Партыя БНФ » «У поўнай інфармацыйнай ізаляцыі». Што піша родным палітвязень Рыгор Кастусёў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«У поўнай інфармацыйнай ізаляцыі». Што піша родным палітвязень Рыгор Кастусёў

Дададзена 11.06.2021 12:34:00 | 677 праглядаў

Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту, два месяцы трымаюць у СІЗА КДБ.

Рыгор Кастусёў - выбарыПаводле родных, яго наведвае адвакатка, але пра расьсьледаваньне справы гаварыць устрымліваецца. Сам жа зьняволены палітык напісаў родным: «Няма ніякіх зрухаў, усё заціхла».

Дзеці Рыгора Кастусёва кажуць, што сталі часьцей атрымліваць лісты ад бацькі ў параўнаньні зь першым месяцам ягонай няволі. У адным зь іх ён напісаў, што ў камэры больш няма тэлевізара. Яго забраў сукамэрнік, якога перавялі ў іншае месца.

«Цяпер ня ведаем, што адбываецца ў Беларусі і сьвеце», — наракае ён у допісе старэйшай дачцэ Галіне. У наступным лісьце дадае, што апынуўся «ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі».

11

Паводле яшчэ адной дачкі Кацярыны, родныя сукамэрнікаў спрабавалі перадаць зьняволеным тэлевізар, але, наколькі ёй вядома, ім не дазволілі.

Кастусёў піша, што ў камэру «калі-нікалі даходзіць адна газэта на тыдзень», а калі не, то ён «стараецца чытаць што-небудзь цікавае, калі і такое трапляе ў рукі». З газэты, назвы якой не называе, даведаўся пра сьмерць Вітольда Ашурка.

Сядзіць зь цікавымі людзьмі, падтрымліваюць адзін аднаго

Пакуль у камэры стаяў тэлевізар, Кастусёў пасьпеў паглядзець фільм «Убить Президента».

«Там вельмі шмат нарэзак і перафарматаваньняў, нават не маіх слоў на расейскай мове», — пракамэнтаваў ён убачанае ў лісьце Галіне.

Па словах дачок, на здароўе зьняволены бацька не наракае: адчувае сябе добра, у камэры бывае сьпякотна і «ўсе дні аднолькавыя».

«Сяджу зь цікавымі людзьмі, — піша ён дзецям пра сукамэрнікаў. — Стараемся падтрымліваць адзін аднаго, як бы кепска ні было на душы ў некаторыя моманты».

Кастусёў у кожным лісьце пытае пра родных, цешыцца, што яны мацуюцца, ды прызнаецца, што «вельмі сумуе» па іх.

22

У лістах партыец цікавіцца ў дачок, як маюцца ў Шклове «нашыя сябры» і просіць пераказаць ім, «каб чырканулі яму пару строчак». Турбуе яго, ці «спраўляецца жонка з агародам».

Унукам, кажа Галіна, дзед лісты піша асобна. У іх пытае, як вучацца, настаўляе, каб не кідалі факультатыву і трэніровак. Бядуе, што ня быў на выпускным.

Дзеці паведамілі Кастусёву, што неўзабаве пасьля яго арышту невядомыя «парэзалі колы ягонай машыны». Ён запытаў у Галіны, ці дужа патраціліся на новыя.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. У ягонай кватэры дзеці прыкметаў ператрусу не заўважылі. На стале ляжала цыдулка з імёнамі, як яны мяркуюць, тых, хто яго затрымліваў. У той жа дзень дачцэ Галіне сьледчы паведаміў, што бацька ў Менску.

13 красавіка на лецішчы Галіны і ейнага мужа Дзьмітрыя апэратыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. У гэтым доме ладзіліся розныя імпрэзы з удзелам вядомых у Беларусі дзеячаў культуры і палітыкі.

Паводле Радыё Свабода


Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.