционером существующей власти» і паспяшаўся адхрысціцца ад падпісанай тагачасным намеснікам Задняпранага Эдуардам Нарышкіным (дарэчы, былога члена Савета Рэспублікі другога склікання і экс-кіраўніка канцэрна «Беллегпрам») вышэйадзначанай заявы.

Пасля заяў Лукашэнкі і рэакцыі з Мінюста выглядае, што каменем сутыкнення падчас перарэгістрацыі партый можа стаць норма аб мінімальнай колькасці іх сяброў. Нездарма і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, і той жа Мікалай Шчокін у адзін голас загаварылі пра «более высокий порог численности» партый. Астатнія ж новаўвядзенні (заснавальнікамі і членамі партый могуць быць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны; партыі штогод да 1 сакавіка абавязаны размяшчаць інфармацыю (разам з фінансавай справаздачнасцю) аб сваёй дзейнасці ў адкрытым доступе, у тым ліку ў СМІ і на ўласных інтэрнэт-старонках, абавязкова ўдзельнічаць у выбарах і інш.) не выглядаюць непераадольнымі.

Норма, якая ўстанаўляе мінімальны парог у 1000 сяброў для рэгістрацыі партыі, была зацверджана Лукашэнкам дэкрэтам №2 ад 26 студзеня 1999 года «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў» (да гэтага “парог” быў у 500 членаў). Пры гэтым мабілізацыйны патэнцыял нават буйных партый застаецца невысокім: нагадаем, што Сяргей Калякін (Беларуская партыя левых «Справядлівы свет») і Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная грамадзянская партыя) падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года не здолелі сабраць 100 тыс. подпісаў грамадзянаў — мінімальную колькасць для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. А заява старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай ў студзені 2018 года аб магчымасці зніжэння мінімальнай колькасці такіх подпісаў да 70 тыс. так і прынесла практычных вынікаў.

Цяпер улады цвёрда настроеныя гнуць сваю лінію. Працытуем таго ж Лукашэнку на нарадзе 9 красавіка:

«Мы думаем: а, партия — мы ее зарегистрируем, и пусть она будет. Да нет, так не будет! Все время будет столкновение интересов. Ладно тут в августе и в другие месяцы ходили, вы помните, по Минску в основном. Но это одна куча была, извините меня, протестунов. Противостояла им другая сила во главе с властью. А если вывалят разные и будут каждый день ходить?».

А словы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея наконт таго, што санкцыі пагражаюць самому існаванню грамадзянскай супольнасці ў краіне, не патрабуюць каментараў.

Таму не выключана, што трэба чакаць павышэння мінімальнай колькасці ўдзельнікаў партый удвая, а то і ўтрая. Акрамя павышэння колькасці могуць паявіцца і іншыя палажэнні, якія яшчэ больш ускладняць перарэгістрацыю (рэгістрацыю) партый. Напрыклад, норма, паводле якой устаноўчы з’езд партыі правамоцны, калі на ім прысутнічаюць не менш дзве траціны яе членаў.

Адным словам, пакуль абяцаны Лукашэнкам рэферэндум па новай Канстытуцыі ў пачатку наступнага года — справа дзесятая. Наперадзе — «зачыстка» партыйнага ландшафту. Якая будзе рэакцыя палітычных партый і іх лідары, сказаць пакуль што цяжка.

Паводле ARCHE

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.