Партыя БНФ » Старэйшая дачка Рыгора Кастусёва разам з дзецьмі была вымушаная пакінуць Беларусь
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старэйшая дачка Рыгора Кастусёва разам з дзецьмі была вымушаная пакінуць Беларусь

Дададзена 04.07.2021 12:06:10 | 513 праглядаў

З Беларусі з’ехала старэйшая дачка палітыка — Галіна Антончык з дзецьмі. Тым часам яе муж Дзмітрый за мяжой ужо больш за два месяцы. На сваёй старонцы ў фэйсбуку 3 ліпеня ён напісаў: «Сям’я нарэшце аб’ядналася».

Рыгор Кастусёў і Зьміцер Антончык

Рыгор Кастусёў і Зьміцер Антончык

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» Дзмітрый адзначыў, што жыць у Шклове пасля арышту старшыні БНФ Рыгора Кастусёва і абвінавачванняў яго ў змове дзеля дзяржаўнага перавароту ды замаху на жыццё Лукашэнкі стала праблематычна. Горад для ягонай сям’і «стаў вельмі складаным», бо змянілася стаўленне мясцовых жыхароў. Тыя, хто раней прыязна ставіўся да сям’і, перасталі вітацца. Жонцы ў вочы выказваліся зняважлівыя словы. Прабілі колы машыны.

«Мы баяліся, што ціск маглі пачаць на сям’ю праз дзяцей, — кажа ён. — У жонкі пабывалі ўжо супрацоўнікі міліцыі. Шукалі мяне і чамусьці іх зацікавіла, што наша сям’я шматдзетная. Мы не выключалі, што да яе з’явіцца павышаная ўвага з боку органаў апекі, з якімі ніколі раней не было праблемаў. Сям’ю маглі зрабіць сацыяльна небяспечнай для знаходжання ў ёй дзяцей».

Сам Дзмітрый з’ехаў з Беларусі неўзабаве пасля ператрусу на сямейным лецішчы 13 красавіка — на наступны дзень пасля арышту Рыгора Кастусёва. Аператыўнікі забралі тады кампутар. Зяць зняволенага палітыка кажа, што ў кампутары не было крамолы, але «з гледзішча таго, што цяпер і за бяскрыўдныя рэчы садзяць людзей, то непрыемнасцяў трэба было перасцерагацца». Акрамя таго, дадае ён, пасля леташніх пратэстаў у Шклове яго папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Паводле Дзмітрыя, апошнім часам ад Рыгора Кастусёва лісты не прыходзілі. Раней ён пісаў, што расследаваньне справы працягнутае да 12 кастрычніка 2021 году. Меру стрымання яму адмовіліся змяняць. Палітык наракаў, што ў камеры больш няма тэлевізара. Яго забраў сукамернік, якога перавялі ў іншае месца.

Паводле яшчэ адной дачкі Кастусёва, Кацярыны, перадаць яму тэлевізар не дазволілі. Яна кажа, што бацька ў лісце напісаў пра абвастрэнне хранічных хваробаў.

Старэйшай дачцэ Рыгора Кастусёва Галіне Антончык 40 гадоў. Паводле адукацыі яна настаўніца. Апошнія гады займалася гадаваннем траіх дзяцей.

37-гадовую Кацярыну Кастусёву, сярэднюю дачку, якая выкладала ў музычнай школе, звольнілі з працы яшчэ пасля выбараў 2010 году. Сёлета ў лютым у яе быў ператрус, саму яе ненадоўга затрымілівалі, але адпусцілі.

33-гадовы сын Кастусёва Андрэй у Польшчы ўжо пятнаццаць гадоў, з’ехаў неўзабаве па сканчэнні школы. Вучыўся ў Гданьскім універсітэце на эканамічным факультэце. У студзені 2011 году за ўдзел у акцыі салідарнасці адседзеў у жодзінскім ізалятары 15 дзён пад адміністрацыйным арыштам. Пасля быў дапытаны ў КДБ па справе пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Аператыўнікаў цікавілі падрабязнасці яго вучобы за мяжою. Андрэю Кастусёву не раз дасылалі позву ў ваенкамат.

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.