Памёр Уладзімір Крукоўскі, адзін з аўтараў эталона герба “Пагоня”
Дададзена 04.04.2022 8:41:03 | 1,319 праглядаў У Мінску 3 красавіка на 86-м годзе жыцця памёр мастак Уладзімір Крукоўскі.
Разам з Яўгенам Куліком ён быў аўтарам эталона дзяржаўнага герба “Пагоня”, а таксама сцяга і малой эмблемы БНФ.
Уладзімір Крукоўскі быў вядомым мастаком-плакатыстам. Асноўная тэматыка яго плакатаў — гісторыя, культура, экалёгія, антываенныя і юбілейныя тэмы. Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.
Уладзімір Якаўлевіч Крукоўскі нарадзіўся 6 сакавіка 1937 года ў горадзе Асіповічы. Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду герба «Корвін». Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім педагагічным інстытуце (графічны факультэт).
З 1970 года жыў і працаваў у Мінску. Аўтар кніг і шматлікіх журналісцкіх публікацый пра беларускую гісторыю і геральдыку. У мінулым — мастацкі рэдактар часопісаў «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Спадчына».
Мастак быў сябрам БНФ з дня заснавання арганізацыі, а таксама Беларускага саюза мастакоў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Крукоўскі быў узнагароджаны медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”, а таксама медалём “100 гадоў БНР” Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
|