Партыя БНФ » Перарэгістрацыя палітычных партый у 1999 годзе: як гэта было, і пры чым тут РНЕ з Юрыем Васкрасенскім
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Перарэгістрацыя палітычных партый у 1999 годзе: як гэта было, і пры чым тут РНЕ з Юрыем Васкрасенскім

Дададзена 29.05.2021 11:04:09 | 801 праглядаў

Анасаваная Аляксандрам Лукашэнкам перарэгістрацыя палітычных партый, хутчэй за ўсё, скончыцца скарачэннем іх колькасці. У сувязі з гэтым гісторык Аляксандр Кур’яновіч прыгадвае, што такая перарэгістрацыя мінулы раз адбылася яшчэ ў 1999 годзе.

26 студзеня 1999 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў дэкрэт №2 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў і іншых грамадскіх аб’яднанняў». Праз два тыдні ў сваім выступе «Аб задачах рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнай улады па сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь на 1999 год» ён абвінаваціў апазіцыю ў спробе дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і заклікаў «дать отпор этим силам зла и разрушения». Пры гэтым Лукашэнка ўпамянуў і палітычныя партыі:

«Их у нас около тридцати. Большинство из них немногочисленны и недостаточно структурированы. А наиболее влиятельные не выходят за рамки 10% рейтина все вместе. Наиболее агрессивно настроены Белорусский Народный Фронт и Объединенная гражданская партия. Их пропаганда сводится к двум постулатам. Первый — русофобия и антиславянизм, патологическое отторжение Союза Беларуси и России. Второй — неприятие социальной ориентированности нашей экономики, ставка на “шоковую терапию”, надежда на западные кредиты. То есть старый идеологический хлам, который сегодня вряд ли сможет привлечь людей».

7 красавіка 1999 года ў сваім пасланні Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка зноў публічна абрынуўся на палітычныя партыі:

«Надо более критично подойти к вопросу многопартийности в нашем обществе. Некоторые политические партии в Республике Беларусь пока еще весьма далеки от созидательной деятельности. Они слишком привыкли сосредотачивать внимание на отрицательном. “Правые” заняты розыском “левых” опасностей. “Левые” чрезмерно сосредоточены на изобличении “буржуазии”, классовых противоречий. Их одолевает ностальгия по не столь отдаленным временам».

Адным з распрацоўшчкаў дэкрэта быў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Іван Пашкевіч. З’яўленне самога дэкрэта было абумоўлена тым, што краіна ўступала ў трохгадовы электаральны цыкл. У 1999 г. меліся адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы, а ў 2000 і 2001 — парламенцкая і прэзідэнцкая кампаніі.

Апазіцыя адразу заявіла аб палітычным падтэксце дэкрэта, аб яго накіраванасці на абмежаванне дзейнасці партый і супярэчнасці з шэрагам міжнародных дакументаў. Адпаведныя заявы, напрыклад, зрабілі Цэнтральная Рада Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ Грамада), Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) і інш.

Асноўнай навацыяй дэкрэта стала павелічэнне мінімальнай колькасці членаў партыі ўдвая: з 500 да 100 чалавек. Каментуючы яе, тагачасны начальнік упраўлення грамадскіх аб’яднанняў міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін адзначаў: «Ведь если партия сильная и ее идеи отозвались в сердцах людей, она наберет требуемле количество членов, о котором идет речь в декрете». Па словах Сухініна, напярэдадні рэгістрацыі толькі дзесяць палітычных партый мелі неабходную тысячу сяброў.

Асабліва моцныя пазіцыі былі ў Ліберал-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Сяргея Гайдукевіча і ў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Сяргея Калякіна. Так, 6 сакавіка 1999 года ліберал-дэмакраты і камуністы правялі ў Мінску ўласныя з’езды з удзелам 650 і 240 дэлегатаў адпаведна. Аб запасе трываласці гэтых партый сведчыла і наступнае: на мясцовыя выбары, якія павінны былі адбыцца 4 красавіка 1999 года, ЛДПБ, па афіцыйных звестках, вылучыла каля 1200 кандыдатаў, ПКБ — каля 700.

Меншыя партыі, тым не менш, выпраменьвалі аптымізм. Так, выканаўчы сакратар Цэнтральнай Рады БСДГ (Грамада) Алег Трусаў заявіў: «Калі трэба 1000 членаў, дамо 1100».

Адным словам, павышэнне мінімальнай колькасці членаў не выклікала сярод партыйных колаў вялікай панікі. Пэўную заклапочанасць спарадзіла хіба норма дэкрэта, згодна з якой 1000 членаў паасобнай партыі павінны былі прадстаўляць не толькі Мінск, а і ад большасці абласцей (не менш за чатырох).

На перарэгістрацыю дэкрэт адводзіў пэўны час: з 1 лютага па 1 ліпеня. Пры гэтым усе неабходныя дакументы палітычныя партыі павінны былі прадставіць у Мінюст да 1 чэрвеня. Здавалася б, тэрмін дастатковы. Тым больш, што пазней тэрмін перарэгістрацыі быў падоўжаны да 1 жніўня. Але працэс ускладняў адзін момант, звязаны з сімволікай партыі. Раней апісанне сімволікі рабілі супрацоўнікі рэгіструючага органа — упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі. Цяпер жа, паводле новых правілаў, апісанне партыйнай сімволікі (эмблема, значок, вымпел, гальштук) рабіла Геральдычная служба Дзяржкамітэта па архівах і справаводстве.

Яшчэ адным нюансам было тое, што Мінюст не прымаў канчатковага рашэння наконт перарэгістрацыі партыі. Гэты абавязак быў ускладзены на Рэспубліканскую камісію па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб’яднанняў. Склад камісіі так і застаўся невядомым. А ўзначаліў яе чалавек добра (ці сумна) вядомы — тагачасны намеснік старшыні Савета Міністраў Уладзімір Замяталін.

Уладзімір Замяталін адразу недвухсэнсоўна выказаўся: пры перарэгістрацыі партый будзе ўлічвацца іх папярэдняя дзейнасць. І калі якой-небудзь партыі Мінюст выносіў пісьмовыя папярэджанні, то гэта будзе ўлічвацца пры перарэгістрацыі. А такія папярэджанні выдаваліся ўжо ў маі 1999 года. Іх, у прыватнасці, атрымалі Партыя БНФ Зянона Пазьняка, Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) Станіслава Багданкевіча, БСДГ Грамада Станіслава Шушкевіча, БСДГ (Народная грамада) Мікалая Статкевіча, Беларуская нацыянальная партыя (БНП) Анатоля Астапенкі. Прычына: удзел гэтых прадстаўнікоў гэтых партый у т.зв. прэзідэнцкіх выбарах, якія былі прызначаны на 16 мая 1999 года.

На момант з’яўлення дэкрэта №2 ў Беларусі былі зарэгістраваныя 28 палітычных партый. Акрамя згаданых вышэй, рэгістрацыю мелі: Беларуская народная партыя Віктара Цярэшчанкі, Беларуская партыя жанчын «Надзея» Валянціны Палевіковай, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС) Анатоля Нятылькіна, Партыя здаровага сэнсу (ПЗС) Івана Каравайчыка, Беларуская партыя працы (БПП) Аляксандра Бухвостава, Беларуская экалагічная партыя зялёных (БЭЗ) Мікалая Карташа і Міхаіла Фрыдлянда, Беларуская рэспубліканская партыя (БРП) Міхаіла Арцішэўскага, Беларуская партыя «Зялёны свет» (БП «Зялёны свет») Алега Грамыкі, Аграрная партыя (АП) Сямёна Шарэцкага, Беларуская патрыятычная партыя Анатоля Баранкевіча, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БССП) Уладзіміра Александровіча, Беларуская сялянская партыя (БСП) Яўгена Лугіна, Беларуская сацыялістычная партыя Міхаіла Падгайнага, Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП) Мікалая Крукоўскага, Славянскі Сабор «Белая Русь» (СС «Белая Русь») Мікалая Сяргеева, Рэспубліканская партыя (РП) Уладзіміра Белазора, Хрысціянска-дэмакратычны выбар (ХДВ) Валерыя Сарокі, Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз (БХДС) Пятра Сіпкі, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ) Віктара Навуменкі, Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) Віктара Чыкіна, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды (ПНЗ) Леаніда Сечкі.

Некаторыя партыі («Беларускі навукова-вытворчы кангрэс», Партыя ўсебеларускага адзінства і згоды, Партыя аматараў піва і інш.) рашэннем Вярхоўнага Суда былі ліквідаваны яшчэ летась. Гэтая акалічнасць разам з ваяўнічай рыторыкай Лукашэнкі і Замяталіна абумовілі даволі нізкую актыўнасць партый у справе перарэгістрацыі. Напачатку чэрвеня 1999 года Міхаіл Сухінін заявіў, што толькі ЛДПБ, ПКБ, «Надзея» і РППС падалі заявы на перарэгістрацыю.

Першай партыяй, якая прайшла перарэгістрацыю, стала ЛДПБ. Гэта адбылося 15 чэрвеня 1999 года, а ўжо на наступны дзень яе лідар Сяргей Гайдукевіч атрымаў ад Міхаіла Сухініна пасведчанне №001. Цікава, што падчас перарэгістрацыі ЛДПБ не баялася крытыкаваць улады за шматлікія парушэнні ў арганізацыі і правядзенні мясцовых выбараў. ЛДПБ канстатавала разгул «конституционного и правового беспредела» і патрабавала «прекратить политические репрессии и освободить всех политических заключенных».

А праз некалькі дзён пасля мясцовых выбараў жонка лідара ЛДПБ Ала Гайдукевіч абнародавала ў «Народнай волі» адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку:

«Государство не является Вашим приусадебным участком…То, как Вы преследуете инакомыслящих, приводит в ужас…Жизнь в Беларуси стала просто невыносимой…Благодаря Вашей скандальной политике страна просто-напросто оказалась в изоляции».

Напрыканцы жонка Гайдукевіча абяцала: калі з яе мужам нешта здарыцца («а нашей семье известно, что его не просто хотят посадить»), то яна сама стане на яго месца і вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты.

Нягледзячы на ўсё гэта, ЛДПБ перарэгістравалі. Трэба адзначыць, што сам Гайдукевіч з самага пачатку асудзіў прэзідэнцкія выбары 16 мая 1999 года. Дзякуючы сваёй лаяльнасці перарэгістрацыю прайшла і РППС. Гэта адбылося 18 чэрвеня 1999 года. Не было асаблівых праблемаў і ў жаночай партыі «Надзея». Яе перарэгістравалі 21 чэрвеня 1999 года.

У наступным месцы былі перарэгістраваны яшчэ дзве партыі: 5 ліпеня — ПКБ, а 30 ліпеня — АГП. Перарэгістрацыя партыі Сяргея Калякіна і Станіслава Багданкевіча, якія ў негатыўным ключы згадваў публічна сам Аляксандр Лукашэнка, стала падзеяй. Тым не менш, праўладныя СМІ пастараліся кінуць на яе цень. У прыватнасці, палітычная аглядальніца газеты «Советская Белоруссия» Людміла Маслюкова з’едліва пісала, што ПКБ беспадстаўна сцвярджае ў сваім статуце пра пераемнасць ў Кампартыі БССР, а АГП «приложила максимум усилий, чтобы изыскать своих членов, хотя и именует себя крупнейшей».

У жніўні перарэгістрацыю прайшлі БПП і БСДГ (Грамада).

Выглядала, што ўлады ішлі насустрач тым партыям, якія ўсё ж падалі дакументы на перарэгістрацыю. З 18 партый, якія падалі дакументы на перарэгістрацыю, 17 паспяхова прайшлі яе. У перарэгістрацыі было адмоўлена толькі ПЗС.

Але не ўсе партыі пайшлі на перарэгістацыю. Напрыклад, лідар СС «Белая Русь» Мікалай Сяргееў на нечарговым VII з’ездзе партыі 12 чэрвеня 1999 года канстатаваў, што за апошнія часы партыі так і не ўдалося пашырыць сацыяльную базу.

Асобныя партыйныя лідары, як, напрыклад, лідар БСП Яўген Лугін публічна выступіў за байкот перарэгістрацыі. За гэта Лугін атрымаў ад той жа Маслюковай ярлык «диванной» партыі:

«Днем с огнем по всей стране не найдешь сегодня крестьянина, чьи интересы она якобы защищает, изредка засвечиваясь в столичной асфльтовой тусовке. Однако, будучи кандидатом на выбывание из списка реально действующих партий, она заняла позу блюстителя демократии, к тому же причудно трактуемой».

Пік перарэгістацыі прыпаў на верасень 1999 года. Тады яе прайшлі РП, БПП, Беларуская патрыятычная партыя, АП, БЭЗ, БС-СП, ПНЗ, БСДГ (Народная грамада), КПБ, Партыя БНФ.

Зрэшты, для апошняй рэгістрацыйная эпапея зацягнулася яшчэ на некалькі месяцаў. У БНФ адбыўся раскол, у выніку чаго групоўка на чале з Зянонам Пазьняком і Сяргеем Папковым у лютым 2000 года зарэгістравала Кансерватыўна-хрысціянскую партыю (КХП — БНФ). Іншая групоўка на чале з Вінцукам Вячоркам назвала іх раскольнікамі. У красавіку 2000 года партыя БНФ Вінцука Вячоркі зноў прайшла перарэгістрацыю, бо былі адзінай, хто ў сваёй назве выкарыстоўваў тэрмін «народны». А паводле змяненняў і дапаўненняў у закон аб палітычных партыях, якія набылі моц 29 лістапада 1999 года, такія словы не павінны былі быць у назвах партый.

1620839565_viachorka-05

Вінцук Вячорка

Чаму ўлады перарэгістравалі тыя палітычныя партыі, якія вырашылі прайсці перарэгістрацыю? Пэўную ролю тут адыграла пазіцыя тых партый, якія свядома адмовіліся ад перарэгістрацыі. На гэтым фоне ліквідацыя астатніх выглядала б адыёзна. У якасці фактара можна назваць і тое, што т.зв. прэзідэнцкія выбары 16 мая 1999 года не кансалідавалі грамадства супраць рэжыму. Пэўную ролю адыгралі і знікненне экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

Таму «вярхі» палічылі залішнім “закручваць гайкі”.

Аднак перарэгістраваўшы асноўныя партыі, міністэрства юстыцыі адмовіла ў перарэгістрацыі “Беларускай незалежнай асацыяцыі прафсаюзаў прамысловасці” (БНАПП), сустаршынямі якой былі Аляксандр Бухвостаў і Генадзь Фядыніч, а таксама “Беларускай асацыяцыю маладых палітыкаў” (БАМП).

Адначасова ў рэгістрацыі ў якасці агульнарэспубліканскага грамадскага аб’яднання было адмоўлена беларускаму філіялу Рускага нацыянальнага адзінства (РНЕ). Мясцовыя «баркашоўцы» на чале з Глебам Самойлавым у Мінюст падалі дакументы, якія адпавядалі беларускаму заканадаўству. Калі ж Міхаіл Сухінін запатрабаваў ад «баркашоўцаў» іх друкаваную прадукцыю, то прыхільнікі чорнай формы і стылізаванай свастыкі даставілі яму стос газет «Русский порядок». Прачытаўшы некалькі нумароў, высокапастаўлены чыноўнік, па ўласным прызнанні, «ужаснулся».

На адмову ў рэгістрацыі РНЕ моцна паўплывала і наступная падзея, якая атрымала шырокі рэзананс. 5 лютага 1999 года ў раёне сталічнай пл. Перамогі былі збітыя актывістаў Хартыі-97 Андрэй Саннікаў, Алег Бябенін і Дзмітрый Бандарэнка. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Чыкін запэўніў, што гэты інцыдэнт са збіццём будзе старанна расследаваны, а дэмакратычныя сілы 27 лютага 1999 года зладзілі ў Мінску шэсце з перакрэсленай нацысцкай сімволікай пад лозунгам «Раздавім фашысцкую гадзіну!».

27-02-1999-22

Антыфашысцкая маніфестацыя ў Мінску 27 лютага 1999 года.

арэчы, улады і пасля цвёрда вытрымлівалі лінію на нерэгістрацыю прарасійскіх сілаў. Так здарылася са спробай Сяргея Касцяна ў 2014 годзе зарэгістраваць партыю «Белорусский славянский комитет». Апошні яскравы прыклад — сёлетняя адмова Мінюста зарэгістраваць прарасійскую партыю «Союз».

У далёкім 1999 годзе спробай рэгістрацыі засвяціўся і сумна вядомы сёння Юрый Васкрасенскі. У Мінюст Васкрасенскі і яго папечнікі падалі дакументы на рэгістрацыю грамадскага рэспубліканскага аб’яднання «Беларускі цэнтр палітычнага маркетынгу», асноўны касцяк якога складалі студэнты-палітолагі, а таксама прафесійныя выкладчыкі паліталогіі. Цэнтр ставіў мэтай дапамагаць тым, хто імкнуўся звязаць сябе з палітычнай дзейнасцю. Аднак уладам ініцыятыва Васкрасенскага тады не спадабалася.

Пасля кампаніі перарэгістрацыі 1999 года наступіла зацішша, якое было парушана двойчы: у 2004 і 2007 гадах, калі адпаведна ліквідавалі Беларускую партыю працы і жаночую партыю «Надзея».

А існуючыя палітычныя партыі цяпер зноў чакаюць выпрабаванні.

Паводле часопіса ARCHE

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.