Партыя БНФ » Блог Алеся Бяляцкага: Сьмерць палітычнага зьняволенага Вітольда Ашурка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Блог Алеся Бяляцкага: Сьмерць палітычнага зьняволенага Вітольда Ашурка

Дададзена 26.05.2021 12:14:26 | 577 праглядаў

Сумна, калі чалавек памірае на свабодзе, і невыносна сумна, калі гэта адбываецца ў зьняволеньні, калі чалавек там застаецца сам на сам, і ніхто ні можа ў апошню хвіліну ягонага жыцьця падтрымаць яго і разьвітацца зь ім.

Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду палітычным вязьням!У трагічнай сьмерці грамадзкага актывіста і палітычнага вязьня Вітольда Ашурка застаецца багата пытаньняў, на якія мы зараз ня маем адказаў. Пасьля некалькіх месяцаў зьняволеньня, а затым закрытай судовай расправы, Вітольда асудзілі на пяць гадоў калоніі. У гарадзенскім СІЗА, дзе трымалі грамадзкага актывіста, як паведамляў ягоны брат, “фізічны стан Вітольда нармальны, настрой бадзёры”.

У красавіку Вітольда Ашурка пераводзяць у шклоўскую калонію. Мы добра ведаем, якія адносіны з боку аміністрацыі да палітычных зьняволеных у беларускіх калоніях. Там яго пачалі “ламаць”. За месяц, як паведамляе сьледчы камітэт, Вітольд атрымаў 12 парушэньняў правілаў унутранага распарадку.

За што іх даюць, добра ведаю на ўласным вопыце: за незашпілены гузік, за тое, што не павітаўся з супрацоўнікам калоніі, за тое, што абутак неўстаноўленага ўзору, за сядзеньне на шконцы, і ўвогуле абы за што. Мне, “злоснаму парушальніку”, парушэньні давалі стабільна раз на месяц, каб не разслабляўся. Вітольда ж засыпалі імі. Адная з задачаў калоніі – зьнішчыць у зьняволеным ягоную чалавечую годнасьць. Паказаць, што ты там – ніхто, бязпраўная істота, і што з табой можна зрабіць усё, што заўгодна.

Жоўтабірачніку – асаблівая ўвага. Жоўтыя біркі вешаюць “схільным да экстрэмізму”. Сёньня ўсе папулярныя “палітычныя” артыкулы – 293, 342, 364, гэта – жоўтая бірка: кайданкі пры перавозцы і вывадзе, дадатковыя праверкі ў камеры і на зоне, дачэпкі і варожыя адносіны адміністрацыі калоніі.  “Гвалт” да міліцыянта, які прыпісвалі Вітольду Ашурку, для дэпартаменту выкананьня пакараньняў, як часткі МУСа, недаравальны. Новых зьняволеных “ставяць на месца” праз парушэньні, пазбаўленьне спатканьняў, перадачаў, праз ШІЗА.

Вітольд напісаў у адным з лістоў, як толькі патрапіў у калонію, пра жоўтыя біркі для палітычных. “Старая-новая” навіна пайшла ў сацсеткі. Гэта магла быць сапраўднай прычынай, чаму яго пасадзілі ў ШІЗА.

І вось, за два тыдні (у калоніі былі ж яшчэ прыкладна два тыдні ў каранціне, дзе да зьняволеных прыглядаюцца і вырашаюць, што зь імі рабіць далей) Вітольд, які раней ня скардзіўся на здароўе, даведзены да такой ступені, што ў камеры ШІЗА губляе прытомнасьць і падае.

Што давяло яго да такога стану? Ён быў зьбіты? Яму не давалі спаць? На яго ціснулі маральна? Там было холадна? Ён галадаў? Адказу на гэтыя пытаньні мы ня маем.

Далей, як піша СК, “са слоў супрацоўнікаў калоніі, асуджаны, разьбіўшы галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і гаспіталізацыі”.

Ня веру, што зьняволены не прамяняў бы камеру ШІЗА на ложак у бальнічцы. Хутчэй за ўсё, ніхто нічога яму не прапаноўваў. Як мінімум, Вітольду Ашурку не аказалі неабходнай медычнай дапамогі.

Няма больш закрытай сістэмы за Дэпартамент выканання пакаранняў. І адміністрацыя калоніі будзе зараз рабіць усё, каб схаваць праўду пра сьмерць палітычнага зьняволенага Вітольда Ашурка.

Ці можна спадзявацца, што сьледчы камітэт правядзе аб’ектыўнае разсьледваньне і дакапаецца да праўды? Той самы камітэт, які правёў “пасьпяховае” сьледзтва супраць Вітольда Ашурка і паспрыяў, каб ён апынуўся ў турме, які не ўзбудзіў аніводнай крымінальнай справы па сотнях заяваў аб катаваньнях грамадзянаў пасьля выбараў. Я ў гэтым моцна сумняваюся. Праўду мы будзем ведаць крыху пазьней.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены.

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.