Партыя БНФ » «Галівудская гісторыя кахання». Хто такія Уладзь і Ніна Лабковічы, якіх затрымалі ў межах крымінальнай справы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Галівудская гісторыя кахання». Хто такія Уладзь і Ніна Лабковічы, якіх затрымалі ў межах крымінальнай справы

Дададзена 20.07.2021 6:01:32 | 772 праглядаў

Уладзь Лабковіч — вядомы ў Беларусі праваабаронца, ягоная жонка Ніна Лабковіч займалася інвестыцыйным праектам. Абодва былі затрыманыя 14 ліпеня падчас “зачысткі” няўрадавага і правабарончага сектара краіны. Трое дзяцей засталіся без бацькоўскай апекі ад 14 да 23 ліпеня, калі Ніна Лабковіч была вызваленая з-пад варты. Уладзь Лабковіч застаецца ў СІЗА.

labkovichy01Пра іх сям’ю распавядае інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць“.

Уладзю Лабковічу 42 гады, ён мінчук. Вырас на вуліцы Маякоўскага. Кажуць, што свой характар хлопец гартаваў не толькі ў школе, але і на вуліцы. Уладзю даводзілася ў дзяцінстве ўдзельнічаць у дваравых разборках, так што спалохаць яго не так проста.

— Мне здаецца, што з таго часу ён якраз і вынес паняцці гонару, годнасці, а таксама адказнасці за тую супольнасць, якую ён прадстаўляе, — кажа адзін з сяброў Уладзіміра.

Бацька Уладзя родам з Случчыны, працуе індывідуальным прадпрымальніка, мама прыехала ў Беларусь з Красанадарскага края Расіі, па прафесіі яна інжынер. Ёсць малодшы брат, які ў свой час вучыўся ў коласаўскім ліцэі.

Да грамадскага жыцця Уладзь прыйшоў рана. Журналіст Аляксандр Тамковіч апісваў выпадак, калі будучы 12-гадовым падлеткам Лабковіч разам з сябрамі ў час путча ГКЧП запісалі перадачу Радыё «Свабода», дзе асуджаўся путч, перапісалі на паперу і трыццаць асобнікаў расклеілі на слупах. Такі вось быў першы досвед палітычнай актыўнасці.

У Партыю БНФ хлопец прыйшоў на наступны дзень пасля мітынгу ля Опернага тэатра 19 кастрычніка 1996 года, калі апазіцыя пратэставала супраць першага Усебеларускага схода, які арганізоўваў Лукашэнка.

Быў у моладзевай фракцыі БНФ, якая існавала да «Маладога фронта». Узначальваў Свіслацкую раду фракцыі. Паплечнікі кажуць, што гэтая рада сярод іншых адзначалася найбольш сяброўскімі адносінамі.

Увогуле знаёмыя Лабковіча сярод галоўных ягоных рысаў адзначаюць якраз лаяльнасць да тых структур, у якія ён уваходзіць.

У Партыі БНФ яго заўважыла колішняя дэпутатка Вярхоўнага Савета Галіна Сямдзянава, менавіта яна прапанавала прыцягваць Лабковіча ў больш вузкія абмеркаванні. Фактычна, вельмі хутка Уладзь увайшоў у спіс тых асоб, якія вызначалі дзейнасць структуры. Доўгі час Лабковіч быў адказным сакратаром управы. — Ва Уладзя існуе палітычнае мысленне, калі у краіне з’явілася сапраўдная палітыка, то ён мог бы зрабіць добрую кар’еру, — кажуць сябры.

Уладзімір папрацаваў крыху юрыстам у прыватнай фірме, але ўсё ж зрабіў выбар на карысць грамадскай дзейнасці. Спачатку ён прыходзіць працаваць юрыстам у БНФ, а праз год на працу яго запрашае «Вясна». У камандзе вясноўцаў Лабковіч знаходзіцца ўжо дваццаць гадоў.

— Сказаў, што пра дабрабыт падумае пасля таго, як разбярэцца з праблемамі ў краіне. На жаль, гэта ўсё зацягнулася, — гавораць пра Лабковіча.

У Лабковіча атрымлівалася сумяшчаць праваабарончую дзейнасць з палітычнай. У 2005 годзе ён быў сярод арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў апраны Аляксандр Мілінкевіч. Потым у камандзе Мілінкевіча Лабковіч працаваў юрыстам.

За час працы праваабаронцам Лабковічу неаднаразова даводзілася едзіць з місіямі назірання за выбарамі ў розныя краіны. Прычым Уладзь імкнуўся кіравацца не ў Еўропу, дзе ўсё прадказальна, а ў тыя краіны, дзе за дэмакратыю яшчэ даводзілася змагацца, — Украіну, Азербайджан, Сярэднюю Азію. Падчас адной з такіх вандровак ён знайшоў жонку.

З Нінай Дзярабінай з Казахстана яны працавалі разам у Харкаўскай вобласці Украіны ў 2004 годзе. Там і нарадзілася каханне. Сам Лабковіч казаў, што ягоная гісторыя кахання падобная да галівудскай: як толькі сустрэліся, зразумелі, што не могуць адно без аднаго. Першы раз Ніна проста прыехала ў госці да Уладзя ў Мінск, а другі раз перабралася канчаткова. Сам Уладзь жа не можа наведаць радзіму жонку, бо яшчэ ў 2005 годзе яго дэпартавалі з Казахстана з забаронай на ўезд.

Вядома, што спачатку Ніна не ведала беларускай мовы, але за час жыцця ў Беларусі добра вывучыла яе. У сям’і стасуюцца па-беларуску. У пары трое дзяцей: старэйшая дзяўчынка, а таксама два хлопчыкі-блізнюкі, усе яны школьнікі. Пасля таго, як бацькоў арыштавалі, яны ў бабулі і дзядулі.

Важна падкрэсліць, што Ніна не мела дачынення да праваабарончай дзейнасці. Яна з’яўляецца дырэктаркай аб’яднання інвестараў Angels Band. Таму яе знаходжанне за кратамі ўвогуле незразумелае.

Хобі Лабковіча — гэта гісторыя. Ён захапляецца Старажытным Рымам, можа з лёгкасцю пералічыць усіх імператараў. Таксама цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны.

Якія галоўныя рысы Лабковіча?

— Ён вельмі разумны, але апроч усяго яшчэ хутка думае. Уладзь грунтоўны, пралічвае ўсё нашмат крокаў наперад, а таксама схільны да сістэмнай працы. Ён даражыць уласнай рэпутацыяй, а таксама мае абвостранае пачуццё справядлівасці, але гэта ўласціва ўсім праваабаронцам, — гаворыць ягоны сябра.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.