Партыя БНФ » Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: вымушаныя сысці ўжо тры беларускамоўныя выкладчыкі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: вымушаныя сысці ўжо тры беларускамоўныя выкладчыкі

Дададзена 10.06.2021 8:22:58 | 464 праглядаў

Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: звольненыя ўжо тры беларускамоўныя выкладчыкі. Усе трое яшчэ год таму віселі на дошцы гонару ВНУ, а цяпер аказаліся непатрэбнымі – паведамляе сайт “Наша ніва”.

Магілёў Сьцяг«Я быў змушаны напісаць заяву па ўласным жаданні, інакш мяне б звольнілі па артыкуле аб недастатковай кваліфікацыі», — кажа прафесар кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі Аляксандр Агееў, які працаваў у ВНУ з 1991 года.

Агееў — вядомы ў Магілёве чалавек. Прычым вядомы не толькі як выкладчык, ён удзельнічаў і ў грамадска-палітычным жыцці краіны, быў у шэрагах БНФ і ТБМ. У 2003 і 2007 гадах абіраўся дэпутатам у Магілёўскі гарсавет. Уваходзіў у тапанімічную камісію пры гарвыканкаме. Выдаваў альманах «Магілёўская даўніна», а таксама сумесна з Алегам Трусавым напісаў кнігу «Магілёўская ратуша». Такіх знаўцаў гісторыі Магілёва не так шмат, але ў далейшым супрацоўніцтве ўніверсітэт больш не зацікаўлены, пры тым што ёсць недахоп кадраў.

ahiejeu-kjloi

Аляксандр Агееў. Фота з фэйсбука.

Рэч у тым, што ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова нядаўна працавала атэстацыйная камісія, яна скончыла работу 31 мая. Па яе выніках некаторым з супрацоўнікаў і было прапанавана звольніцца.

«Рашэнне прымаецца «калектыўным рэктарам», — смяецца Аляксандр Агееў. — Сам рэктар кажа, што не можа не давяраць высновам атэстацыйнай камісіі, у працы якой ён не браў удзелу».

Рэктар МДУ — вядомы гісторык і археолаг Дзяніс Дук, вучань Георгія Штыхава і Сяргея Тарасава. Калісьці Лукашэнка называў кнігу Дука і Вольгі Ляўко «здаровым нацыяналізмам».

Па звестках «Нашай Нівы», у час працы атэстацыйная камісія засяроджвалася не столькі на прафесійнай дзейнасці выкладчыкаў, як на тым, што яны пісалі ў сацыяльных сетках ці як выказваліся публічна. На гэтай падставе і выносіліся рашэнні.

«Смяёмся: яшчэ нядаўна ўсе трое віселі на дошцы гонару, а Шаруха дык на самай важнай дошцы гонару ўніверсітэта, а цяпер непатрэбныя», — кажа Агееў.

Паводле Нашай Нівы

 

 

Жнівень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.