Грамадзкая камісія наведала калонію, у якой загінуў сябра БНФ Вітольд АшуракДададзена 29.06.2021 8:48:12 | 1,214 праглядаў 23 чэрвеня ў шклоўскую папраўчую калёнію № 17, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, прыяжджалі прадстаўнікі Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіi пры Міністэрстве юстыцыі.
«Скаргаў ад асуджаных не паступала», — сказана ў справаздачы камісіі, апублікаванай на сайце Міністэрства юстыцыі. Як паведамілі сябры камісіі, іх паўнамоцтвы як органа грамадзкага нагляду не дазваляюць замяняць функцыі органа расследваньня сьмерці зьняволенага, што было пацьверджана пры наведваньні установы ў Шклове. Кіраўніцтву калёніі параілі ўдзяляць большую ўвагу:
Палітвязень, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой. Сярод захадаў па расследваньні гэтай трагедыі Партыя БНФ прапанавала Рэспубліканскай камісіі наведаць папраўчую калонію №17 як дзеля ўдзелу ў высьвятленьні абставінаў сьмерці асуджанага Вітольда Ашурка, так і дзеля вывучэньня сыстэмы і ўмоваў аказаньня медычнай дапамогі асуджаным, што ўтрымліваюцца ў азначнай установе, дзеля паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і медыка-санітарнага забеспячэньня асуджаных. Дагэтуль праца назіральных камісіяў, якія ажыцьцяўляюць грамадзкі нагляд за становішчам у пенітэнцыярнай сыстэме, была замарожаная на падставе пандэміі COVID-19, але пасьля сьмерці Вітольда Ашурка праца Рэспубліканскай і абласных камісій была адноўленая. Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Працаваў у будаўніцтве «сам на сябе». Быў мясцовым актывістам, сябрам Сойму Партыі БНФ, каардынатарам руху «За свабоду». Падымаў экалягічныя пытаньні — забруджваньне рэк Дзітвы і Нёмана, забруджваньне паветра бярозаўскім шклозаводам. Выходзіў на адзіночныя пікеты. Усталёўваў разам з паплечнікамі крыжы і помнікі паўстанцам 1863–1864 гадоў у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Шанаваў беларускую мову. Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|