Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў не прызнае віны ў змове, сьледства працягнулі да кастрычніка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў не прызнае віны ў змове, сьледства працягнулі да кастрычніка

Дададзена 19.06.2021 10:08:21 | 757 праглядаў

Сьледства па справе аб “змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады” працгянутае да кастрычніка. Пра гэта напісаў родным адзін з фігурантаў крымінальнай справы — старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У лісьце палітзьняволены адзначыў, што «віны ў змове не прызнае».

Акрамя Кастусёва абвінавачанымі ў справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» зьяўляюцца Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч ды яшчэ шэраг асобаў – паведамляе Радыё Свабода.

«11 чэрвеня мне ўручылі пастанову Генэральнай пракуратуры аб працягненьні расьсьледаваньня яшчэ на 4 месяцы, да 12 кастрычніка 2021 году», — напісаў у допісе палітык.

Меру стрыманьня яму пакінулі бязь зьменаў: на гэты час ён застаецца пад вартаю.

«Ня ведаю, што ім трэба, бо буду ў рэжыме чаканьня проста сядзець», — абураецца Кастусёў. — Баяцца, што я зьбягу за мяжу, або паўплываю на хаду сьледзтва. Абсурд ды і толькі. Ня ведаю, што яны хочуць зьмяніць, бо віны ў змове я не прызнаю. БТ інтэрвію не даваў».

Дзяржаўныя тэлеканалы паказвалі ў эфіры фрагмэнты апэратыўнай здымкі, на якіх Кастусёў нібыта прызнаваў віну.

У ранейшым лістах Рыгор Кастусёў пісаў, што ў расьсьледаваньні справы «няма ніякіх зрухаў, усё заціхла».

Напісаць ліст падтрымкі старшыні партыі ў зьняволеньні можна на гэты адрас: 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка. У ягонай кватэры дзеці прыкметаў ператрусу не заўважылі. На стале ляжала цыдулка з імёнамі, як яны мяркуюць, тых, хто яго затрымліваў.

У той жа дзень дачцэ Галіне сьледчы паведаміў, што бацька ў Менску. 13 красавіка на лецішчы Галіны і ейнага мужа Дзьмітрыя апэратыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. У гэтым доме ладзіліся розныя імпрэзы з удзелам вядомых у Беларусі дзеячаў культуры і палітыкі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Кастусёў 32Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.