Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ асуджае прыпыненьне ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнэрстве
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ асуджае прыпыненьне ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнэрстве

Дададзена 28.06.2021 4:20:10 | 870 праглядаў

28 чэрвеня МЗС Беларусі заявіў пра прыпыненьне ўдзелу краіны ў праграме Эўразьвязу “Усходняе партнэрства”.

Усходняе партнэрстваАпрача таго, Беларусь пачала працэдуры выхаду з пагадненьня пра рэадмісію і забараніла ўезд у краіну прадстаўнікам эўрапейскіх структур і асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню абмежавальных захадаў супраць краіны. МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў з рэзка крытычнай заявай у дачыненьні да азначаных крокаў беларускага ўраду і заклікаў не дапусьціць стварэньня новай жалезнай заслоны вакол Беларусі ды ізаляцыі краіны ад вольнага сьвету. Ніжэй падаецца заява намесьніка старшыні Партыі БНФ у поўным выглядзе:

Янукевіч 21032016- Абвешчаныя беларускім МЗС прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў праграме Усходняе Партнэрства, прапанова пра выезд з Беларусі кіраўніка дэлегацыі Эўразьвязу, а таксама пагроза перагледзець супрацу Беларусі з міжнароднай супольнасьцю ў сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй [і з арганізаванай злачыннасьцю] – гэта вельмі небясьпечныя крокі ўладаў. Яны зьяўляюцца дэманстрацыяй неразуменьня сапраўдных прычын таго замежнапалітычнага крызысу, у які цяпер уцягнутая Беларусь і які цяпер праявіўся ў прыняцьці Эўразьвязам абмежавальных захадаў супраць Беларусі і беларускай народнай гаспадаркі.

Прычыны той небясьпечнай ізаляцыі краіны ад сусьвету, якія мы цяпер бачым – гэта ўнутраная палітыка ўладаў, парушэньні правоў чалавека і маштабныя рэпрэсіі, якія зьведалі тысячы і тысячы беларусаў.

Партыя БНФ лічыць надзвычай небясьпечнай пагрозай штучную ізаляцыю краіны ад Эўропы і ад сусьветнай супольнасьці. У тым ліку мы асуджаем крокі па самаізаляцыі Беларусі ад вонкавага сьвету – а менавіта як самаізаляцыя ад агульнаэўрапейскай супольнасьці выглядаюць абвешчаныя захады. Трывожна, што некаторыя з гэтых захадаў маюць далёкасяжныя наступствы, якія цяжка выправіць (мы памятаем, як выдалены з Беларусі ў 2008 годзе амбасадар ЗША так дагэтуль і не вярнуўся ў краіну).

Усе мы ведаем, што можа быць зробленае ўладамі, каб не было абмежавальных захадаў супраць беларускіх прадпрыемстваў – вызваліць палітвязьняў, спыніць перасьлед апазыцыі і ўціск на журналістаў ды грамадзянскую супольнасьць, распачаць дыялёг з тымі, каго цяпер улады пазбаўляюць права голасу і спрабуюць прымусіць замаўчаць.

Нельга дапусьціць апусканьня вакол Беларусі новай “жалезнай заслоны”, нельга дапусьціць ізаляцыі краіны ад вольнага сьвету, нельга дапусьціць пабудовы вакол Беларусі новых муроў.

Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.

Ідэю праекту прадставілі міністры замежных спраў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году. Дыскусія аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства» адбылася 19–20 чэрвеня 2008 году на пасяджэньні Эўрапейскай Рады. На пасяджэньні Нямеччына і Францыя выказаліся супраць таго, каб «Усходняе партнэрства» разглядалася як прыступка на шляху да сяброўства ў ЭЗ, у той час як Польшча і іншыя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы выступалі за гэта.

Рэалізацыя праграмы «Ўсходняга партнэрства» ў мэтах збліжэньня краінаў-партнэраў з ЭЗ прадугледжвае супрацоўніцтва на аснове чатырох так званых тэматычных плятформаў:

  • дэмакратыя і стабільнасьць (адміністрацыйныя рэформы, антыкарупцыйныя меры, навучаньне кіроўнага апарату, разьвіцьцё інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, свабодных СМІ і інш.);
  • эканамічная інтэграцыя, стварэньне зонаў свабоднага гандлю (па меры пасьпяховага разьвіцьця гандлёва-эканамічных сувязяў і гарманізацыі заканадаўства з прававой базай ЭЗ);
  • энэргетычная бясьпека (захады, каб запэўніць надзейнае энэргазабесьпячэньне як краінаў-партнэраў, так і ЭЗ);
  • разьвіцьцё кантактаў паміж людзьмі (лібэралізацыя візавага рэжыму пры адначасовай рэалізацыі захадаў, каб спыніць незаконную міграцыю).

Асноўная крыніца фінансаваньня Эўрапейскай палітыкі суседзтва, у тым ліку «Ўсходняга партнэрства», — Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ENI). Бюджэт Эўрапейскага інструмэнту суседзтва на 2014–2020 гады складае 18,2 мільярда эўра. У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.