Партыя БНФ » Ілля Дабратвор распавёў “Народнай Волі” пры жыццё ў Польшчы, куды быў вымушаны з’ехаць актывіст
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ілля Дабратвор распавёў “Народнай Волі” пры жыццё ў Польшчы, куды быў вымушаны з’ехаць актывіст

Дададзена 27.06.2021 8:01:52 | 326 праглядаў

Актывіст БНФ Ілля Дабратвор, які месяц таму з’ехаў у Польшчу, распавёў газэце «Народная Воля», ці складана з пяццю дзецьмі пачынаць на новым месцы «жыццё з нуля».

rWtJuCd3tD8Напрыканцы мая гэтага года на старонцы Іллі Дабратвора ў «Фэйсбуку» з’явілася фота: ён і пяцёра дзяцей у самалёце, які звёз іх з Мінска ў Варшаву.

«На вялікі жаль, я вымушаны дзеля бяспекі дзяцей пакінуць краіну», – падпісаў здымак Ілля.

17 мая Ілля Дабратвор быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт. Яшчэ раней з краіны з’ехала яго жонка Іна, пасля таго як суд аштрафаваў яе на некалькі тысяч рублёў за вывешаныя ў акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб «Пагоня».

Акрамя таго, у доме Дабратвора прайшлі вобшукі

– Іна ўжо знаходзілася ў Варшаве, а я пасля паходу ў Следчы камітэт прыняў рашэнне адправіцца з дзецьмі туды ж, – кажа Ілля. – Да таго ж з боку праваахоўнікаў ціск ішоў неверагодны – у дзверы амаль штодзень грукала міліцыя.

Жонка мне адразу сказала, што трэба з’язджаць як мага хутчэй, але я яшчэ некалькі дзён думаў.

– Складана было сабраць у дарогу пяцярых дзяцей?

– Нічога складанага, бо ў самалёт мы бралі з сабой мінімум рэчаў. Набывалі квіткі проста ў аэрапорце, нейкага асаблівага надгляду не было. Памежніца паглядзела, што я вылятаю ў Польшчу па працоўнай візе, таму, магчыма, было такое стаўленне.

А фотаздымак з сям’ёй у самалёце я апублікаваў у «Фэйсбуку» пасля таго, як мы ўзляцелі.

– Наконт працы дамаўляліся зараней? Такую ж сям’ю карміць трэба ў любой краіне…

– Пакуль прыляцелі, жонка нам зняла пакой на дзесяць дзён, бо неабходна было такі тэрмін знаходзіцца на каранціне.

Хацелася, безумоўна, знайсці больш-менш нармальную працу, таму ў хуткім часе набыў у Варшаве аўтамабіль. Трэба адзначыць, што тут аўто каштуюць на парадак танней, чым у Мінску.

У Варшаве працы хапае, і за яе куды больш плацяць, чым у Беларусі, але трэба было прыгледзецца, ацаніць сітуацыю.

Першым часам здымаўся ў масоўках кіно, гэта можна было рабіць штодзень. За масоўку ў дзень плацяць ад 100 злотых (каля 30 долараў) за некалькі гадзін працы.

– Якія былі яшчэ варыянты працаўладкавання?

– Работа таксістам на сваёй машыне. Калі не ленавацца, то больш за 100 долараў у дзень лёгка можна зарабіць. У выхадныя – у два разы больш. Адным словам, за тыдзень можна займець сярэдні беларускі месячны заробак.

Дарэчы, для таго каб працаваць таксістам у Польшчы, падыходзіць і беларускае вадзіцельскае пасведчанне. Акрамя таго, неабходны былі даведка, што ў мяне няма судзімасці ў Польшчы, і даведка з дарожнай паліцыі.

Калі ты добра валодаеш беларускай мовай, то праблем у зносінах з польскімі кліентамі практычна няма. Рэдка калі пытаюцца: «Адкуль пан?» Многія думаюць, што прыехаў з Беласточчыны.

– Дзе зараз жыве сям’я?

– Здымаем трохпакаёвую кватэру ў Варшаве, і трэба сказаць, што арандаваць жыллё тут значна даражэй, чым у Мінску. 2500 злотых (каля 700 долараў) у месяц без уліку камунальных паслуг. Хаця калі ты без сям’і, то можна знайсці жыллё і за 200 долараў.

Цікава: у Польшчы няма такой тэндэнцыі, як у Беларусі, што ў маленькіх гарадках зняць жыллё танней, чым у сталіцы. Кошты паўсюль прыкладна аднолькавыя, таму ехаць у правінцыю не мае сэнсу. У Варшаве, напрыклад, значна больш варыянтаў працаўладкавання.

– Ваша жонка таксама працуе?

– Так, на аддаленай рабоце. Займаецца дакументаабаротам у адной кампаніі. Іна ў Мінску выкладала англійскую мову, але ў Польшчы беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі не прызнаецца, таму працу па спецыяльнасці знайсці не так проста.

– Ужо вызначыліся, дзе будуць вучыцца дзеці?

– Пойдуць у школу, пакуль выбіраем. Сафіі зараз 17 гадоў, Яўсею – 15, Герману – 11, Марку – 9 і Агаце – 7.

Мяне ўразіла, што тут на дзяцей, якія не дасягнулі 18 гадоў, даюць штомесячную дапамогу – па 500 злотых на кожнае дзіця. А ў «сацыяльна арыентавай» Беларусі дапамога выплачваецца толькі па даглядзе дзяцей да 3 гадоў.

– У вас жа застаўся дом пад Мінскам. Што з ім?

– Дом пад арыштам, і я не ведаю, як далей будуць разгортвацца падзеі ў Беларусі. Хаця ёсць у Мінску людзі, на якіх я аформіў даверанасць і якія будуць даглядаць нерухомасць.

– Вы з’ехалі назаўсёды ці ў бліжэйшы час збіраецеся з сям’ёй вярнуцца ў Беларусь?

– Безумоўна, хочацца жыць у сваёй роднай краіне, але трэба думаць і пра перспектывы. Таму пакуль пажывём у Польшчы, а далей – жыццё пакажа…

Публікацыя – з № 47 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.