Партыя БНФ » У палітвязьня Дзяніса Івашына ў турме здарыўся сардэчны прыступ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У палітвязьня Дзяніса Івашына ў турме здарыўся сардэчны прыступ

Дададзена 29.06.2021 9:16:43 | 772 праглядаў

Маці журналіста і сябры БНФ Дзяніса Івашына, у якога здарыўся сардэчны прыступ у горадзенскай турме, Людміла Івашына расказала, што ў сына раней не было праблем з сэрцам, а таксама — што магло стаць прычынай прыступу.

Дзяніс Івашын«Мне сёньня стала вядома, што падчас знаходжаньня ў карцары ў Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ. Ніколі раней падобнага не адбывалася. Ня дзіўна, бо ў камэры «парыльня» — вокны зачыненыя, вэнтылятар перадаць нельга. Усё гэта называецца словам «катаваньне», — напісала яна днямі ў Фэйсбуку.

Маці расказала, што Дзянісу зрабілі ЭКГ і далі лекі «ад сэрца». Яна спадзяецца, што «Дзяніс будзе пад мэдычным кантролем і што дрэннага ня здарыцца».

Пра тое, што Дзяніса Івашына зьмясьцілі ў карцар, стала вядома 21 чэрвеня.

Раней, у траўні, яго таксама садзілі ў карцар на 7 сутак. Тады там было невыносна холадна.

«Малю Бога, каб гэта было проста супадзеньне»

«Дзянісу стала млосна ў карцэры. Ён паклікаў турэмнікаў, яму выклікалі лекара, які яго паглядзеў», — расказвае Людміла Івашына.

Калі дакладна гэта было, маці ня ведае. Дзяніс сядзеў у карцэры з 19 па 24 чэрвеня. Гэта другое ягонае пакараньне карцэрам за парушэньне правілаў унутранага распарадку. За што менавіта, родныя ня ведаюць. Першы раз яго зьмяшчалі ў карцэр на 7 дзён.

Калі Дзяніс выйшаў з карцэру ў пятніцу 25 чэрвеня, яго паказалі кардыёлягу, які акурат прыехаў у турму, зрабілі кардыяграму, выпісалі тры лекі.

«Я малю Бога, каб гэта было проста супадзеньне, што лекара ў той дзень выклікалі ў турму, а не спэцыяльна да Дзяніса, бо інакш гэта бы значыла, што сыну было вельмі кепска», — кажа маці палітвязьня.

«Пазьняк напісаў, што Івашына могуць забіць»

Людміла Івашына паведамляе, што сына возяць на гутаркі ў КДБ. Яна мяркуе, што яму могуць прапаноўваць супрацоўніцтва або прызнацца ў нейкіх злачынствах. Маці ўпэўненая, што сын не парушаў закон, таму прызнавацца няма ў чым.

«Зянон Пазьняк нядаўна пісаў, што Дзяніса Івашына могуць забіць. Я ня ведаю, чаму ён так сказаў.Я спаць не магу! На Дзяніса накладвае адбітак пастаянны стрэс, зь якога ён не выходзіць», — кажа маці.

Людміла Івашына ведае, што ў камэры цяпер вельмі сьпякотна і душна. Яна 25 чэрвеня хадзіла на прыём да намесьніка начальніка горадзенскай турмы. У просьбе перадаць Дзянісу ў камэру вэнтылятар ёй адмовілі.

Больш за месяц ад Дзяніса няма лістоў сваякам. За апошнія паўтара месяцы Івашыну ў турму прыйшлі толькі два лісты ад маці і жонкі, хаця яны пішуць лісты штотыдзень. 6 чэрвеня ў Івашына быў дзень народзінаў, аднак віншавальную тэлеграму ад маці яму таксама не перадалі.

«Намесьнік начальніка, гледзячы мне проста ў вочы, з усьмешкай адказаў: „Ня можа такога быць. Колькі пішуць — столькі атрымлівае“. Гэта сапраўдныя катаваньні», — пераказвае Людміла Івашына адказ службоўца наконт лістоў.

Справа Івашына. Галоўнае

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю. На мясцовых выбарах вылучаўся ў дэпутаты гарадзенскага гарсавету ад Партыі БНФ.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.

У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Партыя БНФ заклікае ўсіх людзей добрай волі падтрымаць мужных грамадзян, якія цяпер знаходзяцца ў вязніцах, у тым ліку паштоўкамі і лістамі:

Адрас для лістоў падтрымкі: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірова, 1 – Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.

Адрасы для лістоў падтрымкі палітвязням глядзіце ў спісе

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.