«Мае тэксты вельмі палітызаваныя». Як старшыня Моладзі БНФ пераехаў у Польшчу і пачаў пісаць рэп
Дададзена 27.12.2021 12:07:15 | 1,446 праглядаў
Дзяніс Мандзік ужо падлеткам цікавіўся беларускаю гісторыяй і палітыкаю. Прычым гэтак, што нават стаў кіраўніком моладзевага крыла БНФ. Потым Дзяніс спазнаў пераслед, пачаў пісаць музыку і пераехаў у Польшчу. Ён распавёў, што варта ведаць пра эміграцыю, і як быць карысным Беларусі нават за мяжою.
Усё пачыналася яшчэ ў Барысаве
Дзянісу Мандзіку 22 гады, але ўжо шмат што паспеў: запісаў рэп-альбом, ажаніўся, ачоліў моладзевую арганізацыю Партыі БНФ і нават уцёк з краіны.
«У годзе 2014–15 я даведаўся пра гісторыю Пагоні, бел-чырвона-белага сцяга, забойства палітыкаў. Пачаў слухаць беларускую музыку – ад «Ляпісаў» да «Голай манашкі». Зразумеў, што нешта не так», – апісвае свой шлях да палітыкі Дзяніс.
Але менавіта адлічэнне з універсітэту дапамагло хлопцу сфакусавацца на палітычнай кар’еры. У выніку ў 2018 годзе Дзяніс стаў кіраўніком Моладзі БНФ: «Тады мы ўжо рабілі шмат вулічных акцыяў. Мяне часта затрымлівалі, давалі штрафы або нават содні. Але да такога я быў гатовы».
Пакрысе палітыка перастала цікавіць хлопца. Дзяніс пачаў дапамагаць «Арт-сядзібе» ды актыўней ствараць музыку.
«Чаму толькі цяпер?»
Аднак падзеі 2020 года натхнілі Дзяніса вярнуцца ў палітыку. Разам з сябрамі ён шмат займаўся партызанскаю дзейнасцю. 15 ліпеня – на наступны дзень пасля нерэгістрацыі кандыдатаў – спрабавалі зарганізаваць акцыю ў Барысаве: склікалі знаёмых карміць галубоў. Усё скончылася затрыманнем.
«Мне было страшна не паспець на ўласны шлюб, таму сядзець на соднях зусім не хацелася. Міліцыянты пачалі шантажаваць: або мы падпісваем пратакол і нас выпускаюць, або застаемся на соднях. Давялося падпісаць», – тлумачыць Дзяніс.
Спробы змяніць сітуацыю прывялі Дзяніса ў Моладзь БНФ у родным Барысаве. Тады, яшчэ ў старэйшых класах, маладзёны намагаліся, хутчэй, дбаць пра наваколле і рабіць перформансы, а не вулічныя акцыі. Пасля – пераезд у Менск вучыцца, пачатак сапраўдных актыўнасцяў.
«Мы раздавалі стужкі з арнаментам, заахвочвалі людзей далучыцца да Моладзі БНФ. А потым я адмовіўся плаціць унёскі ў БРСМ, і мяне ў выніку адлічылі з першага курсу. Вось так і скончыўся мой студэнцкі час», – з горкай іроніяй гаворыць Дзяніс.
Пераезд
Пераезд у Польшчу не быў звязаны толькі з палітычнаю сітуацыяй. Дзяніс прызнаецца, што даўно хацеў папрацаваць там, да таго ж ягоны добры сябар даўно жыў у Познані: «З’язджаў я ў вельмі цяжкай сітуацыі. Мая сяброўка толькі вярнулася з турмы, і я літаральна адразу з’ехаў. З’язджаў са слязамі ў вачах, нібыта сам сабе здрадзіў. Тады шмат сяброў было за кратамі, але перамога падавалася вельмі блізкаю…»
Спачатку Дзяніс пераязджаў сам, і толькі праз паўгода да яго далучылася жонка Юлія: «Я думаў, што вярнуся ў Беларусь у сакавіку адсвяткаваць свае народзіны і Дзень Волі, але лёс вызначыў інакш. За два дні да меркаванага прылёту да маіх бацькоў прыйшлі з ператрусам – завялі крымінальную справу за хуліганства. Суддзю, які ўлетку даў нам штраф, сапсавалі аўтамабіль – падумалі на мяне, хоць я той час увогуле быў у Польшчы!»
Цяжкасці эміграцыі
Першыя месяцы пасля пераезду Дзяніс правёў у дэпрэсіі: «Апошні кліп і трэк выпусціў 8 жніўня, а пасля зрабіў паўзу на паўгода, літаральна да вясны 2021-га. Не мог нічога рабіць, толькі працаваў, каб былі грошы на жыццё. У галаве была думка: трэба з’ехаць, здацца і сядзець са знаёмымі ў турме, чым чытаць, як кагосьці забіраюць і забіваюць. У дадатак побач са мной амаль паўгода не было каханай жонкі. Але потым я зразумеў, што можна быць карысным нават з-за мяжы».
Першы час у Польшчы Дзяніс працаваў у роварнай дастаўцы ды жыў разам з сябрам у двухпакаёвай кватэры. Кажа, што ў Польшчы заробкі хоць і вышэйшыя, але выдаткі значна большыя:
«Мне ўдалося менш як за год стаць на ногі, цяпер мой даход большы за любыя грошы, што я зарабляў у Беларусі. Вось ужо і ў дастаўцы катацца не трэба: я пазнаёміўся з класнымі людзьмі, якія маюць розныя рэстараны ды бары ў Польшчы, цяпер працую разам з імі. Працы сваёй не саромеўся, наадварот, калі катаешся на ровары, ёсць час на разважанні і падумаць пра сваё жыццё. Такое звычайнае жыццё эмігранта. Шукаеш, дзе зарабіць, эканоміш паўсюль, радуешся маленькім прыгодам».
Топ-5 рэчаў, якія Дзянісу падабаюцца ў Польшчы:
- Грамадскі транспарт: усё камп’ютарызавана, добра прадумана;
- Касы самаабслугоўвання ў супермаркетах;
- Сістэма вышэйшай адукацыі;
- Зніжкі для студэнтаў;
- Больш адкрытыя і ветлівыя людзі.
Топ-4 рэчаў, якія Дзянісу не падабаюцца ў Польшчы:
- Польская ўлада канфліктуе з кіроўнымі інстытутамі Еўразвязу;
- Невысокая якасць ежы ў танных супермаркетах;
- Ёсць палякі, якія не любяць мігрантаў;
- Розніца ў мовах: па-польску «na pewno» значыць «дакладна», а ў беларускай «напэўна» – гэта «можа быць».
Што, паводле Дзяніса, варта памятаць пры пераездзе:
- На волі ты ў любым выпадку больш карысны, чымся за мяжою, толькі калі ты не Маша Калеснікава;
- Заўжды ёсць людзі, гатовыя дапамагчы. Трымайся аднадумцаў;
- Вучы мову заранёў: гэта не толькі спросціць жыццё, але і выража павагу да краіны;
- Паклапаціся пра дакументы і легалізацыю побыту ў краіне, куды ўцёк або пераехаў;
- Збірай грошы ды купляй шампанскае, каб усе мігранты і памежнікі ачмурэлі