Партыя БНФ » Сьледчы камітэт працягнуў на два месяцы праверку абставінаў сьмерці Вітольда Ашурка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сьледчы камітэт працягнуў на два месяцы праверку абставінаў сьмерці Вітольда Ашурка

Дададзена 09.08.2021 12:31:43 | 867 праглядаў

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці падоўжыла праверку па факце сьмерці ў калёніі № 17 у Шклове палітвязьня, сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, паведаміў БелаПАН яго брат Андрэй Ашурак.

Вітольд Ашурак«Праверка прадоўжана ў сувязі з тым, што працягнулі час экспэртызаў. Я спытаў, якія вэрсіі разглядаюцца, на што сьледчы сказаў, што няма экспэртызаў — няма вэрсій», — сказаў Андрэй Ашурак.

Паводле яго слоў, падчас размовы ён зьвярнуў увагу суразмоўцы на тое, што на відэазапісе, якую СК апублікаваў у дзень сьмерці брата, «стан Вітольда Міхайлавіча — бесьсьвядомы», «з гэтым сьледчы пагадзіўся». Андрэй Ашурак таксама выказаў здагадку, што з загінулым абыходзіліся неналежным чынам.

Да гэтага часу невядомы лёс дзёньніка Вітольда Ашурка, пра які палітвязень згадваў у лістах і які не аддалі сваякам з астатнімі асабістымі рэчамі. Па словах брата, сьледчы падаў запыт у турму № 1 у Горадні, дзе палітвязень знаходзіўся ў апошні час да этапаваньня ў калёнію. Адказ адтуль пакуль не прыйшоў – паведамляе Радыё Свабода.

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябра  Сойму Партыі БНФ, каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.